Harapan па-малайску значыць «надзея».

Harapan па-малайску значыць «надзея».

92-гадовы Махатхір Махамад стане прэм'ер-міністрам Малайзіі. Спецыфіка сітуацыі ў тым, што Махатхір — былы аўтарытарны кіраўнік краіны, які 15 гадоў таму перадаў уладу пераемніку. Цяпер ён нечакана аб'яднаў апазіцыю і прымусіць пераемніка, стаўленне да якога ён змяніў, сысці.

Махатхір Махамад быў кіраўніком Малайзіі з 1981 да 2003 года, пасля чаго перадаў уладу калегам па партыі, якая нязменна кіравала гэтай азіяцкай краінай.

Цяпер жа ачолены Махатхірам Махамадам апазіцыйны «Саюз надзеі» (Pakatan Harapan) здабыў 113 месцаў у 222-мясцовым парламенце краіны.

92-гадовы палітык абяцае дабіцца вызвалення з турмы лідара апазіцыі Анвара Ібрагіма і перадаць прэм'ерскае крэсла яму. Незвычайнасці сітуацыі надае той факт, што Ібрагіма зняволілі па абвінавачванні ў садаміі, якая ў Малайзіі караецца. Апазіцыя ўпэўненая, што справа тая была сфабрыкаваная, а жонка Ібрагіма была правай рукой Махамада на ўдалых для іх выбарах.

Малайзія — краіна ў Паўднёва-Усходняй Азіі з насельніцтвам 32 млн чалавек. Большасць насельніцтва складаюць малайцы, мусульмане. Але ў краіне жыве і немалая кітайская меншасць. Дзякуючы паспяховай эканамічнай палітыцы Махамада, Малайзія ў свой час вырвалася наперад па сваім эканамічным развіцці. На сёння ВУП на душу насельніцтва там удвая большы, чым у Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?