Расейскі Першы тэлеканал зрабіўся ахвярай беларускай цэнзуры. Апошні выпуск штотыднёвай праграмы «Пражэктарпэрысхілтан» у беларускім эфіры выявіўся скарочаным на некалькі хвілінаў. Гэта сатырычная праграма, у якой вядоўцы п’юць гарбату, трушчаць печыва ды, гартаючы газэты, падводзяць вынікі тыдня, давячыся з рогату.

У выразаным кавалку вядучыя перадачы параўноўвалі Аляксандра Рыгоравіча з ангельскай каралевай ды абмяркоўвалі навіну пра адмену забароны беларускаму прэзыдэнту на ўезд у краіны Эўрасаюзу (выказвалася гіпотэза, што найперш ён наведае Дыснэйлэнд).

«З нашага прэзыдэнта жартуюць даволі часта, напрыклад, у КВК. Але трэба разумець розьніцу паміж проста жартамі і жартамі, што называецца, на мяжы, за якімі могуць быць сур’ёзныя наступствы, — пагрозьліва заявіла прэс-служба ОНТ журналісту газэты «КП у Беларусі», які патэлефанаваў на тэлебачаньне з просьбай пракамэнтаваць інцыдэнт. — У сваёй працы мы кіруемся законам, у тым ліку і Крымінальным кодэксам, у якім прадугледжана адказнасьць за публічную абразу гонару і годнасьці Аляксандра Лукашэнкі. І калі мы лічым, што які-небудзь жарт падпадае пад гэты артыкул КК, мы прымаем рашэньне не выпускаць яе ў эфір».

Адзін зь вядоўцаў праграмы «Пражэктарпэрысхілтан» Сяргей Сьветлакоў так пракамэнтаваў сітуацыю: «Калі хто-небудзь думае пра цэнзуру, то вазьму на сябе сьмеласьць абвернуць гэтую шалёную думку. Уся справа ў тым, што кавалак перадачы пра Лукашэнку, які не ўвайшоў у эфір, урад вырашыў прадаваць у Беларусі асобна на DVD. Гэты ролік, несумненна, зробіцца гітом».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?