18.05.2018 / 13:21

Аж гонар бярэ. Як у Беларусі шыюць чахлы на мэблю, лепшыя за замежныя 13

Сёння ў Мінску можна зайсці ў краму, за хвілін 10—15 набыць чахол для канапы ды абнавіць сваю мэблю. Але для Яна Яраша шлях да сваёй крамы, брэнда і франшызы заняў некалькі гадоў.

На пачатку 2016 года ў тэлекраму, дзе працаваў Ян, звярнулася па рэкламу расійская кампанія, якая хацела прадаваць у Беларусі чахлы на мэблю. «Рынак быў некрануты. Таму і продажы праз тэлекраму былі вельмі паспяховыя», — распавядае Ян.

З прадстаўніцтвам расійскай кампаніі не склалася. Хоць для нашай краіны чахлы і апынуліся «ваў»-таварам, умовы гандлю былі жорсткія. Бізнэсоўцы, якія працавалі ў Беларусі па франшызе, прыбытку амаль не мелі, нягледзячы на тое, што іх крама прыносіла ці не найвялікшыя выручкі кампаніі сярод сотні іншых.

І тады Ян з калегамі вырашылі брацца за сваю справу, хоць у раскрутку расійскага брэнду ўжо ўклалі шмат часу і сродкаў.

«За 20 дзён мы прыдумалі назву, айдэнтыку, усё абмалявалі і ўзгаднілі. Нават наўпрост на нарадах даводзілася накідваць эскізы, крэсліць, каб знайсці тое, што трэба. Цяпер мы маем свой брэнд «Сафатэкс», наўпрост дамовіліся з вытворцамі з Іспаніі і Італіі і пачалі развіваць уласную вытворчасць», — кажа бізнэсовец.

Ян Яраш.

Месца крамы выбіралі доўга.

«У чалавека ёсць унутраны ступар. Ён не можа набыць дарагую рэч, не памацаўшы яе папярэдне. А крама — гэта якраз такое месца. Мы шукалі кропку, куды лёгка даехаць і дзе багата нашых патэнцыйных кліентаў. Таму адразу вырашылі, што будзем суседнічаць з Камароўкай. Якраз за Домам мэблі адкрылі шоў-рум», — тлумачыць Ян.

Яркай плямай у гэтым раёне стала іх шыльда колеру фуксіі — модны ў гэтым годзе. «Выпадкова патрапілі ў трэнд, і дужа ўдала», — дадае кіраўнік.

Гандлююць чахламі крамнікі ў Мінску, а шыюць іх у Магілеве.

«Мы прааналізавалі попыт і дамовіліся са знаёмымі на пашыў чахлоў. Ёсць прэміум-калекцыі з дарагіх тканін, ёсць сярэднія па кошту і танныя варыянты. На калекцыю «Санторыя» нас натхнілі італьянскія калекцыі, выкарыстоўваем тут тэхналогію «біяласцік»», — адзначае Ян.

Асаблівасць біяласціку ў тым, што гэтая тканіна цягнецца ва ўсе бакі. Для мэблевых чахлоў гэта вельмі дарэчы, бо чахол добра выглядае на любой канапе ці фатэлі. Але магілёўскія майстры пайшлі далей, палепшылі тэхналогію і стварылі спецыяльнае спляценне нітак.

«Вось, глядзіце, калі тут адна нітка парвецца, то на чахле гэта будзе бачна, выгляд будзе неахайны. У нашым жа вырабе багата нітак, і калі адна з іх парвецца, то гэта асабліва ні на што не паўплывае і ніяк не праявіцца», — звяртае ўвагу Ян.

Ён тлумачыць, што колеры падбіралі паводле водгукаў пакупнікоў і магчымасцяў тэхнікі: «Мы заўжды гаворым з людзьмі, аналізуем, што цікавіць людзей, што яны шукаюць і пра што пытаюцца».

Ян распавядае, што неяк выправіўся ў адну вёску завесці замову спадарыні і моцна шкадаваў, што не ўзяў больш тавару: «Выйшлі суседкі, сталі цікавіцца ды распытваць, ці можна набыць тавар проста зараз. Мы размаўлялі вельмі доўга, затое цяпер я ведаю, што канкрэтна цікавіць нашых пакупнікоў».

Ад стартавых васьмі калекцый кампанія ўжо пашырыла асартымент да некалькіх дзясяткаў відаў тавару. Пашырыўся і дыяпазон коштаў: ад 100 да 700 рублёў за камплект.

Цяпер Ян з калегамі шукаюць прадстаўнікоў у іншых гарадах: «Мы самі працавалі па франшызе і ўжо разумеем, як не трэба камунікаваць з людзьмі. Калі вырашылі ствараць уласную сетку, то перш-наперш сталі прапаноўваць супрацу мясцовым, якія ведаюць лад жыцця сваёй супольнасці, разумеюць людзей і гэтак далей. Бо тое, што працуе ў Мінску, можа не даваць ніякага плёну ў Гомелі».

«Сафатэкс» сёння гатовы не толькі дапамагчы прадстаўнікам з навучаннем і стажыроўкамі, але і набраць супрацоўнікаў у краму: «Каб падабраць гандляра ў мінскую краму, мы правялі сумоўі амаль з 400 кандыдатамі і вызначыліся з партрэтам ідэальнага супрацоўніка. Акрамя таго, у нас ёсць пэўная колькасць пакупнікоў у рэгіёнах, якіх мы перанакіруем да сваіх партнёраў. Усе нашы веды і досвед зашытыя ў франшызу. Для нас важна, каб чалавек зарабляў на месцы і з таго быў прыбытак і нам, а не проста ўзяць грошы за франшызу».

Кліентаў шукаць не складана. «Наш кліент — любы чалавек, у якога ёсць канапа, фатэль ці крэсла. Але важна данесці чалавеку, што чахол — гэта выдатная альтэрнатыва перацяжцы ці замене мэблі», — дадае Ян.

УНП 192958555 ТАА «Еўрачахол»

Марыя Грыц, фота Паўла Аксіновіча

0
Маланка / Адказаць
18.05.2018 / 14:29
Нічога неверагоднага тут няма. расейская кампанія вас сабрала у адзін офіс, і справа не ў тым што вы мелі нізкі прыбытак, а вы : 1) зрабіліся аднадумцамі, 2)зразумелі, што вытворчы працэс тэхнічна - не складаны, фінансава - даволі танны, рынак збыту- у вас пад кантролем. Шляхі  зберажэння- магчымыя, за лік размяшчэння цахоў пашыва на перыферыі, ці нават скарыстання надомнікаў( магчыма інвалідаў). ПРАЦУЙ НА СЛАВУ і НА ПОСПЕХ!
Мае асабістыя прэтэнзіі да ЛУ менавіта у тым і ёсць. што ён не павёў краіну гэтым жа шляхам, страціў неймавернейшыя магчымасці для развіцця краіны. А вось Польша скарысталася гэтымі магчымасцямі у поўнай меры- і мае, тое што мае !. Больш за 20 гадоў мы ездзім у Польшу за розным таварам? Чаму гэтыя гуртоўні не стаялі на нашым беразе Буга? Колькі мільёнаў таварных адзінак прайшло праз РБ ў расею!? Калі б за гэтыя гады хоць па 1 даляру з кожнай адзінкі тавару асела у карманах беларусаў, то сёння б гэтыя грошы стварылі нашу лёгкую прамысловасць з нуля, мы б  мелі заводы/фабрыкі,  мелі працоўныя месцы і беларусы б не працавалі на эканомікі суседніх краін. Захішчаючы ,як бы, сваю прамысловасць, маем тое што маем....ані годнай прамысловасці , ані людзей ініцыятыўных, энергічных... Тое што тужыцца рабіць ЛУ- гэта развіццё шляхам МАДЭРНІЗАЦЫІ.  А Польша пайшла шляхам ВЕСТЭРНІЗАЦЫІ ! Адрозненне гэтых тэрмінаў нядаўна даў Ілларыёнаў- вельмі карысны і цікавы аналіз.
1
Кацярына Спрытная / Адказаць
18.05.2018 / 14:29
Артыкул канешне відавочна рэкламны, але звярнула ўвагу i была б толькi рада, каб у маiм горадзе адчынiлi такую краму. Бо калi сама сутыкнулася з неабходнасцю змены канапы, зразумела, што ў Беларусі на мой густ вельмі маленькі выбар цікавых мадэляў. А тут купiу чахол i вырашыў праблему.
0
г@сп@д@р / Адказаць
18.05.2018 / 14:32
"З прадстаўніцтвам расійскай кампаніі не склалася"

Чамусьцi я не здзiулены)
Паказаць усе каментары/ 13 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру