15.05.2018 / 17:22

Доктар: Здароўе беларусаў горшае, чым у суседзяў з ЕС, бо несвабода адвучвае чалавека адказваць за сябе 11

Беларусы адстаюць па паказчыках здароўя ад заходніх суседзяў, піша чытач «Нашай Нівы», доктар Сяргей Кандрычын. Праблема не новая, яна вызначылася ў канцы 60-х, задоўга да Чарнобыля ці эпохі вялікай хіміі.

Сёння найбольш аргументаванай выглядае думка аб комплексным, сацыяльна абумоўленым характары гэтай праблемы і першаснае значэнне адводзіцца працягламу дзеянню адметных сацыякультурных, псіхасацыяльных, а ўжо потым і эканамічных прычынаў.

З мэтаю дэманстрацыі адрозненняў ва ўзроўні смяротнасці ў розных сацыяльна-культурных супольнасцях прадстаўленыя дадзеныя параўнання паказчыкаў Беларусі і Чэхіі.

Табліца. Каэфіцыенты смяротнасці па асобных узроставых групах мужчын і жанчын у Беларусі і Чэхіі* (на 1000 чалавек адпаведнай узроставай групы) у 2010 і 2015 гадах

2010 2015 Адносіны паказчыкаў
Беларусь Чэхія Беларусь Чэхія
Узроставая група муж. жан. муж. жан. муж. жан. муж. жан. муж. жан.
40—44 8,9 2,4 2,3 1,1 5,8 1,8 1,9 0,9 3,1 2,0
45—49 12,4 3,4 3,7 1,9 8,8 2,6 3,3 1,6 2,7 1,6
50—54 18 5,1 7,1 3,1 12,8 3,7 5,4 2,6 2,4 1,4
55—59 25,7 8,5 10,8 4,8 19,3 6,1 9,2 4,2 2,1 1,5
60—64 39,4 12,0 18,6 7,7 31 9,2 16,4 7,1 1,9 1,3
65—69 52,2 19,0 26,9 12,7 40,6 14,9 24,7 11,8 1,6 1,3

* Нацыянальны статыстычны камітэт РБ (штогадовыя выданні) і Statistical yearbook of the Czech Republic 2016. Praha: Czech statistical office, 2016.

Прапановы па ўдасканаленні дзейнасці дзяржаўных органаў у галіне аховы здароўя маюць абмежаванае значэнне. І справа тут не ў дэкларатыўным ці касметычным характары прапанаваных ініцыятыў, бо па сваёй сутнасці яны не закранаюць галоўнага — індывідуальнай матывацыі (без якой немагчымы зварот дарослай асобы да здароўя) або разглядаюць імкненне да здароўя як «натуральнае», незалежнае ад абставінаў жыцця канкрэтнага чалавека. Гэтак жа абсалютна «відавочнаю» чыноўнікамі ўяўляецца карысць ад прапанаваных пратакольных мерапрыемстваў (напрыклад, тых, што прыраўноўваюць палітыку аздараўлення да рэгулярнага правядзення набору скрынінгавых даследаванняў).

Самі ж разважанні аб тым, што выпраўленне сітуацыі са здароўем насельніцтва патрабуе грунтоўных інстытуцыйных зменаў, нельга лічыць арыгінальнымі (можна прыгадаць вядомае «Вылечыце грамадства — і хваробаў не будзе!»). Аднак тут бачна абмежаванасць спрошчаных схемаў, і, каб яе пазбегнуць, да тэзы Тургенева варта дадаць словы Горкага: «Чалавека стварае ягоны супраціў вонкаваму асяроддзю». І толькі спалучыўшы гэтыя дзве апазіцыі ў адзіны функцыянальны механізм можна чакаць нейкага плёну.

Сітуацыя выглядае наступным чынам: аздараўленне грамадства патрабуе сістэмных пераменаў, але такія перамены здольныя правесці толькі здаровыя людзі (здаровыя духоўна і фізічна). Інакш зноў з’явяцца тыя ж «савецкія граблі», калі ўся ідэалогія ўперлася ў праблему адсутнасці «новага чалавека» (тут: здаровага чалавека). У ідэале эвалюцыйнае і здаровае развіццё грамадства прадугледжвае ўзаемадзеянне двух працэсаў. Адзін з іх, накіраваны «зверху», ён патрабуе ад дзяржавы рэалізацыі шэрагу прафілактычных і аздараўленчых мераў, або стварэння культурнага фону здароўя і эканамічных умоваў для здаровага жыцця. Другі — накіраваны знізу, ад саміх грамадзян, якія павінны выказваць жаданне і патрэбу ў здароўі, знаходзіць у сабе сілы і бачыць сэнс у рэалізацыі аздараўленчых практык. 

Гэтыя два супрацьлеглыя працэсы завязаны ў адзін вузел. Напрыклад, цяжка ўявіць, як можна зварухнуць у аздараўленчым ключы матывацыю суб’ектаў, якія ўжо «накіроўваюцца» па маршруце «Масква — Пятушкі», а да іх, па сціплых падліках, належыць кожны дзясяты дарослы жыхар Беларусі (і яшчэ не менш намагаецца да іх далучыцца). Большасць з іх патрабуе не толькі працы і мінімальнага дабрабыту, але і таго, што ніводны чыноўнік не здольны ім даць — разумення сэнсу свайго існавання або тых памкненняў і мэтаў, што задаюцца духам культурнай традыцыі і з’яўляюцца праекцыяй культурнага даробку грамадства на лёс канкрэтнага індывіда. 

І другі прыклад, можа, менш паказальны, але таксама істотны. Некаторыя асобы, якія актыўна змагаюцца за свае грамадзянскія свабоды, часам не здольныя зразумець значнасць самастойнага (тут: свабоднага і адказнага) дзеяння, скіраванага на захаванне ўласнага здароўя і жыцця. Згодна з духам патэрналісцкай традыцыі, яны перадаюць правы на клопат аб сваім здароўі ці здароўі сваіх дзяцей ў рукі прафесіяналаў (добрых лекараў) і выказваюць неразуменне, калі сітуацыя прадугледжвае іх самастойны выбар, або ідэалагічны пераход да індывідуальных аздараўленчых практык. Іншымі словамі, гэтыя людзі баяцца ці няздольныя рэалізаваць той локус персанальнай свабоды адносна ўласнага жыцця, які ім дадзены ў натуральны спосаб, а мрояць аб чымсьці большым.

Вядома шмат прыкладаў, калі шлях да фізічнага аздараўлення супадае са шляхам да духоўнай свабоды. Псіхалагічная самастойнасць асобы або ўласны аздараўленчы чын ствараюць кантраст з дамінуючай пратакольнай рэчаіснасцю і «выносяць» асобу па-за межы ўплыву любой аўтарытарнай сістэмы (прыгадаем здымкі савецкага часу, на якіх Парфіры Іваноў шпацыруе ў трусах па снезе). Рух да аздараўлення заўсёды індывідуальны, ён задаецца агульным культурным уплывам, але не губляецца ў ім — гэта ўчынак свабоднага чалавека, які трымаецца здалёк ад чыноўніцкіх указанняў.

Ключавым мусіць стаць разуменне значнасці індывідуальнай працы над здароўем (self-made health). Здароўе чалавека і грамадства патрабуе духоўнага і фізічнага высілку і ўвасаблення элементаў аскезы, у яе шырокім разуменні, а паміж паняццем грамадзянскай супольнасці і здаровым грамадствам неабходна ставіць знак роўнасці.

У Беларусі ўся сістэма медычнай дапамогі засяроджана на выкананні пратаколаў вызначаных Мінздароўя, а метадам натуральнага (ці фізіялагічнага) аздараўлення адводзіцца другаснае значэнне. Аб значнасці некаторых з гэтых метадаў можна прачытаць у даступных крынiцах (напрыклад, «Здоровье и болезнь — благо для духа, души и тела. Размышления православных врачей о здоровье и причинах болезни» И. Данилов, В. Набойченко, або «Здоровье без лекарств», Софья Макаревич).

Аўтар будзе рады дапамагчы ўсім, у каго ёсць пытанні ці праблемы з выкананнем асноўных аздараўленчых методык. Адна умова — чалавек павінен ужо пачаць працу над сваім здароўем, паспрабаваць адзін або некалькі аздараўленчых метадаў, зразумець іх сэнс. Для сувязі даю мой мэйл kandrycz@wp.pl

Даслаў чытач Сяргей Кандрычын, лекар; фота Сяргея Гудзіліна

23
імя / Адказаць
15.05.2018 / 17:45
Першараднае значэнне, а не першаснае. Першаснае - значыць першапачатковае, 'перввичное'. Першараднае - 'первостепенное'. Учите мову, не позорьтесь. Дальше читать и не стал. 
1
Centurion / Адказаць
15.05.2018 / 19:54
Балбатня. Спыніце татальнае хабарніцтва ў лякарнях і паменшыце нарузку на лекараў. І будзе падвышэньне ўзроўню здароўя
2
капля в ухо / Адказаць
15.05.2018 / 20:43
Белорусская аптечная мафия продает пустышки и набивает свои карманы. Лет 10 назад покупала в аптеке раствор борной кислоты, которой закапывала в уши и серные пробки в ушах растворялись. От пробок из серы закладывало уши, капнешь борную кислоту, сразу шипеть начинало, пробки растворялись и откладывало уши, слух восстанавливался. Последние лет 5 белорусская борная кислота никакого воздействия на пробки не оказывает, в ушах не шипит, как вода. Не знаю что они продают под видом борной кислоты белорусского производства по цене 1 столовая ложка раствора стоит 1 рубль. Лейкопластырь белорусского производства тоже туфта, не держит повязки. Купишь в такой же упаковке лейкопластырь российского и китайского производства - прекрасно держит. Вот такая наглая обдираловка идет, туфту продает, деньги гребут лопатой с нищего народа. Думаю это придворный бизнес. Злодеи.
Паказаць усе каментары/ 11 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру