05.05.2018 / 13:19

Забудоўшчык прапанаваў 640 сем'ям даплаціць па 120 даляраў за «квадрат» ужо аплачаных кватэр 1

Кіраўніцтва прыватнага забудоўшчыка «Тамбаз» на сустрэчы ў адміністрацыі Савецкага раёна Мінска прапанавала трымальнікам аблігацый даплаціць за дабудову ЖК «Аркадзія» 100-120 даляраў за квадратны метр, піша tut.by.

Прысутным грамадзянам такі варыянт не спадабаўся. Але альтэрнатываў у іх няшмат - абяцаны Мінгарвыканкамам праект загада аб змене замоўцы яшчэ не гатовы. Таксама не вядома, колькі трымальнікам аблігацый давядзецца даплаціць дзяржзабудоўшчыку.

Генеральны дырэктар «Тамбаз» Аляксандр Аўсяннікаў прапанаваў падпісаць дадатковае пагадненне, у якім прадугледжаны перанос тэрмінаў уводу ў эксплуатацыю жылых дамоў і ўнясенне дадатковай аплаты для сканчэння будаўніцтва. Была агучана і сума даплаты - 100-120 даляраў за за квадратны метр.

Сярод трымальнікаў жыллёвых аблігацый будзе папярэдне праведзенае пісьмовае апытанне, і калі большасць пагодзіцца на новыя ўмовы, то да будаўніцтва забудоўшчык, па яго словах, гатовы прыступіць ужо ў наступным месяцы. Генеральны дырэктар «Тамбаз» заявіў: калі трымальнікі аблігацый адмовяцца падпісваць дадатковыя пагадненні, ён мае намер скасоўваць дамовы на атрыманне кватэры з выплатай кампенсацыі з індэксацыяй.

Фота: Яўген Ярчак.

Зрэшты, каб такі варыянт прайшоў, «Тамбаз» трэба будзе заручыцца падтрымкай большасці трымальнікаў аблігацый. Аднак настроі ў людзей іншыя і да любых прапановаў яны ставяцца з недаверам.

Многія спадзяюцца на дзяржзабудоўшчыка. Пра змену забудоўшчыка 30 сакавіка 2018 года заявіў старшыня камітэта будаўніцтва і інвестыцый Мінгарвыканкама Дзмітрый Гурыненка. Тады ж быў анансаваны нарматыўна-прававы акт аб перадачы ЖК «Аркадзія» дзяржзабудоўшчыку.

У красавіку трымальнікі жыллёвых аблігацый СТАА «Тамбаз» выклалі відэазварот да прэзідэнта - людзі абураліся, што ім прапануюць даплаціць за дабудоўванне ўжо аплачаных кватэр.

Сталічная фінансавая міліцыя распачала крымінальную справу ў дачыненні да былога гендырэктара. Па версіі праваахоўнікаў «былы гендырэктар СТАА «Тамбаз» Леў Хаюцін выкарыстоўваў не па прызначэнні грашовыя сродкі, прыцягнутыя з дапамогай выпуску і рэалізацыі жыллёвых аблігацый для фінансавання будаўніцтва двух жылых дамоў. Гэтыя грошы былі выдаткаваныя на выкананне абавязальніцтваў таварыства па будаўніцтве іншага жылога дома, а таксама на аплату будаўнічых матэрыялаў і будаўніча-мантажных работ на іншых аб'ектах, якімі займалася СТАА «Тамбаз».

Iншыя аб'екты - гэта стылабат, на якім стаяць дамы. У ім - камерцыйныя памяшканні і гандлёвы цэнтр. Іх фінансавалі, як падмурак, з «агульнага катла» ў надзеі знайсці пакупніка і вярнуць грошы ў будаўніцтва. Але пакупніка не знайшлося. У выніку фірма не выканала абавязальніцтвы па будаўніцтве прафінансаваных аб'ектаў.

Увесь ЖК стаіць на стылабаце. Малюнак: Тамбаз.

0
Дмитрий / Адказаць
08.06.2018 / 12:21
Старая добрая схема. Работает на все сто и закон не указ. 
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру