«Румолавец», выкладчык БДУ паскардзіўся патрыярху Кірылу на беларускамоўных праваслаўных святароў
Адзін з чарнасоценскіх рэсурсаў, які рэдагуе заходнерусіст, прафесар БУКМ Леў Крыштаповіч, змясціў у сябе артыкул пад назвай «Сяргей Лепін назваў удзельнікаў «Несмяротнага палка» фашыстамі і пагражаў ім звальненнямі».

Яго аўтарам выступіў выкладчык факультэта міжнародных адносін БДУ Аляксандр Бабук, які з’яўляецца прыхаджанінам Мінскага Свята-Духавага кафедральнага сабора. Гэты ліст Бабук накіраваў патрыярху Маскоўскаму і ўсёй Русі Кірылу.
Бабук піша, што ад 1991 у Беларусі назіраецца ўмацаванне нацыяналістычных настрояў, накіраваных на разбурэнне «Святой Русі». «Я сам родам з Гродна, заходняй часткі Беларусі. Гістарычна Гродзенскі рэгіён належыць Чорнай Русі, і гэта месца, дзе фармуюцца і выхоўваюцца моцныя духам людзі, паколькі іх жыццё працякае на ўлонні сутыкнення праваслаўнага рускага і польскага каталіцкага светаў», — піша Бабук.
Аўтар адзначае, што апошнім часам «нацыяналістычныя настроі» праяўляюцца і ва ўлонні БПЦ. «У самой беларускай мове нічога дрэннага няма, аднак яе некаторыя нашы клірыкі выкарыстоўваюць як інструмент палітычнай гульні супраць агульнарускага духоўнага адзінства. Калі яшчэ 10 гадоў набажэнствы ў храмах Гродна праходзілі на беларускай мове раз на месяц, і гэта, па вялікім рахунку, задавальняла як тых, хто выступае прыхільнікам беларускай мовы, так і тых, каму падабаецца царкоўнаславянская, то сёння службы на беларускай мове праходзяць штотыдзень, і прыхаджане нават скардзяцца духавенству пра тое, што мова проста навязваецца штучна, паколькі вернікаў пра гэта не пытаюцца», — адзначае Бабук.
Ён называе імёны святароў, якія, на ягоную думку, праводзяць «гвалтоўную беларусізацыю» праваслаўнага жыцця ў Гродне: гэта настаяцель сабора Усіх Беларускіх Святых Анатоль Ненартовіч і настаяцель Свята-Пакроўскага кафедральнага сабора Георгій Рой: «Вольна ці нявольна яны прымушаюць людзей пераходзіць на беларускую, ігнаруючы рускую мову».
«Я маю права размаўляць з людзьмі на сваёй роднай мове. Калі нехта са мной гаворыць па-руску, то я не лічу ж гэта прымусовай русіфікацыяй. Я лічу беларускую мову роднай мовай нашага народа. І ў штодзённым жыцці я размаўляю па-беларуску і пропаведзі кажу па-беларуску і не бачу ў гэтым праблемы. З дзесяці святароў сабора толькі адзін прапаведуе па-беларуску. Ці можна гэта назваць прымусовай беларусізацыяй? Я, як настаяцель, нікога не прымушаю гаварыць па-беларуску. Кожны святар абірае сабе мову, якой яму лягчэй гаварыць. Гэта такія бязглуздыя абвінавачванні», — кажа айцец Георгій Рой.

«Цяпер шмат людзей пашкоджаныя рознай прапагандай і ідэалогіяй. Ёсць людзі, якія хваравіта ўспрымаюць розныя з’явы нашага жыцця. Я знаёмы з Аляксандрам Бабуком, гэта такі непрыемны кантэкст. Мы нармальна стасаваліся. У нас пры саборы ёсць ініцыятыва «Клуб праваслаўнай размовы», шмат гаворым пра літаратуру. Калі ён кажа пра прымусовую беларусізацыю, то чаму ён выступаў у нас у саборы і размаўляў пра Дастаеўскага? Я што, прымушаў яго гаварыць па-беларуску? Вельмі непрыемна чуць і чытаць такія словы. Я нават не кажу пра хрысціянскі кантэкст, гэта такі класічны паклёп», — расказвае гродзенскі святар.
Але самая вялікая частка ў звароце аддадзена айцу Сяргею Лепіну, які ад імя БПЦ выступаў на святкаванні Дня Волі, 25 сакавіка. «Сёлета я ўпершыню ў Дзень Перамогі 9 мая прыняў удзел у акцыі «Несмяротны полк». Айцец Сяргей у прыватнай гутарцы не проста назваў удзельнікаў «Несмяротнага палка» фашыстамі, але і ў перапісцы пагражаў ім звальненнямі з працоўных месцаў. Стужку Св.Георгія, якая паўтарае сімволіку ваеннага духавенства Рускай Царквы, ён назваў «фашысцкай сімволікай». Атрымліваецца, што, калі чалавек удзельнічае ў акцыі «Несмяротны полк» з георгіеўскай стужкай на грудзях, яго за гэта трэба называць фашыстам? Гэта — паскудны паклёп», — піша Бабук.
Напрыканцы Аляксандр Бабук просіць уцарковіць і максімальна актывізаваць праваслаўны ўдзел у «Несмяротным палку».
Мы паразмаўлялі з старшынёй Сінадальнага інфармацыйнага аддзелу БПЦ айцом Сяргеем Лепіным пра гэтую сітуацыю.

«Сапраўды, падобна да паклёпу. Нават не верыцца, што гэта ён напісаў. Крыўдна, што гэты чалавек разам з намі не адзін год еў ды піў. Ен быў да нас не звычайным прыхаджанінам, а кімсьці большым. У яго была бясконцая магчымасць асабіста папытацца, што незразумела, выказаць нязгоду, паспрачацца…
Мы любілі яго і вельмі перажывалі за яго асабістыя праблемы. Калі яго ўбачыў сярод калоны «Несмяротнага палку» з сімволікай «Русі маладой», то напісаў яму сяброўскi ліст з парадай быць асцярожным. Бо адносіны для выкладчыка ВНУ з арганізацыяй, якая мае нацысцкія сімвалы і ўзначальваецца паганскім жрацом з нацысцкай ідэалогіяй, як мне здаецца, небяспечная.

Я не меў на ўвазе «георгіеўскую стужку» — я гаварыў менавіта пра эмблему, якая была на чырвоных румолаўскіх майках. Не ведаю, мо нешта змянілася, і ў надзеі выкажу здагадку, што лідар гэтай суполкі ўжо зрабіўся хрысціянінам, але мінімум сімвалы засталіся тыя ж самыя. І тут раптам такое… Аляксандр абвінаваціў мяне, што я пагражаў… Сумна. Я не першы год ведаў Бабука, ведаў і ягоныя погляды. Але я святар, я гляжу на людзей паверх іх суб’ектыунасці — ён быў ды і застаецца для мяне братам у Хрысце. Я ніколі не падзяляў асабістых поглядаў Сашы і зараз дыстанцуюся ад ягонай здрадніцкай хлусні, але ўсё роўна не адмаўляюся ад яго асабіста. Хай Гасподзь злітуецца над усімі намі», — кажа айцец Сяргей.
Мы спыталі, ці не здаецца святару, што пасля 25 Сакавіка супраць яго вядзецца атака рознымі чарнасоценскімі сайтамі? «Чаму здаецца? Так і ёсць. На ўсё воля Божая. Я буду адказваць на ўсё толькі справамі. Былі паклёпы, праклёны, нават фізычныя пагрозы — гэта каштуе нерваў, так, але я атрымаў словаў падтрымкі болей, чым абвінавачванняў — гэта натхняе».
Ці не шкадуе Сяргей Лепін, што выступіў 25 сакавіка ля Опернага? «Не. Дзякуй Богу, што ў мяне была такая незвычайная магчымасць заклікаць усіх да хрысціянскай любові і грамадзянскай згоды, добрасуседскай павагі ды набыцця свабоды ў Хрысце. Раблю гэта яшчэ раз».
Аляксандр Бабук у 2009 годзе скончыў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці «сучасныя замежныя мовы», у 2010 — магістратуру «Германскія мовы». Уваходзіць у аб’яднанне праваслаўных навукоўцаў. У сацыяльных сетках пазіцыянуе сябе як казак.
Каментары