Раніцай 6 мая ў рэстаране «Лідо» на вуліцы Кульман у Мінску абрынуўся пад'ёмнік, прызначаны для інвалідаў. Траўмы атрымала 85-гадовая пенсіянерка, праз суткі яна памерла, паведамляе TUT.BY.

Мінчанка Інэса Казіміраўна адправілася ў рэстаран нядзельнай раніцай. Жанчыне было 85 гадоў, і перасоўвалася яна толькі з кіем. Каб спусціцца ўніз з другога паверха, абрала пад'ёмнік, прызначаны для інвалідаў.

«Мяркуюць, што нешта абарвалася. Нам сказалі, мяркуючы па запісах з камер, гэта адбылося праз секунду пасля таго, як яна зайшла — падняўся пыл, як пасля абвалу. Бабулю шпіталізавалі, правялі аперацыю. Але чалавек пажылы… Яна не перажыла гэтую ноч», — распавёў яе ўнук Максім.

Вядома, што ў выніку падзення жанчына атрымала шмат траўмаў, у тым ліку некалькі пераломаў абедзвюх ног.

Інфармацыю пра інцыдэнт TUT.BY пацвердзілі ў Следчым камітэце:

«Па папярэдніх дадзеных, адбыўся абрыў кабіны ліфтавай платформы для асоб з абмежаванымі магчымасцямі. Унутры знаходзілася састарэлая жанчына, ёй былі нанесены цялесныя пашкоджанні. Пацярпелую шпіталізавалі, пазней яна памерла», — распавяла афіцыйны прадстаўнік СК Юлія Ганчарова.

Дакладную прычыну смерці вызначаць спецыялісты, прызначана судова-медыцынская экспертыза.

Як удакладнілі ў Дзяржпрамнаглядзе, гаворка ідзе пра пад'ёмную платформу закрытага тыпу. Яна прызначана для перамяшчэння інвалідаў, грузападымальнасць — 225 кг. Была выраблена ў 2012 годзе, а ўсталявана ў бістро ў 2013-м.

«Як мяркуецца, прычына падзення пад'ёмніка — абрыў цягавых канатаў», — адзначылі спецыялісты ведамства.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0