Беларускія медыкі прааперавалі аднаго з пацярпелых у ДТЗ у Камянецкім раёне, паведамілі ў прэс-службе Міністэрства аховы здароўя.

«Дзіця, якое пасля аварыі знаходзілася ў вельмі цяжкім стане і было падлучана да апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх, сёння было прааперавана ў Камянецкай ЦРБ. У сувязі з тым, што хлопчык атрымаў спалучаную траўму, у аперацыйнай працавалі некалькі брыгад дактароў. Дапамога яму аказана ў поўным аб'ёме, пасля стабілізацыі стану ён пераведзены ў Брэсцкую абласную бальніцу», — праінфармавалі ў прэс-службе.

Раней у Брэст былі перавезеныя яшчэ пяцёра хлопчыкаў. Ва ўсіх пацярпелых дыягнаставаны чэрапна-мазгавыя траўмы рознай ступені цяжкасці, а таксама пераломы і вывіхі.

У ДТЗ каля вёскі Мартынюкі сёння раніцай пацярпелі дзеці з украінскай каманды па футболе. Адін хлопчык загінуў, яшчэ шасцёра з цяжкімі траўмамі трапілі ў бальніцу.

Сітуацыю пад асабісты кантроль узяў міністр аховы здароўя Валерый Малашка. «Лепшыя дактары Беларусі і ўсе неабходныя матэрыяльна-тэхнічныя рэсурсы задзейнічаны для аказання дапамогі пацярпелым у аварыі дзецям», — сказаў ён.

Чытайце таксама: 

Хлопчык з Украіны загінуў у аварыі з мікрааўтобусам і трактарам у Камянецкім раёне

Міністр аховы здароўя ўзяў пад асабісты кантроль лячэнне ўкраінскіх дзяцей, якія трапілі ў аварыю пад Камянцом

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0