Так і ў жыцці настаўніка інфарматыкі і геаграфіі з маладзечанскай вёскі Турэц-Баяры Дзяніса Радвіловіча. Можна было б працаваць як усе, асабліва не замарочвацца наконт падручнікаў, беларускай мовы і пазашкольных заданняў, але Дзяніс вырашыў для сябе па-іншаму: «Калі не я, то хто?»

Сам Дзяніс нарадзіўся ў вёсцы Каштаноўка, што на Валожыншчыне. А ў Турэц-Баяры прыехаў у 2004 годзе, у прымакі, як кажа сам Дзяніс.

Тут ажаніўся з настаўніцай пачатковых класаў Наталляй, тут нарадзіліся дзеці: Дарына і Антон.

Сёння Дзяніс, акрамя таго, што выкладае геаграфію, дапрызыўную падрыхтоўку і інфарматыку, з’яўляецца класным кіраўніком сёмага класа, дзе вучацца 9 чалавек.

«Школа ў нас беларускамоўная, а электронныя падручнікі былі на рускай мове. Ці па геаграфіі: падручнік на беларускай мове, а працоўныя сшыткі на рускай. Даводзіцца перакладаць самому. А што рабіць? Хочацца, каб дзеці па-беларуску ведалі не толькі «дзякуй» і «добры дзень».

А не так даўно Дзяніс са сваімі вучнямі стварыў карту мікратапонімаў ваколіц вёскі Турэц-Баяры, таксама разам з вучнем праехаў на ровары 40 кіламетраў па навакольных вёсках, каб стварыць веламаршрут па мікратапонімах мясцін, якія сталі Дзянісу роднымі.

«Пачалося ўсё з навуковай працы, якую рабіла для вучнёўскай канферэнцыі наша настаўніца беларускай мовы і літаратуры. Яна стварыла ўнікальны слоўнік тапонімаў. Мне стала шкада, што ён так і застанецца у выглядзе раздрукаваных на чорна-белым прынтары старонак, якія пакладуць у школьны музей і больш іх ніхто не ўбачыць. Тады і прыйшла ідэя перанесці гэтыя тапонімы на карту».

Дапамагалі Дзянісу ў стварэнні карты мясцовыя жыхары. Старажылы расказвалі і паказвалі месцы, дзе раней знаходзіўся панскі маёнтак, месца, дзе ў вайну ўпаў самалёт і разбіліся дзве лётчыцы, расказвалі пра тое, з якіх часоў тут існуюць Салдацкія могілкі, дзе ў часы Першай сусветнай узарвалі склад боепрыпасаў.

«Дапамагаў у стварэнні карты і мой цесць. Наташын бацька тут проста мясцовы-мясцовы. Яго бацька нарадзіўся ў былым панскім маёнтку, што ля вёсці Грыцава. Дзявочае прозвішча Наташы Дудко, а на карце ёсць два возеры: Вялікае Дудкава возера і Малое Дудкава возера, якое назвалі ў гонар Наташынага дзеда».

На вялікі жаль, амаль да кожнага апісання гэтага маршрута можна дадаваць словы «на гэтым месцы калісьці было».

«Сапраўды, час мала чаго пашкадаваў, ды і людзі асабліва не намагаліся захаваць унікальную спадчыну. Тым больш каштоўнай робіцца гэтая карта. Бо хаця б такім чынам не згубяцца назвы гэтых па-сапраўднаму прыгожых мясцін. Яны настолькі прыгожыя, што пан Свентарэцкі, які любіў тут паляваць пры жыцці, загадаў пахаваць яго у лесе. Расказваюць, калі пан памёр, на ўзлеску яшчэ тры дні стаяла яго труна».

Беларускасць пачалася з бабуліных словаў: відэлец, кубак, ложак

Сям’я Радвіловічаў некалькі гадоў таму перамагла ў раённым конкурсе «Сям’я года». Адзін з этапаў конкурса патрабаваў прадставіць сваё радавое дрэва.

«Пачалі складаць. Далічыліся ў сваім радаводзе да шостага калена. Нашы дзеці, выходзіць, будуць ведаць род да сёмага калена. Хачу выхаваць дзяцей так, каб ведалі, дзе знаходзяцца магілы продкаў, каб шанавалі і не забываліся наведваць і самі, і разам са сваімі ўжо дзецьмі. А радня ў нас немалая, адных толькі прамых сваякоў, — кажа Дзяніс, — 250 чалавек».

З прозвішчам у сям’і Радвіловічаў праз памылку нейкай далёкай «пашпартысткі» здарыўся казус.

«Спачатку ў продкаў было прозвішча Радзвіловіч. Мела балцкія карані, як і прозвішча Радзівіл, што значыць кемлівы. А потым з прозвішча маіх дзядоў знікла літара «з», застаўся корань радвіла, што перакладаецца як падкідыш».

Дзяды Дзяніса з Іўя, і з Валожыншчыны.

«Адтуль, відаць, і пачалася мая беларускасць. Вельмі падабаліся словы, якія гаварыла бабуля: відэлец, кубак, ложак… Дома, часам, размаўляем і па-руску, хаця дзеці самі цягнуцца да мовы.

— Антон,— крычыць у другі пакой свайму 5-гадоваму сыну Дзяніс, — які твой любімы гурт?

— «Дзецюкі», — адказвае хлопчык.

«Неяк прыйшоў з садка, расказвае мне, што хлопчык Елісей з іх групы пачаў расказваць нешта пра тое, што іх радзіма быццам Масква, што яны галоўныя. Пытаецца: «Тата, гэта так?». А я яму: «А ты слухаў, што пра гэта «Дзецюкі» спяваюць?». «Ааааа, ну зразумела, пытанняў няма».

Паездка на Дзень Волі для сям’і Радвіловіч стала сапраўдным сямейным святам.

Паездка на Дзень Волі для сям’і Радвіловіч стала сапраўдным сямейным святам.

«Нашы дзеці лёгкія на пад’ем. Калі Антону быў год з хвосцікам, — а нарадзіўся ён 2 лютага, як Кастусь Каліноўскі, — паехалі на «Вольнае паветра». Тады не падумалі і намёт паставілі каля сцэны, а там дыскатэка ўсю ноч была. А Антон спаў хоць бы што».

Старэйшай дачцы Дарыне на 10-годдзе бацькі падарылі білет на канцэрт гурта NAKA.

«Смешна атрымала. Насця Шпакоўская са сцэны пытаецца, ці ёсць у зале дзеці. Дарына выкрыкнула, што ёсць, але яе заглушыў натоўп. Ну артыстка і аб’яўляе, што наступная песня «Ідзі ты на х** са сваім каханнем». Дарына паслухала і кажа: «Ну а што, харошая песня».

— Правільна выхоўваеце дзяцей?

— А хто яго ведае? Выхоўваем па ўласных адчуваннях, каб раслі годнымі людзьмі. Ведалі карані і шанавалі памяць продкаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?