Матэрыял створаны ў рамках праекта «Грамадзянская журналiстыка».

Што такое рачны тэатр, з якімі цяжкасцямі сутыкаецца акцёр, які рыхтуецца да прэм'еры ў лесе, і за што ўдзячныя гледачы хацелі выклікаць на трупу міліцыю — пра гэта ў нашым інтэрв'ю з акцёрам Беларускага Свабоднага тэатра, ініцыятарам стварэння тэатра на рацэ Андрэем Уразавым.

Вася Сенькін і Андрэй Уразаў

Вася Сенькін і Андрэй Уразаў

— Як і калі табе прыйшла ў галаву ідэя з рачным тэатрам? Не самая звыклая галіна тэатральнага мастацтва…

— Узяла і прыйшла (усміхаецца). Я ўсё жыццё займаюся сплавам па рэках і тэатрам. Вельмі хацелася ўсё гэта сумясціць — можна лічыць, што выбару ў мяне не заставалася. Гэта вельмі класны праект, на мой погляд.

Перш за ўсё, гэта важна для людзей, якія жывуць там, дзе мы праводзілі наш рачны эксперымент, — вёска Вуглы, за 50 кіламетраў ад Бабруйска. Там у іх якія забавы? Аўталаўка і мабільнікі, ды і тыя ў дзяцей у асноўным. Жыхары прыходзілі нават нашы рэпетыцыі глядзець — мы рэпетуем, прыгожы закат, а яны вуды закінулі і рыбу ловяць. Добра!

— Колькі часу заняла падрыхтоўка да спектакля?

— Тры тыдні, з 17 ліпеня да 6 жніўня. Часу было замала, я шкадаваў, што атрымаецца зусім няшмат рэпетыцый, перажываў за вынік. Трохі паўплывала на канчатковы вынік тое, што ў нас не было дастатковага часу. Скажам, яшчэ тыдзень на рэпетыцыі хацелася б.

— Што было самым складаным падчас падрыхтоўкі да спектакля?

— Праца з непрафесійнымі акцёрамі, з хлопцамі, якія займаліся гэтым «за ідэю». Ім давялося сутыкнуцца з цалкам новым светам, не заўсёды акцёрская праца была простай для іх, таму што многае было ў навіну.

— Як збіралася каманда людзей, якія рэалізавалі гэтую ідэю?

— Спачатку я выказаў ідэю свайму найлепшаму сябру — яму спадабалася, ён сказаў: «Я з табой». Потым стала фарміравацца каманда, але многія, хто пагадзіўся першапачаткова, у выніку адмовіліся. Адна справа — дамаўляцца вясной, а прыходзіць лета: «Ой, я ў Егіпет паляцеў, прабач». Але мы з сябрам былі настолькі зараджаныя гэтай ідэяй, што гатовыя былі зрабіць усё нават удваіх. Потым да нас далучыўся рэжысёр Юра Дзівакоў, і ў гэты момант я зразумеў: «Выдатна, ужо ёсць два акцёры і рэжысёр. Што яшчэ трэба?» Потым стаў прапаноўваць усім у нашым тэатры, акцёрам, студэнтам.

Так да нас далучыліся Света Яфімава і Насця Белка. А Юра Дзівакоў прывёў дзяўчыну-бутафора, якая працавала з ім у Купалаўскім тэатры на спектаклі «Войцек». Калі з'явіўся бутафор, я зразумеў, што мы зможам дадаць у спектакль яшчэ і лялек.

Яшчэ я вельмі ўдзячны Колю Купрычу за тое, што ён змог паехаць з намі і зняць фільм пра наш гадавы паказ «Цара». Цяпер вынік нашай працы можа ўбачыць любы чалавек.

— А дзе вы жылі падчас падрыхтоўкі да спектакля?

— У намётах, у лесе. Можа быць, таму многія адмовілася — вельмі няпроста пражыць тры тыдні на плыце.

— Чаму для пастаноўкі вы выбралі менавіта п'есу «Цар Максіміліян»?

— Хацелася паставіць нешта простае, смешнае і зразумелае для ўсіх, але пры гэтым — колкае, сатырычнае, і абавязкова звязаць з беларускім кантэкстам. У выніку трэба было неяк актуалізаваць гэтую п'есу для нашага гледача, і мы трансфармавалі ўсё: сына, цара, увялі моўны аспект — цар у нас гаворыць на рускай, сын па-беларуску; затым цар пераходзіць на «трасянку», а потым пачынае думаць па-беларуску.

Гэта такая своеасаблівая размова з народам, як рабілі калісьці скамарохі. Гэтую п'есу па матывах народнай драмы ў 1919 годзе напісаў Аляксей Рэмізаў, вельмі цікавы расійскі пісьменнік, драматург і мастак. Для афішы спектакля мы, дарэчы, выкарыстоўвалі адзін з яго малюнкаў. Забілі кол, павесілі на яго афішу. На ёй — гэты малюнак і напісана: «Рачны тэатр — 1,7 кіламетра». І стрэлка, якая паказвае кірунак.

— Як рэагавала публіка на ўсё, што адбывалася на імправізаванай сцэне?

— У найлепшых традыцыях старажытнага мастацтва вулічнага тэатра: пляскалі, крычалі, часам нават пасярод сцэны. Дзеці на мабільныя здымалі. Выдатна рэагавалі ў цэлым. Відаць было, што людзям прыемны ўжо сам факт, што да іх спецыяльна артысты прыехалі. Гледачы шмат жартавалі. Здараліся жарты накшталт: «О, зара мянтоў выклічам на вас». Цікавая манера жартаваць, вядома, даволі спецыфічная, але было відаць, наколькі насамрэч людзі цёпла, па-сяброўску настроеныя.

— Ці плануеце вы з сябрамі займацца рачным тэатрам далей?

— Так, плануем, але вельмі шмат што залежыць ад часу і фінансаў — ці атрымаецца ў нас паставіць нешта новае, ці зноў будзем паказваць «Цара Максіміліяна». Гэта пакуль незразумела, але вельмі хочацца працягваць.

Яшчэ мы займаемся Батлейкай і хочам узяць яе з сабой. Зараз мы на стадыі чарцяжоў, эскізаў лялек і ідэі спектакля. Юра Дзівакоў — лялечнік, таму хочацца займацца і гэтым таксама. Чаму б і не. Праўда, трэба яшчэ вельмі шмат працы.

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?