«Сіняя кніга беларускага алкаголіка ПЛЮС» Антона Кулона — гэта дапрацаваны варыянт кнігі «Сіняя кніга беларускага алкаголіка», якая выйша ў 2012 годзе і выклікала рэзананс як у літаратурных колах, так і ў колах непітушчых алкаголікаў і больш таго — дзейных.

У кнізе распавядаецца пра прыгоды аматара выпіць і пра тое, як герой кнігі пераспрабаваў многія спосабы барацьбы з алкагалізмам і, нарэшце, знайшоў свой шлях. У кнізе даволі імёнаў легендарных дзеячаў беларускай культуры: Кіма Хадзеева, Міхася Стральцова, Міколы Капыловіча і іншых.

Жонка некуды з’ехала, і я запрасіў «зборную» кавярні «Молодежное» да сябе ў госці. Быў сярод запрошаных і Міхась Стральцоў.

Пагулялі добра. Паснулі — дзе хто мог: на лож­ках, крэслах і нават на падлозе. Хіба што на шафе нікога не было.

Чаму ўспомніў шафу?

Бо быў такі выпадак, калі шматлікая кампанія «балявала» ў навукоўца-біёлага Віці Праташчы­ка і «найнепрыхотлівейшы» госць распрануўся да трусоў ды залез адпачываць на шафу. Гэтым гос­цем быў вольны журналіст Сяргей Аладзьеў. Най­цікавей і найдзіўней было тое, што, як толькі ўтай­маваліся госці, раптам аднекуль зверху, з шафы данёсся Сяргееў голас:

— А коўдра? Коўдру мне дайце. Здаецца, вецер прадзімае…

Праташчык абурыўся:

— Коўдру яму падавай! Самае высокае, пачэснае месца атрымаў, ды яшчэ незадаволены!

Аднак у мяне на час таго «балявання» Сяргея не было. Так што шафа была вольная.

Вось што кажа пра кнігу літаратуразнаўца Ганна Янкута: «Гісторыі з жыц­ця пісьменнікаў і каляпісьменніцкіх колаў, у якія часам на радасць пачэснай грамадзе трапляе сан­тэхнік Аркадзій, хоць і сведчаць пра тое, што пад сонцам няма нічога новага, дазваляюць па-новаму зірнуць на свет беларускага прыгожага пісьменст­ва. Пра гэтага аўтара — як і пра Альгерда Бахарэві­ча — можна сказаць, што пра беларускую літаратуру так яшчэ ніхто не пісаў, але незвычайнасць і «сен­сацыйнасць» гэтых кніг вельмі розная. «Сіняя кніга беларускага алкаголіка» — гэта падарунак, дасла­ны з савецкай эпохі, якая своечасова не дала нам уласнага рэцэпту «слязы камсамолкі», і такія пада­рункі трэба прымаць, хочам мы гэтага ці не».

Ганна Кісліцына, літаратуразнаўца: «Чытаць кнігу надзіва цікава, і нават не столькі з-за таго, што многіх дзеячаў культуры, пра якіх тут ідзе размова, я ведала па падручніках літаратуры, але ў першую чаргу таму, што пісьменнік здолеў перадаць атмасферу 70-х гадоў мінулага стагоддзя».

«Сіняя кніга беларускага алкаголіка ПЛЮС» з новымі гісторыямі, новай структурай і на беларускай мове — ўжо ў кнігарні выдавецтва на Нямізе, 3 і на сайце halijafy.by

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0