16.05.2018 / 18:12

20-тысячны бязвізавы турыст 2018 года наведаў Гродна

20-тысячнага бязвізавага турыста за перыяд 2018 года сустрэлі ў Гродне 16 мая. Ім стаў жыхар нямецкага Ольденбурга — Андрэй Чуб. Пасля адпачынку ў Друскеніках ён вырашыў з сям’ёй заехаць і ў Беларусь, піша Hrodna.life.

Сустракаў гасцей на плошчы Савецкай начальнік упраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама Алег Андрэйчык. Ён уручыў турыстам сімвалічныя падарункі.

Андрэй Чуб родам з Казахстана, але жыве ў Нямеччыне з 1999 года і мае нямецкае грамадзянства. У жонкі і дзіцяці ёсць рускае грамадзянства і яны без праблем перасякаюць мяжу з Беларуссю. Андрэю даводзіцца карыстацца бязвізавым рэжымам.

«Першы раз я быў у Беларусі ў 1993 годзе, а ў Гродне ўпершыню пабываў у 2017 годзе. Праз год мы з сям’ёй вырашылі прыехаць сюды зноў. Добра, што есць машына, а так наўрад ці бы сюды паехалі наўпрост з Нямеччыны. Далёка.

Калі шчыра, сюды можна было б ехаць на адпачынак у мясцовыя санаторыі. У цэлым добра, што ў Гродна можна прыязджаць без візы. У Гродне мы без начоўкі - усяго на некалькі гадзін. Прыехалі па пакупкі і пагуляць, а таксама пачуць рускую мову. Сам па сабе горад чысты і прыгожы, ёсць што паглядзець. Атмасфера добрая», — распавёў Андрэй.

Алег Андрэйчык дарыць юбілейнаму бязвізаваму турысту памятную кнігу пра Гродзеншчыну.

Са студзеня да сярэдзіны мая 2017 года Гродна наведала 11 тысяч бязвізавых турыстаў. За аналагічны перыяд 2018 года колькасць такіх турыстаў павялічылася амаль удвая. Да канца года ў Гродне плануюць прыняць да 100 тысяч бязвізавых гасцей.

За два гады бязвізавага рэжыму беларускі горад наведалі прадстаўнікі 42 краін. Асноўныя дзяржавы, гэта Літва, Польшча, Латвія і Нямеччына.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру