Менская Опэра.

Менская Опэра.

Барэльефы з будынку «Ракфэлер-Цэнтар» у Нью-Ёрку.

Барэльефы з будынку «Ракфэлер-Цэнтар» у Нью-Ёрку.

На порціку Менскага тэатру опэры і балету маюць усталяваць статуі бога музыкі Апалёна і дзьвюх німфаў. А ў нішах на сьценах будынку будуць красавацца музы. Дарэчы, дзьвюх з чатырох музоў ужо можна пабачыць, а вось часовы, кардонны Апалён і німфы, пабыўшы каторы час на порціку, зьніклі — пэўна, каб саступіць месца мэталічным.

«На порціку (над ганкам) опэрнага тэатру будзе стаяць статуя Апалёна зь дзьвюма вянкамі, — распавядае аўтар праекту Генадзь Буралкін. — Бог музыкі будзе як бы вянчаць опэру і балет. Абапал яго — дзьве німфы. А ўздоўж усяго порціка будзе віцца стужка з нотным станам. У саміх сьценах будынку, у нішах, зьявяцца статуі чатырох музаў: тэатру — Мэльпамэна, гімнасьпеваў — Палігімнія, танца — Тэрпсыхора і паэзіі — Каліёпа».

Вядомаму скульптару Алесь Шатэрніку праект па ўсталяваньні статуяў не даспадобы: «Так, сапраўды, у будынку ёсьць вольныя нішы для скульптур. Яны былі нават заплянаваныя Лангбардам, легендарным архітэктарам будынку. Але!

Нельга пры будынку ў канструктывісцкім стылі ставіць клясычныя скульптуры.
Ну, нельга — ёсьць такое паняцьце, як канон і стыль. Галоўным патрабаваньні да скульптараў было прыўнесьці сваімі творамі самавітасьці, урачыстасьці, а яны прыўнясуць, пэўна, адно недарэчную пампэзнасьць. Каб усё было, як у маскоўскім Бальшым Тэатры. Але ў нас сам будынак іншага стылю, чым у Маскве. Па-другое, нельга ставіць т.зв. круглыя, від на якіх адкрываецца з 360 градусаў, скульптуры ў нішы. Будынак як бы выштурхне іх вонкі і суладзьдзя паміж сьценамі і статуямі ня будзе ніякага. Для гэтых выпадкаў ёсьць барэльефы. Вось цудоўны прыклад — «Ракфэлер-цэнтар» у Нью-Ёрку. Гэты будынак пабудаваны амаль у адзін час зь менскай опэрай, у такім самым канструктывісцкім стылі. Але паглядзіце, як там выдатна падабралі пасоўныя скульптуры. Па-трэцяе, нават нягледзячы на статую Апалёна, порцік, калі глядзець на яго з боку помніку Багдановічу, усё адно застанецца невыразным. А трэба каб і пры такім ракурсе цэнтральная скульптура лашчыла зрок. Таму варта было б не паасобныя скульптуры ставіць, а ўсталяваць квадрыгу, калясьніца, запрэжаную чацьвёркай коней, якая таксама цудоўна глядзіцца збоку. І яшчэ: у клясычнай скульптуры ў німф ногі пакрываюць ноты. Клясычныя скульптуры — гэта ж канон, Рым, Грэцыя за сьпінай, а тут — нейкія стужкі.

Генадзь Буралкін жа адпрэчвае падобную крытыку сваіх твораў: «Канструктывізм — панятак які існуе толькі ў архітэктуры, але ў канструктывісцкай скульптуры — не існуе, а таму трэба абыходзіцца іншымі стылямі. Клясычны тут у самы раз. Тэатар опэры і балету ж! А не рабіць нічога, пакідаць без скульптураў, нельга было.

Праглядаючы чарцяжы, зробленыя Лангбардам для харкаўскай опэры, я заўважыў, што сам мастак хацеў зрабіць скульптуры.
А харкаўская і менскія опэры маюць падобны стыль. Дадам яшчэ, што будынак Тэатру опэры і балету ня меў свайго цэнтру: дзе не падыдзеш, усё — галоўны ўваход. Так ня мае быць. Многія госьці сталіцы нават пыталіся: «Скажыце, а гэта ў вас будынак цырку?» ».

Статуі маюць быць усталяваныя да новага году.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?