Антыкарупцыйная рэформа для Украіны — прыярытэтная. Распачалася яна яшчэ напрыканцы 2014 году, калі былі створаныя спецыяльныя органы для барацьбы з карупцыяй на топ-узроўні: Нацыянальнае антыкарупцыйнае бюро Украіны (НАБУ) і Спецыялізаваная антыкарупцыйная пракуратура (САП).

Асаблівасцю правядзення рэформы ва Украіне з’яўляецца тое, што кантроль над гэтым працэсам намагаюцца трымаць цэлы шэраг грамадскіх арганізацый (Transparency International Украіна, Цэнтр палітыка-прававых рэформаў, Цэнтр дэмакратыі і верхавенства права і іншыя), якія аб’ядналіся ў асацыяцыю «Рэанімацыйны пакет рэформаў» (РПР).

Рэформа ідзе няпроста. Чаму? Што змянілася за мінулы год? Якія поспехі і няўдачы ў галіне гэтых рэформ?

Расказвае Антон Марчук, грамадскі актывіст, менеджар групы антыкарупцыйнай рэформы РПР:

Фота: Антон Марчук

Фота: Антон Марчук

«Калі гаварыць пра палітычны аспект рэформы, то, трэба адзначыць, прагрэсу няма. Антыкарупцыйныя законапраекты, якія былі перададзеныя для прыняцця ў Вярхоўную раду, ляжаць без разгляду. Няма палітычнай волі для іх прыняцця.

Больш за тое, дэпутаты рабілі спробы на заканадаўчым узроўні перашкодзіць дзейнасці НАБУ. Напрыклад, у снежні мінулага года была спроба прыняць законапраект, які даваў магчымасць простай большасцю галасоў зняць дырэктара НАБУ, калі парламент прызнае дзейнасць арганізацыі неэфектыўнай. А паколькі значная колькасць дэпутатаў знаходзіцца ў распрацоўцы НАБУ, то для іх гэта магчымасць вывесці сябе з-пад удару.

Тое ж з прызначэннем аўдыту. Закон гэта прадугледжвае. Але праз Вярхоўную раду намагаліся правесці вельмі сумнеўных асоб для правядзення аўдыту, пра якіх ніхто нічога не ведае. Хутчэй за ўсё, гэтыя аўдытары напісалі б негатыўную выснову, якая дала б мажлівасць звольніць дырэктара. Але гэта ўдалося прадухіліць.

Калі гаварыць пра поспехі, то тут пазітыўны вынік — якраз дзейнасць НАБУ. Менавіта ў 2017 годзе яна стала прыносіць вынікі. Дэтэктывы НАБУ паказалі высокі ўзровень прафесіяналізму і высокую матывацыю.

У мінулым годзе было завершана расследаванне па справе былога кіраўніка фіскальнай службы Насірава, якога абвінавачваюць у карупцыйнай дзейнасці, якая прычыніла шкоду дзяржаве ў памеры 2 мільярдаў грыўняў (каля $75 мільёнаў па цяперашнім курсе) — справа перададзена ў суд. Вельмі цікава назіраць, як праходзіць суд. Пракурораў прымусілі чытаць у голас абвінавачвальны акт памерам у 700 старонак. За дзень прачытваецца 40 старонак, пасяджэнні праходзяць раз на месяц — толькі для прачытання акту спатрэбіцца некалькі гадоў. Гэта робіцца, каб зацягнуць разгляд справы. Пры гэтым Насіраў заплаціў заклад і знаходзіцца на свабодзе.

Вельмі паказальная справа народных дэпутатаў Разэнблата і Палякова, якіх злавілі на хабарніцтве. З іх знялі дэпутацкую недатыкальнасць, зараз справа расследуецца. Супрацоўніца НАБУ, якая працавала пад прыкрыццём, «агент Кацярына», прапанавала народным дэпутатам змяніць законы што да здабычы бурштыну за хабар, і яны пагадзіліся. Грошы былі перададзеныя, усё гэта здымалася на відэа. Дэпутаты гавораць, што гэта была правакацыя, што іх падштурхнулі да атрымання хабару. На судзе высветліцца, хто мае рацыю.

Вялікі розгалас мае таксама справа Мартыненкі — былога дэпутата, які ў 2015 годзе склаў мандат. Зараз ён пад следствам, справа рыхтуецца да перадачы ў суд. Яго абвінавачваюць у нанясенні шкоды дзяржаве праз карупцыю у памеры каля $8 мільярдаў. Менавіта ў справе Мартыненкі на НАБУ робіцца найбольшы ціск. Што самае горшае — удзел у гэтым ціску прымае і антыкарупцыйная пракуратура, без якой нармальнае функцыянаванне НАБУ немагчымае.

Антыкарупцыйная пракуратура летась паказала сваю недастатковую эфектыўнасць і незалежнасць. Адна з прычын гэтага палягае ў тым, што па законе ў ёй могуць працаваць толькі тыя, хто мае не менш за 5 гадоў стажу працы ў пракуратуры. Менавіта праз гэта антыкарупцыйнымі пракурорамі сталі людзі сумнеўнай дабрадзейнасці.

Трэба дамагчыся стварэння незалежнага антыкарупцыйнага суда, але парламент наўрад ці прыме закон пра гэта ў гэтым годзе. Да прэзідэнцкіх выбараў палітычныя эліты будуць незацікаўленыя ў яго прыняцці, бо прэзідэнт баіцца, што хтосьці набліжаны да яго трапіць пад такі суд, на які цяжэй будзе ўздзейнічаць.

Сацыялагічныя даследаванні паказваюць, што стаўленне да карупцыі ва ўкраінскім грамадстве застаецца такім жа, як і год таму. Насельніцтва нецярпімае да топ-карупцыі, але на бытавым узроўні вельмі спакойна ставіцца да «падарункаў» дактарам і настаўнікам. Калі будзе пакаранне топ-карупцыянерам — то і на нізавым узроўні ўспрыманне карупцыі таксама будзе змяняцца.

Медычная рэформа, якая зараз пачынаецца, практычна прыбярэ хабарніцтва ў медыцыне.

Вельмі важна не дапусціць адкату ў антыкарупцыйнай рэформе. А спробы гэтага адкату ёсць. Напрыклад, прыняты закон, згодна з якім кіраўнікі раённых і гарадскіх адміністрацый будуць не выбірацца па конкурсе, а прызначацца прэзідэнтам. Гэта робіцца для выбудоўвання ўладнай вертыкалі, і гэта зноў крыніца палітычнай карупцыі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?