27 красавіка сямёра жанчын у Калінкавічах пачалі галадоўку. У кожнай з іх хтосьці з сям’і — сын, зяць, муж — быў асуджаны па «наркатычным» 328 артыкуле Крымінальнага кодэксу. Жанчыны спадзяваліся, што галадоўку заўважаць, і ім атрымаецца сустрэцца з Лукашэнкам, а ў ідэале яшчэ і дамагчыся перагляду спраў сваякоў.

Галадоўку заўважылі. А ўжо праз пару дзён у газеце «Гомельская праўда» выйшаў артыкул, прысвечаны галадаючым жанчынам і іх дзецям. Аўтары падрабязна расказваюць, за што пасадзілі сваякоў актывістак.

«Думаецца, Святлане Дзмітрыеўне варта сказаць дзякуй за не максімальны тэрмін зняволення для яе любімага сына-наркагандляра», — раяць аўтары Святлане Багданавай, чый сын атрымаў 13 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

«Мы былі ў шоку, калі прачыталі артыкул у газеце. Там няма аніводнага слова праўды!» — кажа Святлана.

Тое ж самае паўтараюць і іншыя жанчыны, якіх узгадалі ў артыкуле.

«Мы званілі рэдактару газеты, а ён рэзка адказаў, што калі штосьці не падабаецца, мы можам ісці ў суд», — кажа Таццяна Канеўская.

Усе жанчыны запэўніваюць, што гісторыі, апісаныя «Гомельскай праўдай», — хлусня.

«Там пішуць, што мой сын хацеў пакурыць травы, але распаўсюднік не прадаваў маленькімі дозамі. Тады нібыта сын узяў «у долю» калегу. А насамрэч той калега быў падстаўной асобай, і сам прапанаваў сыну купіць наркотык. Казаў, што дасць грошы, сыну трэба толькі схадзіць да гандляра. Той і пагадзіўся на сваю галаву», — запэўнівае Таццяна Канеўская.

Ліяна Шуба і Таццяна Канеўская

Ліяна Шуба і Таццяна Канеўская

Іншая галадаючая, Алена Казакова, таксама пераконвае, што яе мужа і зяця падставілі. Абодва мужчыны асуджаныя за распаўсюд, муж на 8 гадоў, зяць — на 9 гадоў. «Гомельская праўда» расказвае, што абодва мужчыны мелі залежнасць ад наркотыкаў. Зяць прадаваў мужу Казаковай макавую саломку, той варыў опій.

«Наркакантроль даў свайму агенту грошы, той сам усё купіў і прынёс майму мужу. Той не змог адмовіцца, бо сапраўды меў залежнасць ад наркотыкаў. Так, зварыў. Але ж яго справакавалі, зразумейце», — кажа Казакова.

Што тычыцца зяця, у якога пры затрыманні знайшлі 6 кілаграмаў макавай саломкі, то Казакова запэўнівае — яе мужчына трымаў не на продаж, для сябе.

«Ён таксама нарказалежны, так. А асудзілі як распаўсюдніка», — кажа Казакова.

«Жанчына, напэўна, забылася, як пахне ў месцы, дзе вараць опій: сужыцель Казаковай ужо год як асуджаны. Затое ў доме яе дачкі, напэўна, смачна пахла грашыма», — выказваюцца гомельскія журналісты пра яе.

«Усё ў «Гомельскай праўдзе» — няпраўда. Інакш мы б сядзелі ціха, пасыпаючы галаву попелам, а не дамагаліся справядлівасці», — абураецца Ліяна Шуба. Яе сын атрымаў 10 гадоў калоніі. Па афіцыйнай версіі, за збыт небяспечнага наркотыка альфа-PVP знаёмай.

«Сына выстаўляюць безумоўна вінаватым. А гісторыя з ім — вельмі складаная і зусім не зразумелая. Так, ён меў праблемы з наркотыкамі. Але ў апошні час ён змагаўся з залежнасцю. І не тое, што ён сам прапанаваў камусьці прадаць той наркотык… Дзяўчына сама прыйшла да яго з грашыма. І яна працавала на міліцыю, гэта пацвердзілася і на судзе, - кажа Ліяна. — Яна некалькі разоў перадавала сыну грошы, а пасля прыходзіла да мяне на працу і патрабавала іх назад. Яе муж да мяне прыходзіў за грашыма. Значыцца, сын нічога ёй так і не набываў. Вядома, што адзін раз сын узяў у яе грошы і знік на тыдзень — сам ужыў усю дозу і трапіў у рэанімацыю. Пасля тая дзяўчына яшчэ раз перадавала сыну грошы, і праз тыдзень ізноў прыходзіла да мяне на працу. Мяне не было, але калегі казалі, што дзяўчына крычала: «Гэта ментаўскія грошы, я спалю краму, калі не вернеце!»

Пасля сына запрасілі ў міліцыю — пагаварыць наконт парнаграфічнага роліка Укантакце на яго старонцы, кажа Ліяна. Больш яна сына не бачыла.

«Усё падалі так, што сын прадаў той дзяўчыне наркотык. Але ў пад’езд яна заходзіла адна. Ці сустракалася там з кім — невядома. У момант, калі нібыта адбывалася сустрэча, я і іншыя сведкі бачылі сына ў іншым месцы. Перад заходам «да сына» дзяўчыну не абшуквалі. Запісваючай апаратуры яна не мела. Нават пасля з таго пакунка наркотыкаў адбіткі пальцаў не здымалі, — расказвае Ліяна. — І мой сын атрымаў вялікі тэрмін пасля справы, у якой адзіным аргументам былі словы той дзяўчыны, і ўсё».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?