Выяўленыя на Замкавай гары ў Вільні парэшткі паўстанцаў Каліноўскага будуць пахаваныя на віленскіх могілках «Росы». Такое рашэньне абвясьціла літоўская ўрадавая камісія, піша Радыё Свабода са спасылкай на wilnoteka.lt.

Цырымонія адбудзецца ў ліпені або жніўні 2019 году з удзелам прадстаўнікоў польскага боку і будзе мець рэлігійны характар.

«Мы плянуем арганізаваць супольныя ўрачыстасьці з польскім бокам, для Польшчы гэта таксама вельмі важна, а з гістарычнага пункту гледжаньня магчыма і важней, чым для нас», — сказаў віцэ-канцлер ураду Літвы Дэйвідас Матулёніс.

Сярод двух магчымых варыянтаў месца была абараная капліца на «Росах». Іншыя варыянтам была капліца ў касьцёле сьвятых Філіпа і Якуба на Лукіскай плошчы, дзе яны былі пакараныя сьмерцю.

«Гэта будзе своеасаблівы пантэон кіраўнікоў паўстаньня 1863-64 гадоў», — сказаў Матулёніс.

Вядома, што ў 1863-64 гадах на Лукіскай плошчы былі пакараныя сьмерцю 21 лідэр і ўдзельнік паўстаньня Каліноўскага. На Замкавай гары да гэтага часу былі выяўленыя парэшткі 17 зь іх. 13 целаў ужо ўдалося ідэнтыфікаваць.

Навукоўцы перакананыя, што ня маюць сумневу наконт парэшткаў Зыгмунта Серакоўскага. Пры ім быў знойдзены пярсьцёнак з выгравіраванымі імёнамі — Зыгмунт і Апалёнія, а таксама дата шлюбу — 1862 год: «Zygmund Apolonija 11 Sierpnia / 30 Lipca 1862 r.». Пра пакараньне сьмерцю іншага паўстанца на імя Зыгмунт навукоўцам невядома.

Чытайце таксама: Знойдзеныя парэшткі Зыгмунта Серакоўскага? Пра гэта сведчыць пярсцёнак

Парэшткі самога Кастуся Каліноўскага пакуль не ідэнтыфікаваныя да канца. Паводле прарэктара Віленскага ўнівэрсытэту, прафэсара мэдычнага факультэту Рымантаса Янкаўскаса, «ёсьць рэальны кандыдат, але пакуль нельга на 100% сказаць, што гэта парэшткі Каліноўскага».

У чэрвені пачынаюцца чарговыя пошукі парэшткаў ня знойдзеных дагэтуль чатырох з 21 паўстанца, якія былі пакараныя сьмерцю на Лукіскай плошчы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0