У парламенце абмеркавалі новы «дэкрэт аб дармаедстве». Усе прысутныя дэпутаты прагаласавалі за, акрамя Ганны Канапацкай і Алены Анісім.

Дэкрэт аб садзейнічанні занятасці насельніцтва ў парламенце прадставіла міністр працы Ірына Касцевіч. Паводле яе слоў, у краіне «ўпершыню ўкаранёны комплексны падыход па маніторынгу сітуацыі на рынку працы», «дэкрэт накіраваны на фарміраванне ўмоў, пры якіх грамадзянін будзе сам зацікаўлены ў афіцыйным працаўладкаванні».

Міністр распавяла, што цяпер ідзе працэс «актуалізацыі складу камісій», якія будуць працаваць з базай працаздольных грамадзян, якія не занятыя ў эканоміцы, і разбіраць іх складаныя жыццёвыя сітуацыі.

— База будзе сфарміравана да 1 снежня 2018 года, у наступным будзе штоквартальна абнаўляцца, — распавяла міністр.

— Сёння ў краіне створана дзяржаўная служба занятасці, з якой прычыны па ўсёй краіне ствараецца чарговая надбудова ў выглядзе камісій? - спытала дэпутат Ганна Канапацкая.

Міністр патлумачыла, што ў камісію ўваходзяць прадстаўнікі розных службаў. Прадстаўнікі МУС дапамогуць у працы з асацыяльнымі непрацуючымі, падатковыя органы - са схаванай занятасцю. Палова тых, хто звярнуўся ў камісіі, была працаўладкаваная.

Пасля дэпутат заклікала калег не галасаваць за дэкрэт - «ён супярэчыць міжнародным нормам і прыніжае годнасць».

Дэпутат Алена Анісім удакладніла, ці патрэбна новая база, пры тым, што падобную сёння вядзе Рэгістр насельніцтва.

- Міністэрства працы працуе над стварэннем базы дадзеных. Аснова — база Міністэрства па падатках і зборах, ядро - Рэгістр насельніцтва, - патлумачыла міністр працы. - Мінпрацы - уласнік, аператар - цэнтр інфармацыйных тэхналогій Мінпрацы. Недзе да 15 жніўня мы будзем звяртацца да ўсіх дзяржорганаў зрабіць папярэднюю загрузку ў гэтую базу дадзеных. 15 лістапада мы будзем мець сфармаваную базу дадзеных, да якой 1 снежня будзе адкрыты доступ ва ўсіх выканкамах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?