22.10.2008 / 16:28

Былыя палітвязьні пра прэзыдэнцкія выбары 4

«Наша Ніва» прапанавала адказаць ім на наступныя пытаньні: 1. Ці мусіць апазыцыя ўдзельнічаць у выбарах? 2. Якая павінна быць схема вызначэньня кандыдата (‑аў) ад апазыцыі? 3. Хто на сёньняшні момант падаецца найбольш рэальных прэтэндэнтам для ўдзелу ў выбарах?

«Наша Ніва» прапанавала адказаць ім на наступныя пытаньні: 1. Ці мусіць апазыцыя ўдзельнічаць у выбарах? 2. Якая павінна быць схема вызначэньня кандыдата (‑аў) ад апазыцыі? 3. Хто на сёньняшні момант падаецца найбольш рэальных прэтэндэнтам для ўдзелу ў выбарах?

Мікола Астрэйка: «У выбарах трэба ўдзельнічаць адназначна. Для насельніцтва прэзыдэнцкія выбары досыць значная падзея і прымусіць іх байкатаваць будзе амаль немагчыма. Увогуле, байкот выбараў можа азначаць сьмерць для палітычнай апазыцыі. Наўрад ці з боку апазыцыі нам атрымаецца пабачыць адзінага кандыдата. Ужо сёньня вельмі шмат жадаючых паспрабаваць свае сілы. Як на мой погляд, то кандыдата варта вызначаць праз ступень ягонай вядомасьці сярод насельніцтва. Магчыма, шляхам сацыялягічных апытаньняў. Вызначаць кандыдата ўнутры самой апазыцыі мне падаецца ня вельмі мэтазгодным, бо вельмі часта ў падобных выпадках гэта не адлюстроўвае рэальных настрояў людзей. Як на мой погляд, то сярод сёньняшніх лідэраў апазыцыі наўрад ці нехта зможа скласьці рэальную канкурэнцыю Лукашэнку».

Эніра Браніцкая: «Хоць выбары і пройдуць ужо праз два гады, але варта пачакаць яшчэ паўгоду. Паглядзець, як будзе разьвівацца сытуацыя за гэты час. Таму пакуль ня буду сьпяшацца з пэўнымі парадамі».

Зьміцер Дашкевіч: «Безумоўна мусіць быць паўнавартасны ўдзел. Прэзыдэнцкая кампанія, у адрозьненьні ад парлямэнцкай, дае надзею і веру ў канкрэтныя перамены. Думаю, што выйдзем на двух моцных кандыдатаў ад правага і левага флянгу. Найхутчэй, што вызначэньне адбудзецца шляхам перамоваў тых людзей, якія ўжо заявілі пра свае амбіцыі. На сёньняшні момант ёсьць некалькіх годных кандыдатаў — гэта і Мілінкевіч, і Статкевіч. Аднак гаварыць пра нейкага канкрэтнага чалавека яшчэ рана».

Віктар Івашкевіч: «Лічу, што сёньня дэмакратычным сілам варта сканцэнтравацца на зьменах выбарчага заканадаўства. Калі прадстаўнікоў кандыдатаў ня будуць дапускаць ва ўчастковыя камісіі, калі ня спыніцца практыка датэрміновага галасаваньня, то сэнс удзелу такіх выбарах можа зьнікнуць. У гэтым пляне ціск на рэжым яшчэ выглядае магчымым, бо хоць Захад узнавіў свае кантакты зь Беларусьсю, але выбары былі прызнаныя недэмакратычнымі. Думаю, што цягам бліжэйшага году будзе абвешчаны неафіцыйны конкурс сярод магчымых кандыдатаў ад апазыцыі. Галоўным крытэрамі адбору тут павінны стаць людзкія і фінансавыя рэсурсы. Магчыма, што ўжо цяпер варта пачынаць фарміраваньне нейкіх ініцыятыўных груп. Ня менш важна будзе, хто здолее здабыць падтрымку прэсы. Ад БНФ сёньня найбольш рэальны кандыдат Лявон Баршчэўскі, другі кандыдат ад правага флянгу — Аляксандар Мілінкевіч. Бліжэйшым часам і павінна вызначыцца, хто зь іх больш годны прадстаўляць апазыцыйнымі сілы. Зь левага флянгу найхутчэй будзе Сяргей Калякін ці Аляксандар Казулін, калі з апошняга здымуць судзімасьць».

Андрэй Кім: «Да ўдзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах варта пачаць рыхтавацца ўжо зараз. Мне падаецца, што найлепшым мусіць быць варыянт адзінага кандыдата, які быў мінулым разам. На гэтую ролю сёньня прэтэндуюць тры палітыкі — Мілінкевіч, Казулін і Калякін. Усе яны дастаткова амбіцыйныя і маюць дастаткова рэсурсаў. Вызначаць адзінага на Кангрэсе было б ня вельмі правільна. Найхутчэй, што гэта павінны вызначыць самі кандыдаты, а таксама іх каманды. Адзіным мусіць быць чалавек, які задавальняе, калі ня ўсіх, то большасьць».

Андрэй Клімаў: «Эўрасаюз ужо зрабіў свой выбар на карысьць Лукашэнкі, таму апазыцыі лавіць ужо няма чаго на гэтых выбарах. Як на мой погляд, то добрыя шанцы мог бы мець кандыдат, які выйдзе ні зь сёньняшняй аб’яднанай апазыцыі, ні з уладнай намэнклятуры. Такі сабе чэскі прыклад, які быў у іх з Вацлавам Гаўлам. Новы кандыдат можа вызначыцца толькі шляхам нейкага новага становішча ў краіне. Яшчэ адзін варыянт — гэта міжнародны арбітар Беларусі. Такі, якім сёньня выступае Аляксандар Мілінкевіч. Ён успрымаецца на Захадзе і ў Маскве ня проста прадстаўніком апазыцыі, а прадстаўніком апазыцыйнага электарату. Як на мой погляд, то Мілінкевіч мог бы быць добрым кандыдатам, калі б у свой час ня стаў адзіным, а таксама, каб быў крыху маладзейшым».

Міхаіл Марыніч: «Найперш павінна быць зьмененае выбарчае заканадаўства. Калі гэта дабіцца не атрымаецца, то і ці варта апазыцыі ісьці на павадку ва ўладаў. Мілінкевіч і Казулін сёньня выглядаюць найбольш прывабнымі. Асабіста я больш схільны падтрымліваць другога».

Сяргей Парсюкевіч: «Удзельнічаць, канечне, варта. Цяпер проста трэба пачынаць выпрацоўваць агульную стратэгію дзеяньні, бо безь яе толку будзе мала. Зрэшты, на сёньняшні дзень ня так многа палітыкаў здольныя правесьці паўнавартасную кампанію, мабілізаваць людзей, сабраць неабходную колькасьць подпісаў. Пры вызначэньні кандыдатаў добрыя ўсе мэтады: і дамова між самімі палітыкамі, і сацыялягічныя апытаньні, і новы Кангрэс дэмакратычных сіл. Мілінкевіч і Казулін працягваюць разглядацца мною, як найбольш рэальныя кандыдаты. Наўрад нехта падрос за гэты час за іхнымі сьпінамі».

Артур Фінькевіч: «Лічу, што ў прэзыдэнцкіх выбарах удзельнічаць трэба ў любым выпадку. Яшчэ ніколі выбары ў краіне не праходзілі не базальтэрнатыўнай аснове, без прадстаўнікоў апазыцыі. Калі мы гаворым пра байкот парлямэнцкіх выбараў, то гэта можна растлумачыць тым, што палата нічога не вырашае ў жыцьці краіне, марыянэткавае ўтварэньне. На прэзыдэнцкія выбары трэба ісьці ня толькі для таго, каб данесьці сваю пазыцыю людзям, але каб перамагаць. Думаю, што шанцы ёсьць. Выйсьці на адзінага кандыдата будзе вельмі складана. У нас ёсьць розныя палітычныя сілы, якія прадстаўляюць розныя інтарэсы. Усё ж яшчэ ранавата вызначацца па пэрсаналіях, два гады дастатковы тэрмін. Няхай старэйшыя таварышы самі вызначаць найбольш годных між сабой, а моладзь вырашыць, ці адпавядаюць яны іх крытэрам. На сёньня я бачу чатырох імаверных кандыдатаў ад апазыцыі — Аляксандар Мілінкевіч, Андрэй Саньнікаў, Анатоль Лябедзька і Сяргей Калякін».

Апытаў Зьміцер Панкавец

0
vk3001 / Адказаць
22.10.2008 / 17:43
Міколку ў прэзыдэнты! Даеш рэферэндум па здыму абмежаваньняў на ўзрост кандыдатаў)))) А я лічу, што ўжо зараз мы мусім пачынаць агітаваць за народнае галасаваньне не ЗА, а СУПРАЦЬ! А там надалей, а хоць парлямэнцкая Рэспубліка... хай нават за такім падстаўным Парлямэнтам, які рассыпецца адразу ж, калі правадыр сыдзе. Толькі Галасаваньне нагамі! У кожным горадзе сваё народнае галасаваньне! Вось хай кожны горад адначасова па тысячы пратэстоўцаў на вуліцах пабачыць, тады будзе сапраўды наронае галасаванье й улада нічога ня зробіць, акрамя ваеннага становішча... Але задуму трэба фарсіраваць! Й каб яна зьдзяйсьнялася ня толькі ў сталіцы, але паўсюль! Хопіць бавіць час разважаньнямі й ўсім тым, чым займаецеся на працягу 10 год!
0
юрась минск / Адказаць
23.10.2008 / 21:40
Згодзен з Iвашкевичам,патрэбен лидэр з имеджам пераможца,а гэта Баршчэуски,ен удзелбничау у забароне кпб,у абвяшчэнни незалежнасци Беларуси,ен нимае имеджу неудачника,кируя наймацнейшай аппазицыйнай партыей,выгнаушы адтуль бизнесоуца михалевмча(асталося выгнаць толька вячорку)-толька ен можа быць ад правых сил,а миля замазаны,пара яму на пенсию
0
Patryiot / Адказаць
24.10.2008 / 22:02
Згодны з папярэднім камэнтарнікам. Лявон Баршчэўскі - лепшы з усіх. Ён - маладзейшы за Мілінкевіча, што добра для жаночага электарату. Ён - сапраўдны патрыёт, чаго ня скажаш пра Казуліна. Ён і ня камуняка, як Калякін, які да гэтага часу яшчэ не пакаяўся ў злачынствах папярэдніх супартыйцаў, якія пакланяліся камуністычным ідалам і прынесьлі ім мільёны ахвяраў. (Ад чаго ўсё яшчэ ляжаць шмат пракляцьцяў на краіне. Таму Калякін ня мае маральнага права вылучацца). А наяўнасьць рэсурсаў - не паказальнік. Астролягі кажуць, што Баршчэўскі можа і бэз грошай перамагчы. І Андрэй Саньнікаў, але ён не такі патрыёт, як правераны і адданы беларускай справе Баршчэўскі. Абодва яны нарадзіліся пад сузор'ем Рыбы, што знаходзяцца ў сапраўднае нябеснае апазыцыі да дыктатара, які нарадзіўся пад сузор'ем Панны. Тое самае было ў апазыцыйных парах паміж Чарненкам-Гарбачовым, Мілошавічам-Каштуніцам, Кучмам-Юшчанка. Усе яны - амаль ці дакладна сваралі апазыцыйнае адно да аднаго спалучэньне Панна-Рыбы, дзе пераможцамі сталі Рыбы, эпоха якіх цягнецца да 2150 года! Таму іншым кандыдатам не дапамогуць нават сотні мільёнаў даляраў! А нас чакае чарговае марнаваньне рэсурсаў, часу і здароўя. І новыя расчараваньні.
Паказаць усе каментары/ 4 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру