Беларускія ўлады пайшлі на паклон да Міжнароднага валютнага фонду дзеля ўратаваньня эканамічнай стабільнасьці. Адначасова яны бяруць чарговы гіганцкі крэдыт у Маскве. У выніку гэтага запазычанасьць краіны паб’е рэкорды.

Расейскі ўрад прыняў прынцыповае рашэньне выдаць Беларусі $2 мільярды стабілізацыйнага крэдыту. Пра гэта паведаміў міністар фінансаў Расеі Аляксей Кудрын.

Ён ўдакладніў, што адзін мільярд перакажуць цяпер, а яшчэ адзін — цягам наступнага году, перадае агенцтва «Прайм-ТАСС».

Больш за тое, на наступны дзень пасьля весткі з Масквы стала вядома, што Нацыянальны банк Беларусі зьвярнуўся да Міжнароднага валютнага фонду з просьбай выдзеліць рэзэрвавы крэдыт у памеры 2 млрд даляраў ЗША. Гэта можа быць сьведчаньнем нарастаньня праблемаў у фінансавай сфэры краіны.

Беларусь абыходзілася без крэдытаў МВФ ад сярэдзіны 90-х, нават у скрутныя часы расійскага дэфолту. Варта зазначыць, што ў пачатку 2004 году Беларусь заяўляла аб сваёй адмове праводзіць далейшыя перамовы з МВФ аб выдзяленьні рэзэрвавых крэдытаў. Нездарма некаторыя расійскія эканамісты прагназавалі, што цяперашні эканамічны крызіс акажацца глыбейшым за абвал 1998 году.

«Крэдыт неабходны для папаўненьня золатавалютных рэзэрваў краіны», — растлумачыў для агенцтва БелаПАН начальнік упраўленьня інфармацыі Нацбанку Анатоль Драздоў. Паводле яго слоў, «рэакцыі МФВ пакуль няма, таму што адозва была даслана на гэтым тыдні».

Як паведамлялася раней, рэзэрвавыя актывы Беларусі у нацыянальным вызначэньні скараціліся за верасень на 11,8% (на 658,9 млн даляраў) і склалі на пачатак кастрычніка 4 млрд 944,2 млн долараў. Пры падліку паводле мэтодыкі МВФ актывы за верасень скараціліся трохі менш, на 10% (460 млн.) і склалі 4 млрд. 119,9 млн. даляраў.

Кастрычніцкія зьвесткі стануць вядомыя ў сярэдзіне лістапада — ня факт, дарэчы, што іх паведамяць праўдзіва. Бо пытаньнямі крызісу заняліся сілавыя структуры, якія перадусім маюць на мэце не дапусьціць панікі на рынку банкаўскіх паслуг.

2-мільярдны крэдыт Расеі — гэта рэкорднае пазычаньне Беларусі. У канцы 2007 году Беларусь атрымала ад Масквы 15-гадовы крэдыт на 1,5 мільярда даляраў пад стаўку LIBOR + 0,75% з пяцігадовай адтэрміноўкай сплаты асноўнага доўгу. Сёлетні крэдыт пераўзышоў той папярэдні. Умовы яго пакуль не паведамляюцца.

Новае пазычаньне давядзе замежны доўг нашай краіны да рэкорднага ўзроўню: мінімум 17 млрд даляраў на канец гэтага году, або 1700 даляраў на кожнага грамадзяніна краіны, з малымі ўлучна, калі ня больш. А гэта рост амаль утрая за два гады! Па стане на 1 студзеня 2007 году сукупная замежная запазычанасьць (ураду, банкаў і прадпрыемстваў) складала 6,8 млрд, на 1 студзеня 2008 году — ужо 12,5 млрд даляраў, а на 1 ліпеня 2008 году —14,1 млрд.

Тым часам фінансавы крызіс у сьвеце перарастае ў прамысловы. Гэтак, спыніў працу Ўладзімірскі трактарны завод. Праз зьніжэньне попыту на мэтал згасьлі печы ўкраінскіх мэталургічных заводаў і Магніткі. Сярод апошніх трывожных навінаў — нямецкі партнёр «Беларусбанку» аказаўся на мяжы банкруцтва. Як паведамляе нямецкае выданьне Sueddeutsche Zeitung, Bayerische Landesbank (BayernLB), які з 2006 году шчыльна крэдытуе беларускія банкі, быў вымушаны сьпісаць 4 млрд эўра ўкладаньняў.

Цяперашні ўзровень запазычанасці яшчэ не фатальны для гаспадаркі Беларусі, але доля кароткатэрміновых пазыкаў можа выклікаць пэўны клопат. Затое 2- ці 4-мільярдная пазыка стане надзейнай падушкай на час сусветнага фінансавага крызісу. А што будзе празь пяць гадоў, пасля нас? Можа і патоп.

* * *

Браня крапка, і танкі нашы быстры

Лорд Бэл ці ня лорд Бэл, але вось афіцыйная справаздача пра чарговую сустрэчу Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніком Нацбанку Пятром Пракаповічам: «У Беларусі будзе гарантавана поўнае вяртаньне ўсіх укладаў у банках. Такая магчымасьць будзе прадугледжана ў Дэкрэце Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, праект якога даручана ў сьціслыя тэрміны падрыхтаваць Нацыянальнаму банку. Пётр Пракаповіч адзначыў, што падрыхтоўка гэтага дакумэнту выклікана таксама і тым фактарам, што

апошнім часам у сувязі з падзеямі ў суседніх краінах да нас стала зьвяртацца вельмі шмат замежных грамадзян з просьбай разьмясьціць свае ўклады ў банкаўскай сыстэме Рэспублікі Беларусь».
А.Лукашэнка таксама даручыў тэрмінова ўнесьці на разгляд дакумэнты, якія дадуць магчымасьць Беларусі ўвайсьці ў лік 30 краін-лідэрак у сьвеце па стварэньні спрыяльных умоваў крэдытаваньня.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?