Аўтар звяртае ўвагу на тое, што беларуска-расійскія і беларуска-заходнія адносіны не простыя, і за кожнай новай хваляй іх абвастрэння Лукашэнка патрабуе ад чыноўнікаў актывізаваць супрацоўніцтва з краінамі «далёкай дугі».

У першыя гады прэзідэнцтва гэта праяўлялася нават у большай ступені — тады Лукашэнка пазіцыянаваў сябе як антызаходняга лідара. Lenta.ru нагадала, што ў пачатку 2000-х Лукашэнка сябраваў з Садамам Хусэйнам і нават прапанаваў яму палітычны прытулак. Таксама сяброўскія адносіны былі ў кіраўніка Беларусі і з Муамарам Кадафі і Фідэлем Кастра.

Такія кантакты беларускага кіраўніцтва аўтар тлумачыць наступным чынам:

«Для беларускай дзяржавы 2000-я былі вельмі цікавым перыядам. Рэспубліка перажывала эканамічны рост, жыццё людзей паляпшалася на вачах, ва ўжытак ледзь не ўвайшоў выраз «беларускі эканамічны цуд». Усё гэта прывяло да голавакружэння ад поспехаў. Праўладныя эксперты пачалі заяўляць, што ў Беларусі з'явілася магчымасць прэтэндаваць на новы, больш высокі замежнапалітычны статус. Гэтая тэндэнцыя асабліва ярка выявілася на фоне паступовага пагаршэння адносін з Расіяй»,

— піша Lenta.ru.

Аднак у Беларусі так нічога не атрымалася — арабскія нафтавыя манархіі не жадалі сур'ёзна ўкладвацца ў беларускую эканоміку.

Асобна спыніўся аўтар на беларуска-венесуэльскім супрацоўніцтве. Як ён лічыць, пастаўкі венесуэльскай нафты і шматлікія інфраструктурныя праекты былі выкліканы жаданнем знайсці альтэрнатыву расійскай нафце.

«Прадстаўнікі Мінска ва ўсе галасы распавядалі пра відавочную выгаду аперацый з заакіянскім «чорным золатам», пры гэтым, аднак, адмаўляючыся адказваць на прамыя пытанні пра яго кошт. Лукашэнка ж не скупіўся на пахвалы на адрас Чавеса, які, паводле яго слоў, дапамог Беларусі ў справе непахіснага адстойвання ўласнага суверэнітэту»,

— піша Lenta.ru.

Далей, узгадвае аўтар, Беларусь пачала ўсё ж крок за крокам паляпшаць адносіны з Захадам, а надзеі на эканамічную экспансію ў краіны «далёкай дугі» былі пакінутыя. Але гэта не перашкаджала Беларусі гандляваць зброяй.

Аўтар сцвярджае, што беларуская зброя праз перакупаў трапляла ў рукі лівійскіх ісламістаў і сірыйскіх прыхільнікаў «Ісламскай дзяржавы»:

«Фактычна складаецца сітуацыя, калі зброя з адной краіны Саюзнай дзяржавы будзе выкарыстана супраць салдатаў з іншай. Але беларускія ўлады гэта, падобна, не бянтэжыць»,

— піша аўтар Lenta.ru.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?