19.05.2018 / 14:16

Балы на ЦТ могуць вырасці ўдвая і анонсы іншых змен: гутарка з топ-чыноўнікам Міністэрства адукацыі 53

Сяргей Каспяровіч узначальвае галоўнае ўпраўленне прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі.

Прафесійная адукацыя — гэта ўсё, што датычыць ведаў па-за школай, ведаў, якія звязаныя з навучаннем будучай прафесіі: прафесійна-тэхнічная, сярэдне-спецыяльная адукацыя, вышэйшая, перападрыхтоўка, павышэнне кваліфікацыі ды іншае.

Упраўленне фарміруе дзяржаўную палітыку ў гэтых кірунках, кантралюе якасць і распрацоўвае падыходы да ўдасканалення сістэмы адукацыі, пачынаючы ад аб’ёмаў падрыхтоўкі да прафесійнага ўладкавання студэнтаў і фарміравання выкладчыцкага складу.

Каспяровіч адказаў на пытанні «Нашай Нівы» пра вышэйшую адукацыю, а таксама анансаваў шэраг істотных зменаў.

«НН»: Найперш, нас цікавіць, над якімі рэформамі ведамства працуе цяпер?

С. Каспяровіч: З асноўнага, напэўна, гэта ўкараненне сучасных метадаў адукацыі, лічбавых тэхналогій. Пытанні павышэння кваліфікацыі выкладчыкаў, удасканаленне сістэмы прыёму ў ВНУ. Словам, працуем над актуальным.

«НН»: За апошнія гады нашыя ўніверсітэты нагадавалі тысячы эканаміст-юрыстаў і юрыст-эканамістаў, якія не ведаюць, куды ім з тым дыпломам прыткнуцца. Тэндэнцыя захаваецца?

С. Каспяровіч: У 1990-я сапраўды быў такі бум: у тэхнічных універсітэтах адкрываліся эканамічныя спецыяльнасці, у «класічных» — юрыдычныя.

Гэта ўсё рабілася адвольна, па адчуванні — тады змянялася структура эканомікі, патрэбны былі такія людзі. Цяпер жа у нас працуе электронная сістэма «Замова», куды працадаўцы ўносяць прагнозную патрэбу ў кадрах.

І сёння рэальнасць такая, што дадатковая патрэба ў новых эканамістах — некалькі дзясяткаў чалавек на год!

Больш не трэба, бо працадаўца можа браць іх не толькі з універсітэцкай лавы: на рынку багата кадраў, якія атрымалі адукацыю раней, існуе працоўная міграцыя з фірмы ў фірму. А ў краіне пад 20 ВНУ, якія іх рыхтуюць. Трэба гэта? Напэўна не, гэта неэфектыўна.

Таму, па-першае, з гэтага году мы скарачаем наборы ва ўсіх няпрофільных ВНУ. Гэта не закране рэгіянальныя ўніверсітэты, якія рыхтуюць спецыялістаў канкрэтна для свайго рэгіёну. Але ў сталіцы столькі эканамістаў і юрыстаў нам не трэба. Гэта будзе адбывацца паступова — сёлета бюджэтны прыём скарочаны па эканамічных і юрыдычных спецыяльнасцях на 10%.

Таксама прыёмы скароцяцца на шэраг гуманітарных спецыяльнасцяў: журналістыка, гісторыка-філасофскі блок, міжнародныя адносіны. Па тэхніка-тэхналагічных спецыяльнасцях скарачэнняў не будзе, па ІТ нават дадаем набор — рыхтавалі каля 6000 чалавек, цяпер будзе яшчэ плюс 300 недзе.

Чаму скарачаем прыём па гуманітарных спецыяльнасцях? Мы глядзім у сістэму «Замова» і не бачым патрэбы. Канечне, філолаг — гэта перадусім настаўнік, гісторык — настаўнік. Патрэбны і гісторыкі-навукоўцы, каб займацца даследаванні і ўдзельнічаць у фарміраванні дзяржаўнай ідэалогіі і палітыкі.

Але іх трэба не шмат, яны і не выкрышталізоўваюцца адразу пасля ўніверсітэта, на гэта трэба час.

Журналістаў, як тых эканамістаў, таксама некалькі дзясяткаў чалавек на год трэба, адзін БДУ гэта праглыне. Можна было б проста закрыць пару факультэтаў, але тады не будзе асяродку, дзе змогуць «варыцца» перспектыўныя гісторыкі, філосафы і журналісты.

Зрэшты, цяпер трэба рыхтаваць міжпрадметнікаў. Чысты гуманітарый, чысты тэхнік, з майго гледзішча — гэта перажытак мінуўшчыны.

Памыляецца той, хто ў дзяцінстве кажа «вось — гэта гуманітарый, а гэты — тэхнар, трэба іх скіраваць, каб не пакутавалі». Гэта ж няправільна.

Сёння і настаўніку беларускай мовы патрэбны ІТ-кампетэнцыі, хаця яшчэ 5-10 гадоў таму пра гэта асабліва не думалі. Цяпер мы бачым задачу фарміраваць спецыялістаў змяшаных, на стыку спецыяльнасцяў.

Напрыклад, інжынер — яму трэба «soft skills»? Канечне, як жа яму тады працаваць у сучаснай камандзе? А потым, калі яму спатрэбіцца ўменне кіраваць?

Мы гэтыя задачы бачым і ўмацоўваем у праграмах. Таму не мае рацыі той, хто папракае нас састарэлымі планамі: маўляў, спецыяльнасці тыя ж. Гэта назвы тыя ж!

Змест мяняецца — уводзяцца новыя дысцыпліны, а састарэлыя выводзяцца. Хаця назва і тая ж самая, спецыялісты выходзяць іншыя.

«НН»: Часта гучыць падобная крытыка ад студэнтаў: «Прыйшоў дзед, пераказаў нам стары падручнік, а потым ужо мы яму гэтае трызненне пераказваем». Што рабіць са састарэлымі методыкамі?

С. Каспяровіч: Гэта задача рэктараў, дэканаў, загадчыкаў кафедр — аналізаваць методыкі выкладання, мяняць іх на сучасныя, калі трэба, аптымізоўваць вучэбны працэс.

Тых, хто выкарыстоўвае састарэлую сістэму лекцый і семінараў, варта паступова замяняць на перадавых выкладчыкаў, якія вырыстоўваюць сучасныя падыходы: дзелавыя гульні, выязныя заняткі, дыялогавыя формы і іншае. Такіх выкладчыкаў, насамрэч, хапае. Трэба іх стымуляваць і матываваць, каб яны цягнулі за сабой іншых.

Сучасны выкладчык — гэта не рэтранслятар, які ўзяў кніжку і перадаў тэкст студэнту. Ён — генератар ведаў, ён мусіць адкрываць нешта новае, а потым і свае веды, і веды, якія генеруюцца па спецыяльнасці калегамі і замежнымі даследчыкамі, перадаваць студэнтам.

Зноў жа, сістэма не нараджаецца хутка, у замежных флагманаў — стагоддзі гісторыі. А нашым універсітэтам колькі? Пры гэтым мы жылі і працавалі ў іншых умовах, мы жылі ў Саюзе. Шмат чаго з тых часоў яшчэ выкарыстоўваецца, калі казаць пра методыкі, але час ідзе. І цяпер ініцыятыва сыходзіць нават не ад нас, а ад тых самых маладых выкладчыкаў.

Увогуле, у нас ёсць атлас перспектыўных прафесій з улікам тэндэнцый у сусветнай эканоміцы. Нешта там можа падацца смешным, але фактычна сёння спецыялістаў па запатрабаваных у будучыні прафесіях не рыхтуюць не толькі ў нас, але і нідзе ў свеце. Бо няма выкладчыкаў, напрыклад, па спецыяльнасці «архітэктар жывых будаўнічых сістэм».

І нам трэба глядзець наперад, рыхтаваць такіх выкладчыкаў у сябе — хай яны ідуць у магістратуру, аспірантуру, займаюцца навуковымі даследаваннямі па тэме, абменьваюцца досведам з замежжам, і з часам з іх вырастуць мадэрновыя выкладчыкі.

«НН»: А ці не здаецца вам мэтазгодным разбаўляць акадэмічныя кадры ва ўніверсітэтах прафесіяналамі з канкрэтнай галіны? У якасці вузкага прыклада прывяду тройку лідараў сярод інтэрнэт-СМІ: TUT.by, Анлайнер і «Наша Ніва». Але колькі чалавек з гэтых выданняў выкладаюць у Інстытуце журналістыкі? І так амаль ва ўсіх сферах.

С. Каспяровіч: Калі казаць пра факультэт журналістыкі, то ў БДУ праводзіцца сур'ёзная ацэнка яго работы агулам. І новае кіраўніцтва атрымае рэкамендацыі прыцягваць да работы сапраўдных прафесіяналаў і дзейсных спецыялістаў да вучэбнага працэсу.

Але мы не хочам жорстка рэгуляваць падбор кадраў, тут трэба, каб кіраўніцтва ўніверсітэтаў само ўсё разумела.

І калі гаворка пра разбаўленне акадэмічных кадраў практыкамі, то гэта не тое каб мэтазгодна — гэта патрэбна! І мы рэгулюем гэтыя працэсы, даем адпаведныя рэкамендацыі, каб практыка-арыентаваная падрыхтоўка была і паглыблялася, каб прыцягваліся людзі з рэальнага сектару.

Але не кожнаму дадзена выкладаць, зразумейце. Чалавек можа быць бліскучым практыкам, або навукоўцам, але ў аўдыторыі ён не зможа перадаць свае веды. Тут задача дэкана — паглядзець, ці можа ён выкладаць, ці ўмее? Ёсць варыянты, калі чалавека можна навучыць, павысіць яго кваліфікацыю, але бывае, што і не.

Таксама мы фінансуем стажыроўкі выкладчыкаў за мяжой, пачынаем прыцягваць замежных спецыялістаў з такіх краін, як Германія, Расія, Японія, Карэя ды іншых.

Пакуль што гаворка ідзе, перадусім, пра тэхнічныя спецыяльнасці. Скажам, няма асаблівага сэнсу прыцягваць гісторыка з Брытаніі, а вось запрасіць немца ў тэхнічны ўніверсітэт — гэта карысна. І на такіх занятках абавязкова прысутнічае і выкладчыцкі склад.

«НН»: Вы казалі пра скарачэнне набораў, але ці не пашырыцца з часам гэтая тэндэнцыя на самі ўніверсітэты?

С. Каспяровіч: Мы праводзім аналіз такіх рызыкаў, на сёння колькасць універсітэтаў — 51 — адпавядае аптымальнай, але змяншаецца колькасць кафедр.

Не выключана, што з цягам часу асобныя ўніверсітэты стануць немэтазгоднымі і закрыюцца праз тое, што не будзе абітурыентаў ці выкладчыцкіх кадраў.

Зноў жа, сярод таго 51 універсітэта чатыры — Мінсельгаспрада, чатыры — медыцынскія і гэтак далей. Універсальных не так і шмат, калі адняць профільныя.

Пакуль відавочных прэтэндэнтаў на «вылет» з ліку ВНУ няма, але я думаю, што ў выпадку заняпаду ўніверсітэты перапрафілююцца і будуць аказваць дадатковыя адукацыйныя паслугі.

Бо прынцып будучыні наступны — адукацыя цераз усё жыццё, lifelong learning. Сёння не трэба пяць вышэйшых адукацый, хопіць і адной.

А далей — калі ласка: праз курсы, самаадукацыю, перападрыхтоўку мяняй сваю прафесійную траекторыю. І некаторыя ўніверсітэты, відаць, з улікам імклівага развіцця свету і тэхналогій, могуць пераўтварыцца ў структуры па перападрыхтоўцы і дадатковай адукацыі дарослых.

«НН»: Сёння складваецца сітуацыя, калі пры існых прахадных балах ва ўніверсітэт можа паступіць і жук і жаба. На некаторых спецыяльнасцях конкурс адсутнічае ўвогуле. Ці не лічыце вы, што такім чынам дэвальвуецца сам інстытут вышэйшай адукацыі?

С. Каспяровіч: Вы кажаце пра прэстыж. Вышэйшая адукацыя для абраных у любым выпадку, бо ёсць конкурс. Сапраўды, на асобныя спецыяльнасці, у асобных універсітэтах, у асобныя гады конкурс можа адсутнічаць.

Але прэстыж — гэта не магчымасць паступіць у ВНУ адной толькі інтэлектуальнай эліце.

Справа ў тым, што абітурыенты абіраюць розныя траекторыі — вось цяпер кінуліся за ІТ. Але нашая задача таксама ў тым, каб развіваліся і сферы, напрыклад, звязаныя і з лясной, сельскай гаспадаркамі, машынабудаваннем… хаця там, магчыма, меншыя заробкі. Не ўся інтэлектуальная эліта хоча ісці туды працаваць, як заахвочваць тады людзей да паступлення?

Але і памылкова думаць, што 15 балаў на ЦТ — гэта 15% ад засвоенага за 11 год школьнага навучання, то бок — двойка. У нас рэйтынгавая сістэма, заданні розныя: ёсць вельмі цяжкія, алімпіяднага ўзроўню, якія выконваюць адзінкі і атрымліваюць 100 балаў, але большасць заданняў такія, якія выконваюць многія.

І потым пры вылічэнні агульнай сумы алгарытм падліку налічвае чалавеку 20 балаў, хаця ён выканаў, умоўна, пад палову тэста. Так пабудаваная сістэма цяпер і, магчыма, яна сапраўды не дае дакладнай карціны ведаў, якую можна было б суаднесці з паспяховасцю ў школе.

І з 2019 году мы плануем перайсці на больш зразумелую сістэму, калі бал на ЦТ — напрыклад, 70 — будзе адпавядаць 7 балам у школе.

Тэставанне будзе не рэйтынгавым, а паказваць абсалютны ўзровень — долю выкананых заданняў. Адпаведна, і прахадны бал павысіцца. Да скалькі? Я пакуль не магу сказаць, мо і да ўсіх 50. 

Але зноў жа — не факт, што чалавек, які прайшоў парог, паступіць. Можа, ён абярэ такую спецыяльнасць, дзе прайграе канкурэнцыю?

«НН»: З гэтым зразумела. Ладна, калі б тыя выпадковыя студэнты з 15 баламі выляталі, калі іх выпадковасць становіцца відавочнай для выкладчыкаў. І гаворка не пра адзінкавых спецыялістаў лясной гаспадаркі, а пра адносна прэстыжныя спецыяльнасці платнай формы. Але ва ўніверсітэтах існуюць негалосныя забароны адлічваць студэнтаў-платнікаў, якое б дно яны не прабівалі ў час вучобы.

С. Каспяровіч: Сітуацыі, якія вы апісваеце, сапраўды дэструктыўныя. Ад імя Мінадукацыі скажу, што мы такіх загадаў — «цягнуць за вушы двоечнікаў» — не дасылаем. У нас ёсць правілы атэстацыі: тры двойкі — адлічэнне, камісію не пераздаў — адлічэнне.

Такія практыкі неабходна выкараняць, праблему трэба вырашаць з кіраўніцтвам кожнага асобна ўзятага ВНУ. Пра выпадкі заплюшчвання вачэй трэба паведамляць нам — патрэбны сігналы ад студэнтаў, бацькоў.

Але, па шчырасці, сярод зваротаў да нас збольшага нараканні на іншае — што, маўляў, несправядліва адлічылі.

Зрэшты, справядлівасць тут установіць рынак: хацеў чалавек дыплом, недзе даваў слабіну ўніверсітэт… то абсалютна ясна, што будзе далей — такога выпускніка не возьмуць на работу. І я перакананы, што трэба адлічваць і бюджэтнікаў, і платнікаў, калі яны не ў стане засвоіць праграму.

«НН»: А як быць з завышанымі школьнымі атэстатамі?

С. Каспяровіч: Калі казаць па паступленне, то тут роля атэстата не такая значная — усяго 1/4, яшчэ 3/4 — гэта ўсё ж ЦТ. Цяпер да самой школы…

Мы прапрацоўваем варыянт, калі не ўсе змогуць атрымліваць атэстат — такім дарога будзе ва ўстановы прафтэхадукацыі, дзе яны змогуць дашліфаваць свае агульныя веды і атрымаць спецыяльнасць, ва ўніверсітэт адразу яны паступіць не змогуць.

Мы таксама хочам, каб школьнікі не памыляліся з выбарам прафесіі — распрацоўваецца і будзе наладжаная сістэма прафесійнай арыентацыі, калі ў час вучобы школьнік зможа прымерыць на сябе пэўныя прафесіі з дарослага жыцця.

«НН»: А колькі павінен зарабляць універсітэцкі выкладчык?

С. Каспяровіч: Як мінімум больш, чым у сярэднім па галіне, для якой ён рыхтуе кадры. Для некаторых кірункаў цяжка вызначыць, напрыклад, у матэматыцы. Але, калі мы кажам пра спецыяліста, які выкладае прафесійныя дысцыпліны, то тут арыенцір такі — заробак па галіне. Іначай ён проста сыдзе, бо эканоміка адкрытая.

Тут ужо кожны рэктар працуе па магчымасці: ёсць гнуткія надбаўкі, прэміі, даплата за навуковую дзейнасць, куратарства і гэтак далей. Але, зноў жа, як і ў іншых сферах — расці заробкі могуць толькі адпаведна з эканомікай.

«НН»: Вы згадалі навуковыя публікацыі, навуковую дзейнасць. Але бываюць сітуацыі, калі за навуку выдаюць антынавуку, для стварэння бачнасці гэтых самых навуковых працэсаў і атрымання надбавак.

С. Каспяровіч: Тут ужо не зусім мая кампетэнцыя, мы не лезем у змястоўны бок навукі, мы чыноўнікі. Ёсць навуковая супольнасць, яна і ўтварае кантрольнае сіта. Пад навуковымі публікацыямі я найперш разумею сур'ёзныя работы, са скопусаўскім цытаваннем. [Скопус рэфератыўная база з магчымасцю адсочвання навуковай цытаванасці публікацый — рэд].

«НН»: Вернемся трохі да студэнтаў. Тэндэцыі апошняга часу такія, што адчувальны працэнт выпускнікоў беларускіх школ паступае за мяжу. Ладна, пры гэтым, каб яны паступалі ў Лазану ці Оксфард. Але яны ідуць у шараговыя ўніверсітэты Польшчы, Літвы і Расіі, якія наўрад ці якасна адрозніваюцца ад нашых. У чым вы бачыце прычыну?

С. Каспяровіч: Першае — гэта недастатковы, напэўна, прэстыж айчыннай адукацыі ў масавай свядомасці.

Але, даруйце, хіба гэта выпускнікі расійскіх ВНУ стварылі Wargaming i EPAM? Хіба выпускнікі польскіх і літоўскіх універсітэтатў працавалі над Вайберам у беларускіх офісах?

Я думаю, што тут справа ў адчуванні, што «замежжа нас уратуе».

Не канкрэтна нас, а асобна ўзятага чалавека, які прымае рашэнне паехаць туды ў абы-які ўніверсітэт не для таго, каб потым вярнуцца і стаць канкурэнтам тутэйшаму выпускніку — яны проста лічаць, што там лепш уладкуюцца, хочуць там жыць. Гэта ўжо пытанне не са сферы адукацыі.

Таксама існуе думка, што беларускія дыпломы не прызнаюцца, але гэта трызненне. Беларусь — сябра ўсіх міжнародных працэсаў аб прызнанні дыпломаў.

Канечне, пры прыняцці на канкрэтную пасаду асобны працадаўца ў якой Іспаніі можа палічыць, што такі дыплом яму не пасуе.

Але гэтаксама ён можа палічыць пра дыплом любой краіны, гэта яго права.

Калі ж мы кажам пра Літву і Польшчу, то яны сапраўды праводзяць глыбокую работу па прыцягненні нашых абітурыентаў, у тым ліку на бясплатную форму адукацыі.

«НН»: А як там у нас справа з рэалізацыя дарожнай карты Балонскага працэса?

С. Каспяровіч: Агулам дарожная карта рэалізуецца. Тэрмін быў два гады, мы далучыліся да гэтай групы краін сорак восьмымі — пазней за ўсіх, — у астатніх было куды болей часу на рэалізацыю прынцыпаў, пачынаючы з мабільнасці, акадэмічных свабодаў і гэтак далей.

У маі, на Парыжскай канферэнцыі міністраў адукацыі будзе прынята ацэнка нашых дзеянняў.

З кулуарных кантактаў можна меркаваць, што яна будзе станоўчай. Нейкі пункты нам сапраўды выканаць цяжка.

Напрыклад, размеркаванне: цяпер яно ў нас па ўсіх бюджэтных спецыяльнасцях. Магчыма, у перспектыве будзе так, што абавязковым размеркаванне застанецца збольшага для настаўнікаў і медыкаў, прапрацоўваецца таксама варыянт, калі размеркаваннем змогуць скарыстацца платнікі — тады ім будзе нададзены статус маладога спецыяліста з усімі ільготамі. Але трэба сыходзіць з патрэбаў эканомікі і думаць не толькі над безумоўным выкананнем палажэння, але і над захаваннем таго пазітыўнага, што мы маем.

Напрыклад, я лічу, што фундаментальныя элементы адукацыі — гэта плюс.

Той самы Lifelong education — калі мы рыхтуем вузкага спецыяліста, то як ён далей будзе навучацца? Ці зможа лёгка змяніць сферу дзейнасці?

У нас тут такое бачанне, што фундаментальная адукацыя — гэта не мінус.

«НН»: Часта гучаць папрокі, што ў незалежнай краіне сістэма вышэйшай адукацыі недастаткова беларусізаваная. У прыватнасці, гісторык Алег Трусаў зарэгістраваў «Нацыянальны ўніверсітэт імя Н. Гілевіча», каб паспрабаваць змяніць сітуацыю. Гэтая ж тэма неяк падымалася і падчас сустрэчы з Лукашэнкам.

С. Каспяровіч: Адзначу, што ў нас асобныя спецыяльнасці выкладаюцца па-беларуску цалкам.

Але ўніверсітэт перадусім пакліканы падрыхтаваць чалавека для працы. Вось на англамоўную адукацыю попыт ёсць, перадусім гэта ІТ, і мы павялічваем колькасць гадзін выкладання па-англійску на асобных спецыяльнасцях, і будзем павялічваць і далей, асабліва ў магістратуры і аспірантуры.

А што з беларускамоўнымі інжынерамі, яны патрэбны працадаўцам? З імі гатовыя працаваць? Так, гэта нашая нацыянальная мова, яе трэба рашуча ўводзіць у паўсядзённасць, за гэтым усё пацягнецца.

Я не думаю, што нам патрэбы асобны ўніверсітэт, мы і ў наяўным 51-м можа абучаць групы па-беларуску.

«НН»: Здаецца, той жа Трусаў бачыць развязку агучанага вамі пытання іначай. Ён справядліва думае, што, калі з універсітэтаў будуць прыходзіць беларускамоўныя спецыялісты, то працадаўца будзе працаваць з імі. Мова тут — гэта элемент самапавагі, бо галоўнае, канечне, гэта кампетэнцыі.

С. Каспяровіч: Такі падыход таксама мае права на жыццё.

Канечне, калі будуць толькі такія спецыялісты, то толькі іх і будуць браць. Можна пайсці і такім шляхам, але нам бачыцца шлях болей эвалюцыйны.

Мне здаеццца, трэба пачынаць яшчэ з садка, у плане фарміравання ў моладзі практыкі ўжывання мовы, прышчэплівання разумення, чаму гэта важна.

Што канкрэтна мы можам рабіць? Калі будзе група з 15-20 чалавек школьнікаў, абітурыентаў, якія збяруцца і заявяць, што мы хочам вучыцца па-беларуску, па любой спецыяльнасці, то мы пойдзем насустрач і створым ім групу. Ніякіх праблем! Вучэбны план перакладаецца на беларускую мову — гэта самае простае. Вучэбныя праграмы зробяць выкладчыкі, мы падбярэм такіх, у якім няма праблем з мовай. І групы будуць. Не ў асобным універсітэце, а ў БДУІРы, напрыклад, будуць, хоць дзе. Хай студэнты вырашаюць.

«НН»: Прыканцы хацелася б закрануць яшчэ такую тэму: цяпер ідзе гаворка пра стварэнне ІТ-краіны, ІТ-эканомікі. Але як можна будаваць ІТ-краіну, калі большасць працаздольнага насельніцтва працуе фізічна і на састарэлых прадпрыемствах, з састарэлымі кампетэнцыямі? Як адукацыйныя інстытуты могуць інтэграваць такіх людзей у сучаснасць?

С. Каспяровіч: Тэма гэтая шырокая, давайце адразу выведзем за дужкі праграмістаў — мы іх рыхтуем, здаецца, няблага. Канечне, не толькі ў рамках развіцця ІТ-краіны, але і ў рамках здаровага сэнсу трэба прышчэпваць ІТ-кампетэнцыі ўсім спецыялістам, пачынаючы з настаўнікаў.

Кажучы пра ўжо занятых у эканоміцы людзей, адзначу курсы павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўку.

Калі гэта просты рабочы, які адчувае, што ягоны здольнасцяў бракуе, ці не можа знайсці новую работу, то ўжо сёння ён можа перавучыцца на базе каледжаў і ПТВ, дзе яму, нібыта прышчэпкамі, уводзяцца сучасныя каметэнцыі. Канечне, стаць нейкім праекціроўшчыкам ён не зможа, але жыццё сабе спросціць, атрымае веды пра прынцыпы работы камп’ютара, архітэктуру праграм.

Калі мы кажам пра спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй, якія ўжо «састарэлі» для сучаснага свету, то тут таксама ёсць процьма адукацыйных праграм павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі. Гэта і праграмы на базе ўніверсітэтаў, і прыватныя фірмы. Раней былі актуальныя курсы цырульнікаў і візажыстаў, але ўжо праглядаюцца тэндэнцыі адукацыі больш высокай, так скажам.

Тут трэба мяняць мысленне людзей. Бо цяпер як? Чалавеку 35-40 год і ён пачынае думаць, што яму ўжо нічога не трэба мяняць, што ён і так дапрацуе да пенсіі.

А за мяжой запатрабаваныя факультэты трэцяга ўзросту, куды людзі спакойна прыходзяць і засвойваюць новыя спецыяльнасці. Нават не абавязкова з дыпломамі.

І мы таксама гатовыя да такога, у нас ёсць кадры і база. Трэба людзей туды накіраваць, каб яны разумелі, што гэта важна. А яны, бачыш, не ідуць, нават пры нізкіх заробках у асобных сферах. Што тады трэба? Каб працадаўца іх прымушаў? Гэтым павінна займацца не сістэма адукацыі, павінны працаваць іншыя матыватары.

Зрэшты, сёння і ў інтэрнэце тысячы курсаў, бясплатных, адзначу. Слухай хоць лекцыі Оксфарда — хто не дае?

Нехта кажа, што гэта наш менталітэт. Але я нязгодны, бо грамадства мяняецца. Тыя матыватары, які рухалі людзей, таксама мяняюцца. У савецкім часе была ўраўнілаўка — куды чалавеку не ідзі, паўсюль будзе прыкладна адное і тое ж.

Цяпер жа маса магчымасцяў для кар’ернага росту, для пераходу са сферу ў сферу.

Упэўнены, з часам гэтае разуменне, што трэба бясконца самаўдасканальвацца, укараніцца і ў нашым грамадстве. Я бачу ў гэтым задачу сацыяльна-гуманітарных дысцыплін — запусціць гэты рухавік матывацыі на ўсё жыццё.

Хай грамадству ў гэтым дапамогуць і СМІ, бо задача міністэрства ўсё ж — гэта задавольваць такія патрэбы, а не ствараць.

Арцём Гарбацэвіч, фота Сяргея Гудзіліна

13
Размарын / Адказаць
11.05.2018 / 10:48
Разумна гаворыць
3
Беларус / Адказаць
11.05.2018 / 10:59
Пасматрэл фотасесию!!! Зачот.
7
Язва / Адказаць
11.05.2018 / 11:03
Добры матэрыял.
Але чаму абы-як аформлены тэкст? Цяжка чытаць, бо трэба вышукваць, дзе пытанне, а дзе адказ.
Паказаць усе каментары/ 53 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру