12.05.2018 / 10:20

«У Расіі свае акцыі, у нас — свае». Слуцкая метадыстка пракаментавала скандал са школьніцай 120

9 мая ў Слуцку ў шасцікласніцы перад святочным шэсцем знялі георгіеўскую стужку. Зрабіла гэта метадыстка мясцовага аддзела адукацыі Алена Таманава. Яна патлумачыла бацькам: у Беларусі свая ідэалогія, і стужкі тут іншыя.

Бацька школьніцы абураны. Ён называе дзеянні метадысткі крымінальным злачынствам.

Алена Таманава, у сваю чаргу, лічыць, што выбачацца ёй няма за што.

Алена Таманава

«У нас з бацькам школьніцы розныя пункты гледжання на адно пытанне. Можа, хтосьці не разумее сітуацыю… Я, ведаеце, не хацела б гэта каментаваць, — кажа Таманава. — Можа быць, і варта было зрабіць трохі па- іншаму.

Але выбачацца мне няма за што. Бацька выклаў відэа ў інтэрнэце, гэта яго спроба справакаваць мяне на канфлікт. Спачатку канфлікту не было, мы разышліся мірна. Але пасля той бацька вырашыў зняць мяне на камеру, каб справакаваць».

Таманава запэўнівае — стужку яна спачатку прапанавала зняць бацькам. Патлумачыла, што праходзіць акцыя.

«У нас была задумка, што дзеці-піянеры падтрымаюць акцыю БРСМ «Кветкі вялікай Перамогі». Дамоўленасць з піянерскай арганізацыяй была менавіта такая. З дзецьмі праходзілі класныя гадзіны на гэтую тэму, але ж вы самі разумееце, дзецям што прапануеш, тое і адзенуць, асабліва не разбіраючыся. А бацькі, атрымліваецца, былі не ў курсе гэтай акцыі».

«Я не хачу памяншаць асабістую пазіцыю чалавека. Ён мае права на сваё меркаванне. Але акцыя была арганізавана піянерскай арганізацыяй, і аддзел адукацыі яе падтрымаў. І мы — аддзел адукацыі — выступілі ініцыятарамі правядзення мерапрыемства. Таму, я лічу, мы пакідаем права ўдзелу ў мерапрыемстве за сабой, — тлумачыць Таманава. —

Сама я стаўлюся да георгіеўскіх стужак станоўча. Нічога супраць не маю. Мой дзед прайшоў вайну, у яго на медалі была такая стужка.

Увогуле, скажу так. Георгіеўская стужка — акцыя расійскага саюза моладзі. Наша бутаньерка — акцыя беларускага саюза моладзі. У Расіі мусяць быць свае акцыі, у нас — свае. Мы можам іх падтрымліваць, але не ўшчамляць сваю годнасць».

УШ

18
Язэп / Адказаць
12.05.2018 / 10:26
Все правільно сказала
23
Міша / Адказаць
12.05.2018 / 10:30
Падтрымаем, грамада, спадарыню Алену.
123
Свядомы беларус / Адказаць
12.05.2018 / 10:34
Ганьба ідэолагам!
Паказаць усе каментары/ 120 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру