Якія гісторыі пра БНР расказалі беларускія гісторыкі? У чым іхны моцны бок і ў чым — прыкрыя дэфіцыты? Раскажу на прыкладзе адной кніжкі, адного ток-шоу і адной выставы.

БНР як люстэрка эвалюцыі Лукашэнкі

Варта нагадаць адну рэч. Некалі ідэалогія лукашэнкаўскай сістэмы была паралельнай любой нацыяналістычнай уяве пра Беларусь. Лукашэнкаўская сістэма ранняга перыяду (ад 1994 прыблізна да 2001/2002) пазычала ідэалагічны рыштунак ад «русафілаў» позняе савецкае пары. Гэта была такая форма рускага нацыяналізму. За поспехамі і паражэннямі «русафілаў» у Маскве сачыў, напрыклад, Іван Шамякін.

Як гэта ўсё выглядала на практыцы, можна даведацца, напрыклад, з біяграфіі Уладзіміра Някляева. Яе падрыхтаваў і выдаў у «Дзеяслове» Сяргей Шапран. Злавеснай фігурай там паўстае Замяталін, які нядаўна трапіў у навіны з характэрнай нагоды. Гэты рускі нацыяналізм называлі па-рознаму (у Рабчука — «усходнеславянская умма», у Бендзіна — «інклюзіўная формула рускасці»).

Ясна, што з такога пункту гледжання спрэчка пра БНР весціся не можа. Рускі пункт гледжання загадзя вызначае ацэнкі. Нелегітымныя здраднікі, якія нанеслі ўдар у спіну зняможанай Расіі. Водгулле гэтага гледзішча было чуваць у рэпліцы Лукашэнкі наконт 25 Сакавіка як маркотнай старонкі беларускай гісторыі. Звяртаючыся да рускай, ягонай, публікі, прэзідэнт заклікаў яе да стрыманасці ў ацэнках: «Але я зноў жа прасіў бы не судзіць іх строга, бо нас там не было». 

«Ідэалогія беларускай дзяржавы» зрушыла акцэнты, даўшы беларускім гісторыкам новыя апавядальныя магчымасці. Так у Інстытуце гісторыі паступова выспела канцэпцыя гісторыі беларускай дзяржаўнасці. Як прыклад практычнага прымянення гэтай канцэпцыі, выйшаў нарыс «Беларуская Народная Рэспубліка — крок да незалежнасці».

«Складанейшыя працэсы»

Метафара «кроку» ў загалоўку кнігі — не толькі банальнае клішэ. Гэта ўказанне на канцэптуальны рыштунак, пры дапамозе якога аўтары спрабуюць даць БНР абстрактнае, агульнае вытлумачэнне. Вось як дырэктар Інстытута гісторыі Вячаслаў Даніловіч тлумачыў гэтую канцэпцыю на ток-шоу «Наша жизнь» (АНТ):

«Нам гісторыю БНР, Беларускай Народнай Рэспублікі, неабходна разглядаць у кантэксце гісторыі беларускай дзяржаўнасці. У нас канцэпцыя гісторыі беларускай дзяржаўнасці ў Інстытуце распрацавана. Дзе мы разглядаем дзяржаўнасць як унутраны патэнцыял народа, які назапашваецца тысячагоддзямі. Тысячагоддзі нашы продкі жылі на гэтай зямлі, набіраліся вопыту, і іх гэты патэнцыял умацоўваўся, з’яўляўся і рэалізоўваўся».

Гэта такая найбольш агульная фармулёўка; займальныя дэталі шчодра падае памянёны нарыс. Там можна даведацца процьму цікавага, найбольш пра геапалітыку, цывілізацыі і паліттэхнолагаў. Усе гэтыя «канцэпты», якімі апантаная перыферыйная гуманітарыстыка, выказваюць адно. Іхны боль і трывога — пра каляровыя рэвалюцыі, перамены і невычэрпнасць чалавечае бяды, перад якой трэба змірыцца — і яна міне сама сабой, аб’ектыўна і заканамерна. Гэты Weltschmerz, сусветны боль, найбольш поўна выкладзены ва ўводзінах і заключэнні.

Вось жа, тысячагоддзямі беларусы не проста «набіраліся вопыту». Яны «пастаянна адчувалі неаднаразовыя спробы цывілізацыйнага ціску і з аднаго, і з другога боку» — гэта такая геапалітычная асаблівасць беларускіх зямель. Яна, ясная рэч, «стрымлівал[а] аб’ектыўныя працэсы этнагенезу, культурна-духоўнага жыцця і будаўніцтва беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці» (с. 3). А між тым гэтыя працэсы «маюць глыбінныя карані»; здаецца, якраз дзякуючы гэтай глыбіннасці, «насуперак усяму <…> мы здолелі адбыцца як незалежная дзяржава» (с. 4).

Якраз гэтыя містычныя «складанейшыя працэсы», «мінулы вопыт, стан і заканамернасці грамадскага развіцця» маюць вывучаць беларускія гісторыкі. 

Каго і што замоўчваюць

У нарысе то адзначаецца, што пра БНР пісалі даўней і шмат. Аднак дыялог з папярэднікамі аўтарам не ўдаецца: «ацэнкі, ідэі і аўтарскія высновы» лунаюць у бяздушнай пустэчы.

Часткова гэта варта тлумачыць беднасцю беларускай гістарыяграфіі як такой. Калі навакол пануюць клішэ і банальнасці, вытворчасць сэнсаў ўскладняецца. Калі папярэднія працы раз-пораз паўтараюць ганебныя пытанні накшталт «БНР — дзяржава ці не» ці «без БНР не было б БССР», дыскусіі не будзе (лёгка пераканацца ў гэтым, паглядзеўшы не толькі дыскусію на АНТ — але і на Белсаце). Што ўжо казаць пра такія аналітычныя інструменты, як сацыяльная група ці дыскурс; спадчына БНР усё яшчэ велічэзны аблог, які чакае прыстойнага аналізу.

Выйсцем з гэтага тупіка бачыцца замежная гістарыяграфія. Аўтары прынамсі ведаюць пра ейнае існаванне: уводзіны абяцаюць чытачу асвятліць абвяшчэнне БНР «на аснове навейшых публікацый айчыннай і замежнай гістарыяграфіі». Аднак пры гэтым пашанцавала толькі Дароце Міхалюк: дзякуючы перакладу выдавецтва «ARCHE» яна трапіла ў кніжку — адзін раз.

Па-за ўвагай засталіся тэксты, якія дазваляюць весці такі дыялог: узорны гістарыяграфічны аналіз Юрыя Туронка, матываваная тэорыяй праца Алены Гапавай пра Палуту Бадунову, небанальны зборнік дакументаў Аляксандра Куксы пра нацыяналістычную мабілізацыю 1917—1918 гадоў у Беларусі і ва Украіне (выйшаў у БНТУ ў 2012-м). Прозвішчы Сідарэвіча ці Чарнякевіча таксама адсутнічаюць; затое вельмі шмат спасылак на «Архівы БНР». Спроба Лізаветы Касмач дастасаваць да беларускай рэвалюцыйнай гісторыі паняцце «нацыянальнай безуважнасці» (прапанаванае Тарай Зарай) выйшла зусім нядаўна; і цяпер ужо можна здагадвацца, што нікому гэта не будзе абыходзіць.

Ад поўнай катастрофы (што сон розуму спараджае пачвар, можна пераканацца ў раздзеле нарыса пра Усебеларускі з’езд, с. 15—31) кнігу акадэмічнага інстытута ратуе развіццё сюжэта, які ў пачатку стагоддзя запачаткаваў Валянцін Мазец — ён адзін з аўтараў кнігі (побач з Каваленем, Даніловічам і Траццяком; Мазец і Траццяк прафесійна займаюцца перыядам войн 1910-х). Гэты сюжэт — такая стыхійная, ненаўмысная гісторыя штодзённасці. Спасылка на ягоны артыкул «Грамадзянства і межы БНР» невыпадковая ў нарысе (с. 78); ён утрымлівае матрыцу, паводле якой пабудаваныя найлепшыя часткі нарыса.

Новыя гісторыі пра БНР

Гэты падыход разглядае БНР як сукупнасць форм практычнага досведу. Менш увагі надаецца дэкларацыі незалежнасці; на першы план вылучаецца заснаванне камісіі, якая рэгістравала ўцекачоў з Беларусі як грамадзян БНР. Так яны маглі вярнуцца дадому (бо ж вайна скончылася, а фронт застаўся; с. 84—86). 

Такое ўяўленне пра БНР — ейнае існаванне не на паперы, — даюць таксама дзейнасць беларускіх рад і іхныя дачыненні з немцамі (с. 86—88), фінансы і эканоміку БНР (с. 88—93; пра гэта апошнім часам наогул пішуць усё ахвотней). Там гаворка ідзе пра тэрытарыяльны абсяг уплыву Рады (на с. 87 пералічаныя паветы, дзе Народны сакратарыят меўся прызначыць сваіх дарадцаў у нямецкай адміністрацыі). Абмяркоўваюцца праекты заснавання ўласнай валюты і ўвядзенне падаткаў, рэгістрацыя беспрацоўных, гандаль з Украінай. Даецца агульнае ўяўленне пра бюджэт БНР: у маі—чэрвені 1918 года Рада распараджалася 133 тысячамі рублёў (большасць сродкаў — 125 тысяч — ад продажу дроваў ва УНР). З іх 62,5 тысячы пайшлі на зарплаты радных, сакратароў і службоўцаў, а 45 тысяч — на культурную палітыку; напрыклад, 3 тысячы — на выданне «Матчынага дару» Гаруна (с. 91).

Культурная палітыка БНР, ейныя дыпламатычныя намаганні вядомыя даволі добра, яшчэ за савецкім часам Круталевічу з гэтым быў клопат. Сказаць тут нешта новае складаней; можна ўдакладняць ранейшае. Напрыклад, пра намаганні адкрыць у Менску ўніверсітэт: у красавіку менскі губернскі сход выдаў на гэта 60 тысяч рублёў (с. 96). Тое ж тычыцца і арганізацыйнай дынамікі беларускага нацыяналізму: што-нішто нехрэстаматыйнае пра беларускіх эсэраў нарыс паведамляе (с. 103—104), але не суадносіць свае звесткі з ранейшымі працамі (найперш, з «Кароткім нарысам беларускага пытання»).

Наогул, гэта варта мець на ўвазе. У дачыненні да БНР новыя гісторыі ўзнікаюць з цяжкасцю; добра гэта было відаць на выставе ў Гістарычным музеі. Асветніцкая функцыя зразумелая; але візуальных ці апавядальных навацый там не было зусім. Структура расказу, ягоныя акцэнты — цалкам захаваныя; дзе-нідзе былі дададзеныя новыя элементы (схема пераемнасці ўлады БНР ці шыльды з гербамі ваяводстваў). Некалі падобнае адкрыццё быў зрабіў Анатоль Сідарэвіч: першы герб БНР была не «Пагоня», а «сноп, каса і граблі». На АНТ пра гэта з радасцю расказвае Пётра Пятроўскі, але на tut.by пра гэта пакуль не ведаюць.

Менш увагі надаецца такім вялікім сюжэтам, як Міністэрства беларускіх спраў Літоўскай Рэспублікі і складаная сітуацыя ў Горадні ў канцы 1918 — пачатку 1919 года; або Менскае пагадненне Найвышэйшай рады і Польшчы, падпісанае ў сакавіку 1920 года Іваноўскім. Іваноўскі ў кнізе наогул істотнае ролі не грае; няма яго ў слоўніку дзеячаў БНР, змешчаным у канцы кнігі. Гэта да тэмы пра дыскусію і дыялог: кніжка Туронка выйшла ў пачатку 1990-х, а Інстытут гісторыі яе абмінае.

«Вы только и делали, што казалі»

Марксізмам ці знакамі часу (цытата ў падзагалоўку — з Лукашэнкі), мусіць, трэба тлумачыць азартную абыякавасць аўтараў да мовы як гістарычнага чынніку і актара. Найбольш гэта адчуваецца на прыкладзе Усебеларускага з’езда, бо ў кнізе змешчаны цікавы пратакол, перадрукаваны з «Беларускага гістарычнага часопіса» (с. 31—63). Там поўна ўсяго: метафары, спасылкі, змаганне за прадстаўніцтва і легітымнасць не горш як у аргкамітэце сёлетняга юбілею. Насычэнне спрэчак на з’ездзе ўражвае — і таксама захапляе здольнасць, густ да кампрамісаў. Але гэты неймаверны сюжэт пра нараджэнне нацыі — прасторы ўдзелу і салідарнасці — цалкам патанае ў энцыклапедычнай замкнёнасці адпаведнага раздзела.

Тое ж тычыцца і далейшых падзей. Вось Луцкевіч піша ў дзённіку пра 1 студзеня 1919 года як пра перамогу ідэі Беларускай рэспублікі, пра тое, што Жылуновічаў «Маніхвэст» па-свойму падсумоўвае спрэчку 1917 года — спрэчку аб Беларусі. Тут варта задумацца аб тым, як тады, у 1918 годзе, быў структураваны палітычны абшар (пра гэта ў нарысе пішацца двойчы). Ці сапраўды простыя лініі «бальшавікі супраць нацыяналістаў» (с. 30) ці «лева-радыкальны кірунак супраць нацыянальна-дэмакратычнага» (с. 22) выглядалі так, як нам здаецца наўздагон?

І лёгкім рухам рукі БНР робіцца каляровай рэвалюцыяй

Здаецца, якраз у пільнасці да мовы і моў можна знайсці альтэрнатыву беспрытомнай гавэндзе аб тысячагоддзях беларускай дзяржаўнасці (у нарысе: с. 30, 64, 107). Мова, асяродак чалавечага досведу, цярпімасці і спагады — разгортвае перад даследчыкам, проста перад чытачом крыніц (гл. пратакол з’езда) дынаміку ўключэння і выключэння, гуртавання і размежавання, дзеяздольнасці і сумнення, прадстаўніцтва і ўдзелу.

Спрачаючыся з умоўным Лукашэнкам, аўтары спрабуюць апеляваць да таго, што дзеячы БНР акурат не «толькі казалі». Гэта няплённая стратэгія — паддавацца правакацыям, якія ўнушаюць, што мова заўсёды адарваная ад рэчаіснасці, што веды адвольныя, а дзеянне служыць адзіным доказам. Прыгожы даклад нямецкага даследчыка Cебасціяна Хермана аб тым, як гэтая вельмі пашыраная эпістэмалагічная «тэорыя змовы» зняпраўджваецца ў серыяле «The West Wing», можна паслухаць тут. Калі коратка: веды і рэчаіснасць за імі — складаныя, але могуць быць знойдзеныя і апанаваныя; гэта патрабуе размовы і намагання.

Дыскурс рэвалюцыі не адвольны; ён звязаны з тым, аб чым з захапленнем пісаў Іван Шамякін:

«Рэвалюцыя — гэта рух мільённых мас. Рабочых, сялян, салдат. Гэта ломка псіхалогіі. Уступленне ў рэвалюцыю інтэлігенцыі — свая тэма. Контррэвалюцыя, нарэшце. Як людзі аказваліся па той ці па гэты бок барыкад?»

Гэта іншы расказ. Не пра тысячагоддзі і «рэалізацыю патэнцыялу» таго, чаго яшчэ няма. Не пра аб’ектыўныя заканамернасці, супраць якіх паўстае экстрэмізм. Гэта расказ пра свабоду; расказ пра сучаснасць, пра досвед і пазнанне, пра размову і дачыненне. Пра паўнату і хараство жыцця; сюды лёгка ўлучаць Джойса і ягонага каментатара Харужага; Купалу ў п’есе «Тутэйшыя»; ці нават, зусім абстрактна, лірычныя нататкі Брыля.

І мо нашмат цяжэй — фэнтэзі пра «палітідэолагаў і паліттэхнолаў», якія, ігнаруючы аб’ектыўныя законы развіцця грамадства, спрабуюць навязаць народам свае рашэнні праблем. Але праблемы ніколі не рашаюцца — толькі памнажаюцца. А для аўтараў Кастрычніцкая рэвалюцыя — гэта добра, бо «глабальны праект цывілізацыйнага маштабу» (с. 133); а каляровыя рэвалюцыі — гэта кепска, і для доказу гэтага і выпадковы верш Купалы згадзіўся, і нават Евангелле (с. 134—135).

Кепская навіна для беларускіх гісторыкаў у тым, што БНР — гэта рэвалюцыя і сінергетыка, а не Агюст Конт з ягонымі законамі сацыяльнага развіцця. Не выпадае хіба здзіўляцца, што беларускія гісторыкі спадзяюцца на падставе сваіх прац павысіць «дакладнасць прадбачання» (с. 5); але даводзіцца іх расчараваць. Аб’ектыўных заканамернасцяў яны наўрад ці знойдуць, і прадказаць ім не ўдасца нічога. Будзе доўжыцца нуднае габляванне «ацэнак, ідэй і аўтарскіх высноў», каб падладзіць БНР да бягучых ідэалагічных задач. Пусты занятак; нават галоўнага крытыка ўсё гэта не надта каб пераконвае. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?