12.05.2018 / 08:46

Марына Кражова. Каментатарам інтэрнэт-прасторы. Вершы 21

Бансаі

Было дастаткова вільготнасці лесу такому
І сонца хапала яго далікатным галінам.
Чыясьці рука па-над лісцямі, ледзьве рухома,
Нажніцамі вострымі кроны ірвала рупліва.

Магутнаму лесу было ўжо колькі стагоддзяў,
Але не было аніводнай звычайнае птушкі,
У зручнай і вартай яго безклапотнай прыродзе 
Грыбоў не было, ні ваўнянкі і ні асавушкі…

Маўчалі, прыціскліва стоячы, дрэвы-стварэнні.
Іх нечыя пальцы бясконца, бясспынна кусалі.
Вось гэтак і людзі, якім абстрыгаюць карэнне,
захоўваюць памяць нязначных памераў бансаі.

Каментатарам інтэрнэт-прасторы

дрыгва гаворак, плётак, сварак
жыццём лякоча і квірчыць.
кагось ужо ўзялі за карак
і комельгам нясуць тапіць!

абстрэлы колкасцю і брудам,
смярдзючыя прысягі слоў,
непакаральнасць самасуду
неіснавальнасцю галоў.

крутня абразлівага гвалту,
жаданне неяк мацюкнуць…
у маёй кацвіне атраманту
нашмат прыемней патануць…

Дукат

Здаецца мне, што гэта будзе дзень,
заснежаны, аквітны, незлічоны,
калі па кумягах, як па вадзе,
прычаліць к ганку мой апошні човен.

І досвед зігавіцай прамільгне,
стралою Перуна б'ючы ў вочы.
Манету патрабуючы з мяне,
руку працягне сумны Перавозчык.

Падрахаваўшы свой жыццёвы плён,
з кішэні выцягну збруднелую ўнёску.
Куды ён адвязе мяне з рублём?
Ці нават прыме той атропак дросткі?

З-пад сэрдца вырву срэбраны дукат.
Ён захаваў і вынасіў стагоддзі.
Плыві, ладдзя, наперад у напад,
шляхі Літвы не любяць мелкаводдзе!

Нясі мяне без стромкіх амарок!
Хай гонар громам грукаціць у скроні!
Зусім не так, як мой адвітны крок,
А як мая апошняя пагоня.

* * *

Марына Каржова

студэнтка магістратуры Northeastern University/international relations/ conflict resolution, Boston. Родам з Краснай Слабады (Вызна) Салігорскага раёна. Вучылася ў мінскім педагагічным каледжы і ва Універсітэце культуры.

0
Люстэрка / Адказаць
12.05.2018 / 09:47
Марына малайчына! Прашу звярнуць увагу на такую тэму. У беларускай гісторыі было шмат цяжкіх старонак. Таму натуральна, што шмат літаратурных твораў адлюстроўвае цяжкае становішча беларускага народа, яго мовы, розныя псіхалагічныя пакуты. Сёння нам вельмі патрэбныя моцныя пазітыўныя творы, насычаныя павагай да беларускай нацыі, верай у яе веліч і светлую будучыню. Патрэбныя творы, якія абуджаюць Дух беларусаў, заклікаюць да дзеяння, натхняюць. Каб прачытаў і паверыў: МАГУ! АТРЫМАЕЦЦА! Прашу беларускіх аўтараў пабольш вандраваць, глядзець натхняльныя фільмы, чытаць пазітыўныя кнігі, больш бываць на прыродзе, карацей, атрымліваць станоўчыя эмоцыі, каб перадаваць іх беларусам праз свае творы. Такіх твораў, дзе канстатуюцца нашы праблемы хапае. Не хапае твораў, якія паказваюць пазітыўнае выйсце з іх. Прашу беларускую моладзь заняцца гэтым пытаннем. Гэта важна - дадаць нацыі веры ў сябе, гонару за сваю краіну (пра любоў да радзімы вершаў шмат, пра гонар - недастаткова). Дадаць аптымізму.
0
Radykal / Адказаць
12.05.2018 / 10:38
Да дыялектызмаў трэба дадаваць слоўнічкі, бо поэтычны эфэкт поэтычным эфэктам, а некаторыя чытачы хочуць ня толькі чуць, але й разумець тэкст. Нехта з заходніх філёлёґаў падлічыў, што беларуская літаратурная мова выкарыстоўвае з 10% слоўнікавага багацьця ўласных гаворак. Гэтую сытуацыю трэба зьмяніць, бо яна нечуваная для жывой мовы, так быць не павінна. Дадавайце слоўнічкі, каб актывізавалася лексыка, загнаная профэсыйнымі русыфікатарамі ў кут.
0
Уладзимер / Адказаць
12.05.2018 / 10:57
Вялики Дзякуй , Марына ! Бярэ за сэрца.
Паказаць усе каментары/ 21 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру