20.05.2018 / 12:45

«Бульбакласіка» Дынама — БАТЭ і іншыя цікавосткі восьмага тура чэмпіянату Беларусі па футболе 22

Разам з Букмекерскай канторай Марафон мы працягваем сачыць за чэмпіянатам Беларусі па футболе.

Напярэдадні вызначыўся ўладальнік Кубка краіны. Ім стала брэсцкае «Дынама» ў вельмі відовішчнай гульні берасцейцы перамаглі БАТЭ. «Дынама» двойчы саступала цягам гульні, але адыгрывалася, а потым і ўвогуле вырвала такую важную для сябе перамогу. Гледачы, якія прысутнічалі ў Магілёве, відавочна засталіся задаволеныя такой гульнёй. Берасцейцы заваёўваюць гэты трафей ужо другі год запар. Цяпер пераходзім да пар наступнага тура.

«Дняпро» — «Мінск»

Маскот ФК «Мінск» з заўзятарамі. Фота з vk.com.

Магілёўскі клуб шмат каго паздзіўляў у пачатку чэмпіянату, калі пэўны час нават ішоў у тройцы лідараў, выбілі з Кубку салігорскі «Шахцёр», папілі крыві ў чэмпіянаце БАТЭ. Адкрылі маладую зорку Фядосава. Але цяпер усё вяртаецца на ранейшыя месцы, «Дняпро» ў сярэдзіне табліцы і можа зваліцца яшчэ ніжэй.

А вось «Мінск» зваліўся на самае-самае дно турнірнай табліцы. Ніжэй за «гараджан» ужо няма нікога. І не сказаць жа, што гульня каманды аддае безнадзейнасцю, але маладыя таленты сталічнага клуба ніяк не могуць каваць перамогі для свайго клуба. Можа, ужо набраліся досведу і пара перамагаць?

Прагноз «НН»: «Дняпро» не саступіць.

«Тарпеда» — «Смалявічы»

Які ж драматычны матч мінскае «Тарпеда» правяло ў Барысаве. Да апошніх дзесяціхвілінкі «аўтазаводцы» трымаліся і не прапускалі ад БАТЭ. Потым суддзя паставіў вельмі спрэчнае пенальці ў момант кантакту Мухамедава і Шумілава. Стасевіч не забіў з адзінаццаціметровай, але Сігневіч дабіў. Суддзя Севасцьянік за той матч атрымаў «нездвальняюча» і адхілены ад абсулугоўвання чэмпіянату на дзве гульні. Слабое суцяшэнне для «Тарпеда». У гульні з БАТЭ яны заслугоўвалі ачкоў.

«Смалявічы» атрымалі сваю першую перамогу ў вышэйшай лізе. У мінулым туры пры добрай гульні яны перамаглі «Дняпро». Правінцыйная каманда прыцягвае да сябе ўвагу таксама добрай гульнёй іх 23-гадовага нападніка Валерыя Гарбачыка, які мае ўжо 4 забітых галы. У інтэрв’ю «Прессболу» Гарбачык прызнаўся, што самыя вялікія прызавыя, якія ён бачыў у сваёй кар’еры, складалі 170 даляраў.

Прагноз «НН»: «Тарпеда» не саступіць.

«Віцебск» — «Тарпеда-БелАЗ»

Гульня «Тарпеда-БелАЗ» і «Гомеля». Фота bymedia.by.

«Віцебску» не пашанцавала ў мінулым туры гуляць з абноўленым брэсцкім «Дынама». З новым настаўнікам берасцейцы забегалі зусім па-іншаму. «Віцебск» відавочна амбіцыйна паглядае на першую пяцёрку, але тыя самыя планы маюць многія каманды: «Шахцёр», «Слуцк» і, канечне ж, жодзінскае «Тарпеда». Віцябляне маюць дастаткова збалансаваны склад, які здольны да рашэння вялікіх задач.

«Тарпеда», як і папярэднія клубы Алега Кубарава, гуляе не дужа эфектна, але сваю справу робіць. На дадзены момант жодзінцы чацвёртыя ў табліцы. І ў гэтым плане гульня ў Віцебску дужа важная для абедзвюх каманд. Якая наблізіцца да лідараў, а якую будуць даганяць сераднякі.

Прагноз «НН»: нічыя.

«Гомель» — «Нёман»

«Гомель» ніяк не пераможа. Сем матчаў, чатыры нічыіх і тры паразы. Каманда на мяжы зоны вылета. Яскравай атакуючай гульнёй «бела-зялёныя» таксама не могуць пахваліцца. Сорамна, што каманды з абласных цэнтраў, дзе павінны быць добрыя ўмовы, паказваюць такія вынікі.

Справы ў гродзенскага «Нёмана» ідуць угару. Каманда здабыла ўжо другую запар перамогу. Хаця абедзве дасталіся са скандаламі. У гульні з «Гарадзеяй» суддзя матча Кульбакоў адмяніў пенальці, якое прызначыў у вароты «Нёмана». Было шмат спрэчак і звадак з гэтай нагоды, але БФФ прыняло рашэнне, што арбітр усё зрабіў правільна.

Прагноз «НН»: «Нёман» не саступіць.

«Гарадзея» — «Шахцёр»

Радасць «Шахцёра» ад перамогі над «Іслаччу». Фота vk.com.

У гарадзейцаў відавочны крызіс. Каманда ў зоне вылету, не можа перамагаць. Пакуль ніводзін гулец клуба не забіў больш за два галы ў чэмпіянаце. Настаўнік цукровай каманды Сяргей Яромка ж на заўвагі пра адстаўку адказвае журналістам: «Ты што, звар’яцеў?» Дарэчы, адстаўкі дапамаглі Брэсту і Салігорску, каманды пачалі гуляць заўважна лепш, можа, і ў выпадку з «Гарадзеяй» пракаціць?

«Шахцёр» жа адчувае пах крыві. Каманда нарэшце пабегла. У мінулым туры салігорцы мокрага месца не пакінулі ад «Іслачы». Асабліва пастараўся іх малады нападнік Кавалёў, аформіўшы дубль. Калі Салігорск працягне гуляць у такім жа духу, то каманда зноў можа ўклініцца ў разборкі за медалі. Для гэтага, праўда, трэба не губляць пункты з такімі супернікамі, як «Гарадзея».

Прагноз «НН»: перамога «Шахцёра»

«Іслач» — «Прамень»

У «Іслачы» зараз не самы просты перыяд. Каманда саступіла ў двух апошніх гульнях чэмпінату, апусцілася на дзясяты радок. «Іслач» — вельмі ўзроставы калектыў, таму да канца чэмпіянату ім будзе яшчэ цяжэй. Спадзяванні толькі на харызматычнага настаўніка «ваўкоў» Віталя Жукоўскага, які ў патрэбны момант здольны завесці каманду, даць ёй патрэбны імпульс.

А вось «Прамень», здаецца, канчаткова асвоіўся ў вышэйшай лізе. У кампаніі з больш вядомымі і майстравітымі камандамі «Прамень» адчувае сябе цалкам у сваёй талерцы. Праўда, мінскае «Дынама» зачапіць не змаглі, але настаўнік «Праменя» Іван Біёнчык сказаў, што пакуль гэта птушка не іх палёту.

Прагноз «НН»: тотал меней за 2,5.

«Слуцк» — «Дынама» (Брэст)

Радасць брэсцкага «Дынама» ад перамогі ў Кубку Беларусі. Фота з vk.com.

Трыумфатары кубка едуць у Слуцк. Новы настаўнік берасцейцаў Сяргей Кавальчук змог натхніць каманду на выдатную гульню. Кубкавы фінал з БАТЭ быў ці не самым цікавым паядынкам у беларускім футболе за апошнія гадоў дзесяць. Там прысутнічала ўсё: прыгожыя галы, нервы, драматургія. Калі б такіх матчаў хаця б пару дзясяткаў на сезон у нашым футболе, то людзі б зноў пайшлі на трыбуны.

«Слуцк» прыемна здзіўляе. Віталю Паўлаву атрымалася пабудаваць вельмі крэпкі калектыў. Івуарыйцы выпальваюць увесь цэнтр поля, а наперадзе найлепшы бамбардзір чэмпіянату Яўген Шыкаўка. Ён забіў у папярэднім туры «Мінску», захоча забіць і Брэсту. За Шыкаўкай трэба вельмі пільна сачыць.

Прагноз «НН»: перамога «Дынама».

«Дынама» (Мінск) — БАТЭ

«Дынама» пакуль галоўны супернік БАТЭ за залатыя медалі. Усе чакалі прарыву ад Брэста. Заглядаліся на салігорскіх легіянераў, а вось пра «Дынама» крыху несправядліва забывалі. Пакуль мінчукі ж упэўнена штампуюць перамогі. Паразаў у клуба няма ўвогуле. Гульня з БАТЭ ў гэтым плане вельмі шмат што значыць для калектыва Гурэнкі.

Матчы «Дынама» і БАТЭ некаторыя называюць «бульбакласіка». Дурная назва, а вось гульня павінна быць файнай. БАТЭ будзе рваць, каб рэабілітавацца за кубкавы правал. Цікава, ці выйдзе зноў у аснове Аляксандр Глеб. Матч з Брэстам ён правёў вельмі добра. У БАТЭ пакуль няма стратаў ачкоў у гэтым чэмпіянаце. Яны вельмі мараць працягнуць пераможную серыю.

Прагноз «НН»: перамога БАТЭ.

Зноў заклікаем вас хадзіць на стадыёны і заўзець за ўлюбёныя клубы. Іншых у нас няма. А каб прагляд футболу быў больш цікавым, раім зрабіць стаўку ў Букмекерскай канторы Марафон! 

Зміцер Панкавец

8
ЮРАСЬ / Адказаць
20.05.2018 / 13:03
Выбачайце, але слова "бульбакласіка" гучыць прыніжальна для кожнага беларуса. Прызнацца, не чакаў такога ад НН (???) Можаце ўявіць сабе анонс цэнтральнага матча ў Расіі як "Маскалькласіка" , а ва Украіне як "Хахолкласіка"?  Таму нямала здзіўлены! Не, не здзіўлены, а проста абураны!!!
5
Нехта / Адказаць
20.05.2018 / 13:15
Сомневаюсь, что "бульбасико" получится таким же годным, как матч за кубок. 
22
Крым и Рым / Адказаць
20.05.2018 / 13:59
ЮРАСЬ, в этом мы и отличаемся от россиян и украинцев - мы воспринимаем слово "бульбаши" с иронией и самоиронией, и в отличие от них без детских и глупых обид.
Паказаць усе каментары/ 22 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру