09.05.2018 / 14:13

Як праходзіў «Несмяротны полк» у Мінску. РЭПАРТАЖ з калоны 122

«Наша Ніва» зноў паскудствы будзе пісаць?» — з такім пытаннем падыходзіць да мяне невысокага росту чарнявы мужчына.

«Безумоўна», — чакаючы падвоху, адказваю я.

Мужчына не прадстаўляецца, не хоча, каб яго імя дзесьці фігуравала, але паразмаўляць яму хочацца. Напрыклад, пра тое, што «НН» несправядліва асвятляла суд на публіцыстамі «Рэгнума». Дарэчы, адзін з фігурантаў справы — Сяргей Шыптэнка — ідзе ў калоне, у чорнай майцы, на якой напісана «Рэгнум».

Спадар гаворыць, што мы глядзім на свет аднабока. У яго няма на грудзях георгіеўскай стужкі, такіх тут зусім нямнога. Астатнія і са стужкамі, і з раздрукаванымі партрэтамі.

Людзей выйшла нямала. Тысячы паўтары. На сённяшні дзень гэта самая масавая акцыя прарасійскіх сіл у Беларусі. Калону шыхтуе кіраўнік «Русі маладой» Сяргей Лушч.

Цікавыя трансфармацыі адбываюцца з людзьмі: яшчэ зусім нядаўна гэты чалавек быў актыўным сябрам неанацысцкіх групіровак, а цяпер першы арганізатар Дня Перамогі.

У калоне ў майцы «Данецкай народнай рэспублікі» ідзе такі Дзмітрый Лемяшонак, вядомы «зігамёт». Здаецца, у сацыяльных сетках яшчэ засталіся ягоныя фоткі з партрэтам Гітлера. Лемяшонак — сын праваслаўнага святара з прыходу ў Навінках. Актыўны фанат мінскага «Дынама», адзін з ідэолагаў руху. Сам не хавае, што меў неанацысцкія погляды. Цяпер яны ліюць слёзы па «вялікай пабедзе». 

Дзмітрый Лемяшонак. Фота з фэйсбука Уладзя Грыдзіна.

«Якія мілыя дзеткі», — кажа жанчына, гледзячы на пастралят 6-8 гадоў у пілотках і вайсковай форме. «Аааа, дык гэта ж дзеці айца Андрэя», — раптоўна пазнае яна і ідзе размаўляць з матушкай. У мяне не зусім умяшчаецца ў галаве, як сапраўды праваслаўныя людзі могуць ісці ў калоне, дзе нясуць партрэты Сталіна і Леніна.

У нябожчыка Леаніда Маракова ёсць выдатная праца: «Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- і царкоўнаслужыцелі Беларусі 1917—1967». Няўжо так усё хутка забываецца?

Разам з Лушчом калону ўзначальвае экс-дэпутат Палаты прадстаўнікоў Валерый Драко, які нясе партрэт Сталіна. «У мяне да Сталіна стаўленне адназначнае, чытайце архівы». — «Можа, і рэпрэсій яшчэ не было?» — «Вы яшчэ спытайце, дзе пісталет ляжыць, якім расстрэльвалі людзей. А што, сёння няма рэпрэсій у свеце?» — «Ёсць, але мы не выходзім з партрэтамі людзей, якія іх праводзяць». — «Сталін зрабіў такую магутную краіну, якую і сёння не разрабуюць. Толькі гэтым усе рэпрэсіі здымаюцца». На грудзях у яго ордэн з выявай Сталіна.

Гледзячы на Драко, а яшчэ згадваючы нядаўні выпадак у магазіне «Еўраопт» з экс-ідэолагам Замяталіным, дзіву даешся, на якіх людзей рабілася стаўка ў першае дзесяцігоддзе кіравання Лукашэнкі. І яшчэ большае здзіўленне выклікае той факт, што Беларусь усё яшчэ застаецца суверэннай краінай. Нейкі цуд, што мы ўсё ж ацалелі.

У калоне ідуць публіцысты Аляксей Дзерман і Аляксандр Шпакоўскі. Яны хаваюць твары ад аб’ектываў фотакарэспандэнтаў. Але свой выбар яны зрабілі.

«Смерць бандэраўцам», — бачучы мяне, гукае Дзяніс Салаш, у мінулым каталіцкі актывіст. Мы хвілін пятнаццаць размаўляем па-беларуску. Салаш кажа, што калісьці хадзіў пад бел-чырвона-белымі сцягамі, але змог вырвацца з «секты». Напрыканцы ён шчыра прызнаецца, што проста баіцца новай вайны. І гэта прымусіла яго змяніць свае погляды.

Наперадзе калоны лунае аграмадны сцяг колераў георгіеўскай стужкі з арнаментам з дзяржаўнага сцяга, які нясе расійскамоўны паэт Кірыл Забаўскі. Кажа, што сам пашыў сцяг. «Хутка мо часта давядзецца бачыць гэты сцяг», — кажа ён напрыканцы размовы.

Старшыня Мінскай гарадской арганізацыі Патрыятычнай партыі Беларусі (той самай, якую ўзначавальвае атаман Улаховіч) Уладзімір Навасельскі прыйшоў з медалём «100 гадоў Чырвонай Арміі». «А вы служылі ў Чырвонай Арміі», — пытаюся я? «Канечне». «А ў якіх гадах?» «1966—1968», — адказвае Навасельскі. «Дык не было ўжо тады Чырвонай арміі, была Савецкая». «Яна ўсё адно Чырвоная», — вось і паспрачайся.

Уладзімір прадстаўляе Беларускі славянскі камітэт. Я думаў, што арганізацыі ўжо няма, пасля таго, як з актыўнасцю скончыў Сяргей Касцян. Не, нават маладыя людзі маюцца. Уладзімір прыйшоў у майцы «Ветлівыя людзі». «Мне падабаецца, што людзі зрабілі ў Крыме. Наш прэзідэнт зрабіць такое не дазволіць. Расія наш саюзнік, мы павінны падтрымліваць яе дзеянні». Хлопец засмучаны, што беларускія улады не падтрымалі Расію ў крымскім пытанні.

Увогуле, лаяльнасцю да ўлады на гэтым шэсці асабліва не пахне. «А чаго вы хацелі? Калі ў краіне забараняюць георгіеўскія стужкі, нават «Несмяротны полк» спачатку не хацелі дазволіць правесці», — кажа мне адзін суразмоўца.

«Улады манапалізавалі Дзень Перамогі, я таму і прыйшоў сюды, бо гэта не ўладамі арганізавана», — кажа мужчына, які падыходзіў у самым пачатку шэсця.

Больш за гадзіну ўдзельнікаў не прапускалі праз металашукальнікі на плошчу Перамогі. «Трэба з гонарам прайсці праз выпрабаванні», — кажа людзям нехта з арганізатараў. Двое сталых мужчын страцілі прытомнасць на спёцы, іх адкачвала хуткая. «Пойдзем у двары хавацца», — прапанаваў нехта. «Ага, а нас там у аўтазакі прымуць», — нібыта чуеш размову з апазіцыйнага мітынгу.

На месцы арганізатараў, я быў бы задаволены «Несмяротным палком». У іх атрымалася прадэманстраваць, што ў Беларусі ёсць і больш прарасійскія за Лукашэнку сілы. Няхай вялікая частка ўдзельнікаў былі пенсіянерамі, а іншыя і не задумваліся над палітычным кантэкстам акцыі. У любым выпадку, да гэтых людзей трэба прыглядацца, не супакойваючы сябе думкай, што гэта купка маргіналаў, якая ні на што не здольная.

Зміцер Панкавец

21
Кот Мартын / Адказаць
09.05.2018 / 14:22
диванные войска вышли.. мусор выбросить..
12
хамса / Адказаць
09.05.2018 / 14:23
>Толькі гэтым усе рэпрэсіі здымаюцца
мэта апраўдвае сродкі - лозунг фашыстаў
22
вольфхунд / Адказаць
09.05.2018 / 14:28
кучка декадентофф...
Паказаць усе каментары/ 122 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру