Reuters.com

Reuters.com

Гэты матч называлі «матчам жыцця». Пасля пяці гульняў і ў беларусаў, і аўстрыйцаў было па пяць паразаў. Праўда, альпійская дружына мела на рахунку адзін бал (адабралі яго ў швейцарцаў).

Хто б сёння перамог, той з 90% упэўненасцю гарантаваў бы сабе месца ў эліце.

Але беларусы бязвольна саступілі — 0:4. Здавалася, што першая шайба, прапушчаная ў першым перыядзе, выпадковая, але затым атрымалі тры ў другім перыядзе. Аўстрыйцы кожны раз рэалізавалі большасць. У трэцім перыядзе ніякага беларускага навалу на чужыя вароты не адбылося.

Швецыя — 14, Расія — 10, Чэхія, Швейцарыя — 9, Славакія — 8, Францыя — 6, Аўстрыя — 4, Беларусь — 0.

У апошнім туры беларусы згуляюць са Славакіяй, а Аўстрыя — з Чэхіяй. Але гэта гульня нічога не вырашае.

Зборная Беларусі не пакідала элітны дывізіён з 2005 года (апошні раз вылятала ў 2003-м, каб на наступны год вярнуцца). Дарэчы, у 2005-м зборную ўзначаліў Глен Хэнлан.

***

Нагадаем, што беларусы на гэтым ЧС прайгралі шэсць матчаў з шасці: Швецыі (0:5), Францыі (2:6), Расіі (0:6), Швейцарыі (2:5), Чэхіі (0:3), Аўстрыі (0:4). У шасці матчах закінулі ўсяго чатыры шайбы, і тое толькі ў двух матчах.

Пасля паразы ад Расіі быў адпраўлены ў адстаўку Дэйв Льюіс, але гэтая кадравая перастаноўка таксама нічога не вырашыла.

Супернікамі ў ніжэйшым дывізіёне (1A) ў наступным годзе будуць зборныя Венгрыі, Казахстана, Літвы (што заваявала пуцёўку з 1B), Славеніі і, відаць, Паўднёвай Карэі (або Нарвегіі), што таксама пакіне эліту. Месцы беларусаў і карэйцаў (нарвежцаў) зоймуць зборныя Вялікабрытаніі і Італіі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0