Кіраўнік Саюза беларускіх пісьменьнікаў Барыс Пятровіч адзначыў, што чуткі адносна магчымага зьнікненьня прэміі «крыху перабольшаныя». Сёлета прэмія Гедройца будзе ўручаная, як і ў папярэднія гады, паведамляе Радыё Свабода..

«Нават калі і ёсьць момант пэўнага крызісу, гэта не падстава, каб адмаўляцца ад свайго дзецішча», — сказаў Пятровіч.

Як кажа сакратар прэміі Аляксей Стрэльнікаў, згодна з палажэньнем конкурсу быў скліканы камітэт па журы, у які ўвайшлі старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Барыс Пятровіч, кіраўніца Беларускага ПЭН-цэнтру Тацяна Нядбай, а таксама асобы, якія выбіраюцца зь сябраў журы мінулых гадоў — сёлета гэта паэт Андрэй Хадановіч. Сем чальцоў журы выбіралі з двух дзясяткаў чалавек. Такім чынам, абвешчаны канчатковы склад журы, якое будзе працаваць у 2018 годзе.

Вызначыць кандыдатаў даручана

  • Валянціну Акудовічу,
  • Але Брадзіхінай,
  • Ганьне Бутырчык,
  • Пятру Васючэнку,
  • Сяргею Кавалёву,
  • Марыне Казлоўскай,
  • Ціхану Чарнякевічу.

Далучыць да працы кагосьці з аўтарытэтных замежнікаў з аб’ектыўных прычын не ўдалося, прызнаўся Андрэй Хадановіч.

***

Прэмія імя Ежы Гедройца ўручаецца з 2012 года. На прэмію могуць намінавацца кнігі, выдадзеныя ў папяровым або электронным варыянтах цягам каляндарнага года на беларускай мове ў жанрах «мастацкая проза», «эсэістыка». Сёлета памер першай прэміі складае 5 тыс. еўра ў эквіваленце.

Папярэднія пераможцы прэміі: Павал Касцюкевіч з кнігай «Зборная РБ па негалоўных відах спорту» (2012), Уладзімір Някляеў з кнігай «Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без» (2013), Ігар Бабкоў — «Хвілінка: Тры гісторыі» (2014), Віктар Казько — «Час збіраць косці» (2015), Макс Шчур — «Завяршыць гештальт» (2016), Зміцер Бартосік з кнігай «Быў у пана верабейка гаварушчы» (2017)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0