На выходных з'явілася інфармацыя, што легендарнага аргенцінскага футбаліста Дыега Марадону запрашаюць на трэнерскую працу ў Беларусь. Першым пра гэта распавёў аргенцінcкі тэлеканал TyC Sports, навіну падхапіла італьянская газета Corriere della Sera, а за ёю і іншыя выданні. Гаворка ішла пра магчымую працу з нацыянальнай зборнай і з двума беларускімі футбольнымі клубамі, адзін з якіх — «Дынама-Брэст».

Аднак у асацыяцыі «Беларуская федэрацыя футбола» чуткі пра перамовы з трэнерскім штабам нацыянальнай зборнай абверглі:

«Ніякіх перамоваў наконт нацыянальнай зборнай не вяліся, інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці», — паведамілі Еўрарадыё ў прэс-службе АБФФ.

Прэс-сакратар футбольнага клуба «Дынама-Брэст» Вольга Хіжанкова адмовілася неяк каментаваць чуткі пра перамовы з Дыегам Марадонам:

«Звярніцеся ў італьянскую газету, якая пра гэта напісала. Мы не каментуем чуткі са старонніх крыніцаў».

Зараз Дыега Марадона сядзіць без працы. Год таму ён узначаліў футбольны клуб «Аль-Фуджайра» з ААЭ. Аднак у аргенцінца не ўдалося выканаць пастаўленую задачу — вывесці клуб у элітную лігу ААЭ. У канцы красавіка ён сам заявіў пра сыход.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0