Канадскі спецыяліст Дэйв Льюіс пакідае пасаду галоўнага трэнера зборнай Беларусі па хакеі. Пра гэта паведамляе сайт ФХБ. Да канца чэмпіянату свету абавязкі галоўнага трэнера ўскладзены на Сяргея Пушкова.

«Пасля няўдалага старту на чэмпіянаце свету, а таксама з улікам сітуацыі, у якой апынулася зборная Беларусі па хакеі з шайбай, Федэрацыя хакея Беларусі і галоўны трэнер зборнай Дэйв Льюіс прынялі сумеснае рашэнне аб тым, што ўзначаліць зборную Беларусі павінен іншы спецыяліст. Дэйв Льюіс лічыць, што змены ў трэнерскай штабе могуць надаць камандзе неабходны імпульс для паляпшэння гульні, таму пакідае размяшчэнне зборнай», - адзначаецца ў паведамленні Федэрацыі хакея.

ФХБ дзякуе Дэйву Льюісу за сумесную працу.

Беларуская зборная першыя тры матчы на ЧС прайграла: Швецыі (0:5), Францыі (2:6), а 7 мая Расіі (0:6). Наперадзе гульні са Швейцарыяй, Чэхіяй, Аўстрыяй і Славакія, каб застацца ў эліце трэба заняць не апошняе месца.

Льюіс быў прызначаны галоўным трэнерам зборнай Беларусі ў канцы 2014 года.

На ЧС-2015 у Чэхіі беларускія хакеісты занялі 7-е месца, упершыню адолеўшы зборную ЗША (5:2). Той чэмпіянат быў найлепшым у гісторыі, але ў 2016-м і 2017-м каманда выступіла няўдала, займаючы 12-е і 13-е месцы адпаведна. Больш за тое, кожны раз зборная была на грані вылету. У верасні 2016 года нацыянальная каманда не змагла кваліфікавацца на Алімпіяду, прайграўшы Славеніі ў Мінску.

Пасля паразы ад Францыі (2:6) Дэйв Льюіс не выключыў, што зборная Беларусі можа вылецець з топ-дывізіёна.

Сяргей Пушкоў з'яўляецца галоўным трэнерам гродзенскага «Нёмана». З гарадзенскай камандай расійскі спецыяліст два гады запар становіцца чэмпіёнам Беларусі.

У 2017 годзе Пушкоў быў прызнаны найлепшым трэнерам Беларусі. На гэтым чэмпіянаце свету ён быў асістэнтам Дэйва Льюіса, піша sport.tut.by

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0