21.05.2018 / 15:43

У столінскай бальніцы памерла жанчына: трапіла ў кому пасля ўколу антыбіётыку. Ізноў цэфтрыяксон 57

45-гадовая Сняжана Шпакоўская лягла 18 мая на гінекалагічную аперацыю ў Столінскую раённую бальніцу. Аперацыя прайшла паспяхова. Але потым здарылася бяда.

У Сняжаны Шпакоўскай было трое дзяцей.

«Там нічога сур’ёзнага не было. Маленькая аперацыя — выдалілі паліп, і ўсё, — кажуць сваякі Сняжаны. — Пасля таксама ўсё было добра. У пятніцу ўвечары яна пазваніла дачцэ ў Маскву, сказала, што ідзе на ўкол. І ўсё».

Пасля ўколу жанчыне стала кепска, расказваюць сваякі. Яна пайшла ў прыбіральню, думала, што ванітуе. Аднак там пачала задыхацца, закрычала, пачала клікаць на дапамогу. Прыбег персанал бальніцы, Сняжану павезлі ў рэанімацыю.

Затым яна трапіла ў кому, з якой так і не выйшла, кажуць сваякі. Дактары ратавалі Сняжану ўсю ноч, некалькі разоў у жанчыны спынялася сэрца, яго заводзілі ізноў. Але раніцай 19 мая, у суботу, Шпакоўская памерла.

Па інфармацыі «Нашай Нівы», жанчыне калолі цэфтрыяксон — антыбіётык. Ён нярэдка выкарыстоўваецца пасля аперацый для прафілактыкі інфекцый.

«Сняжана была жанчына-жыўчык. Поўная энергіі і вельмі здаровая. Акрамя стаматолагаў, да дактароў не хадзіла, ніколі ні на што не хварэла, — расказваюць сваякі Шпакоўскай. — Але яна была вельмі праблемным алергікам. Пра тое і яна ўсім казала пастаянна, і ў медкартцы ў яе быў запіс. Дактары пра алергіі мусілі ведаць».

Дарэчы, у рэакцыях, якія можа выклікаць цэфтрыяксон, — якраз анафілактычны шок.

Але Пятро Пашкевіч, галоўны доктар столінскай бальніцы, запэўнівае: у медыцынскіх дакументах Шпакоўскай не было інфармацыі, што ў жанчыны алергія на якія-небудзь лекі.

«Пакуль высновы рабіць рана. У нас увесь дзень 19 мая была камісія Міністэрства аховы здароўя. Пытанне будзе яшчэ разглядацца, хутчэй за ўсё, нават у міністра. Але ў медыцынскай дакументацыі Шпакоўскай пра алергію на медпрэпараты нічога не было, — распавёў «Нашай Ніве» Пашкевіч. — У прынцыпе, любы прэпарат можа выклікаць алергічную рэакцыю, але гэта, хутчэй, залежыць ад асаблівасцей арганізма, чым ад прэпарата».

У сваю чаргу Аляксей, муж Шпакоўскай, кажа, што калісьці Сняжана ставіла ўнуку ўкол цэфтрыяксону. І ад кантакту скуры з прэпаратам у яе адразу пачалася рэакцыя — твар пайшоў чырвонымі плямамі.

«Невядома, ці спыталі ў яе пра алергіі і праблемы з медыкаментамі. Ці папярэдзілі дактары, што ёй будуць калоць той цэфтрыяксон? Бо яна б абавязкова сказала, што могуць быць праблемы», — упэўнены Аляксей.

«Адзінае, што пакуль магу шчыра заявіць, гэта тое, што доктар намагаўся якасна аказаць медыцынскую дапамогу», — кажа Пётр Пашкевіч.

Далейшыя высновы мусяць зрабіць камісіі, экспертызы і следчыя. Муж Сняжаны ўжо напісаў заяву ў Следчы камітэт, у бальніцы забралі дакументацыю.

«Але я не хачу, каб кагосьці пасадзілі. Хачу, каб у будучыні такога больш не здаралася. Хай глядзяць і думаюць пра наступствы, — кажа Аляксей. — Хачу, каб трохі мазгамі думалі».

Сняжану Шпакоўскую пахавалі днём 21 мая. У яе засталося трое дарослых дзяцей і шасцёра ўнукаў.

Адзначым, што ўскладненні пасля прымянення цэфтрыяксону не раз здараліся і летась.

Трэці выпадак за тыдзень: у Ганцавічах ратавалі дзяўчынку пасля ўколу цэфтрыяксону

Барысаўскі школьнік патрапіў у рэанімацыю пасля ін'екцыі расійскага антыбіётыку

Улад Швядовіч

83
Ирина / Адказаць
21.05.2018 / 15:48
А кто это? 
86
Ирина / Адказаць
21.05.2018 / 15:48
Кто это и почему ее мнение надо знать? 
2
Пацыфіст / Адказаць
21.05.2018 / 15:49
Шчырыя спачуванні сям'і.
Паказаць усе каментары/ 57 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру