Другі кітайскі авіяносец ўпершыню выйшаў у мора для выпрабаванняў у нядзелю, 13 мая, перадае Сіньхуа.

Падчас выпрабаванняў у першую чаргу плануецца праверыць стабільнасць энергасістэмы і іншага абсталявання судна. Як доўга працягнецца плаванне, не ўдакладняецца.

Гэты кітайскі авіяносец праекта 001A будавалі з 2013 года. Чакаецца, што ў баявы склад флота ён увойдзе ў 2020 годзе пасля ўсіх выпрабаванняў.

Пакуль што на ўзбраенні ВМС Кітая адзін авіяносец «Ляанін», дабудаваны ў КНР на базе былога савецкага цяжкога авіяаноснага крэйсера «Вараг», які быў набыты ва Украіне ў канцы 1990-х гадоў.

Праект 001A распрацаваны на ўзор «Ляаніна», аднак мае некалькі большыя памеры і шэраг канструкцыйных змяненняў. Абодва караблі абсталяваны стартавымі трамплінамі з вуглом адрыву адпаведна 14 і 12 градусаў. Тып рухальнай ўстаноўкі — паратурбінная.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0