Падчас аперацыі.

Падчас аперацыі.

Беларускія дзіцячыя кардыяхірургі ўпершыню ў краіне здзейснілі аперацыю па замене клапана лёгачнай артэрыі празскурным доступам праз прасвет сасуда, перадае БелТА.

Першым пацыентам, якому правялі такое ўмяшанне, стаў 12-гадовы хлопчык са складаным прыроджаным парокам сэрца. Ён перанёс ужо чатыры аперацыі на адкрытым сэрцы. Чарговая аперацыя, зробленая па новай тэхналогіі, прайшла гладка, без ускладненняў.

Пацыент праз паўтары гадзіны пасля аперацыі.

Пацыент праз паўтары гадзіны пасля аперацыі.

Загадчык рэнтгенаперацыйнай РНПЦ дзіцячай хірургіі Павел Чарнаглаз растлумачыў, што такія аперацыі, як правіла, робяць пацыентам, якія перанеслі раней шматлікія этапныя ўмяшанні і ў якіх імплантаваны кандуіт (пратэз сасуда з клапанам). З часам такія пратэзы практычна ва ўсіх пацыентаў перастаюць выконваць сваю функцыю. Да таго ж дзіця вырастае, а пратэз застаецца таго ж памеру. Адзіным рашэннем з'яўляецца паўторная адкрытая аперацыя на сэрца з імплантацыяй новага кандуіта. Гэта суправаджаецца разрэзам грудной клеткі, спыненнем сэрца пацыента і яго падключэннем да апарата штучнага кровазвароту. Аперацыя складаная тэхнічна, дастаткова траўматычная і спалучаная з высокай рызыкай для пацыента.

Павел Чарнаглаз.

Павел Чарнаглаз.

Новая тэхналогія дазваляе пазбегнуць паўторнага хірургічнага ўмяшання. Празскурным доступам (праз вену) клапан уводзіцца ва ўжо імплантаваны кандуіт, пашыраецца спецыяльным балонам і застаецца ў пазіцыі. Гэта дазваляе адтэрмінаваць на многія гады наступнае хірургічнае ўмяшанне.

Перш, чым асвоіць новую аперацыю, беларускія кардыяхірургі прайшлі стажыроўку ў італьянскіх калег. Першая ў Беларусі такая аперацыя была зроблена пад кіраўніцтвам сусветна вядомага медыка, прафесара Марыё Кармінаці, які ў клініцы ў Мілане ўзначальвае аддзел прыроджаных парокаў сэрца.

Па словах загадчыка кардыяхірургічнага аддзялення №2 Юрыя Лінніка, у выпадку развіцця стэнозу пратэза пацыенты могуць адчуваць зніжэнне ўстойлівасці да фізічнай нагрузкі, нарастае дыхавіца, сэрцу цяжка працаваць.

У некаторых выпадках эндаваскулярная хірургія з'яўляецца больш эфектыўнай, чым адкрытыя аперацыі. Яна дазваляе малаінвазіўным доступам папярэдзіць развіццё цяжкай паталогіі ў больш раннія тэрміны. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0