sportgoods.by

sportgoods.by

Пакуль беларускі бізнэс паступова, але дастаткова паспяхова пераходзіць на беларускую мову, застаюцца і тыя, хто лічыць беларускую мову немагчымай для выкарыстання ў сваіх крамах.

Карыстальнік Twitter Jahor Tubielievič выклаў у сваім акаўнце скрыншоты размовы з прадстаўніком крамы Adidas, што месціцца ў ГЦ «Корона-Замок».

Са скрыншотаў зразумела, што хтосьці намагаўся працаўладкавацца ў краму і папрасіў даць адказ па сваёй кандыдатуры. Прадстаўнік крамы запытаўся наконт мовы, якой карыстаецца запабягальнік у паўсядзённым жыцці, на што яму адказалі, што паўсядзённая мова — беларуская.

«Добра, калі вы цікавіцеся вакансіяй і гатовыя размаўляць на расейскай мове — прыязджайце на сумоўе сёння да 18:00 у ГЦ »Замак«, крама Adidas», — напісаў прадстаўнік крамы.

Тады ў прадстаўніка крамы запыталі, ці азначае такі адказ адмову ў працаўладкаванні толькі з прычыны ўжывання адной з дзяржаўных моваў.

«Вы ўсё слушна зразумелі. Нічога супраць вас не маю, але ў нашую краму разглядзець вас не зможам», — адказаў прадстаўнік крамы.

У каментары belsat.eu кіраўнік крамы Эдуард распавёў, што «ён нічога не мае супраць беларускай мовы, але ў іх так ніхто не размаўляе».

«Мы гэтак вырашылі. Я гэтак вырашыў, што з беларускай мовай не прымаем. Мне так захацелася. Нашыя кансультанты так не размаўляюць, таму я вырашыў, што будзем набіраць тых, хто размаўляе так, як усе. У кожнай арганізацыі ёсць нейкія стандарты. Я ўпаўнаважаны вырашаць такія пытанні самастойна. З таго, што я ведаю, малады чалавек сказаў, што будзе спрабаваць падстроіцца пад расейскую», — сказаў Эдуард.

Кіраўнік аддзелу розніцы афіцыйнага прадстаўніка Adidas і Reebok ў Беларусі «SPORTgoods» паведаміў belsat.eu, што пра сітуацыю не ведаў і будзе высвятляць акалічнасці.

«Гэта не афіцыйнае рашэнне фірмы», — дадаў ён.

Прадстаўнік Adidas паабяцаў разабрацца ў сітуацыі да канца тыдня, бо цяпер у яго зашмат працы.

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч кажа, што закон не рэгулюе ўжыванне моваў паміж дзвюма фізічнымі асобамі, але адмаўляць у прыёме на працу толькі праз беларускую мову недапушчальна.

«Гэта дыскрымінацыя, але ёсць нюансы. Закон аб мовах гаворыць, што ў сферы абслугоўвання і гандлю ўжываюцца дзве дзяржаўныя мовы. Закон гэтага не рэгулюе. Гаспадар крамы можа сказаць, што з кліентамі працуюць на той мове, на якой да іх звяртаюцца. Уладальнік арыентуецца на пакупнікоў. Таму залежыць, ці адмовілі на падставе таго, што ён размаўляе ў жыцці па-беларуску, або ў кантакце з кліентамі адмаўляецца размаўляць на той мове, на якой да яго звяртаюцца».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?