Рэдактарка барысаўскай раёнкі Вера Пратасевіч у 2011 годзе была прызнана Чалавекам года Міншчыны.
Опусы Веры Пратасевіч ацанілі і ў Міністэрстве інфармацыі.
Барысаўскі райвыканкам за невыкананне ў дзейнасці газеты «Адзінства» і інфармацыйнага рэсурсу edinstvo.by патрабаванняў закона Рэспублікі Беларусь «Аб сродках масавай інфармацыі» рэдактару дзяржаўнай установы «Рэдакцыя газеты «Адзінства» Веры Пратасевіч 7 мая 2018 года зрабіў заўвагу.
Ёй таксама ўказана на неабходнасць захавання нормаў прафесійнай этыкі журналіста і беларускага заканадаўства. Такая рэакцыя на творчасць рэдактара заснаванай Барысаўскім райвыканкамам газеты прагучала пасля таго, як Мінскі аблвыканкам звярнуў увагу старшыні райвыканкама Генадзя Дзенгалёва на нарматыўныя прававыя прадпісанні, якія змяшчаюцца ў частцы трэцяй артыкула 29 Закона аб СМІ.
У пачатку 2018 года рэдактарка «Адзінства» апублікавала некалькі тэкстаў, у якіх у негатыўным ключы ацэньвалася дзейнасць шэрагу барысаўцаў, у тым ліку тых, хто супрацоўнічае з сайтам EX-PRESS.BY. Прычым у выразах аўтар публікацый не стрымлівалася.
Факты парушэння нормаў журналісцкай этыкі рэдактарам дзяржаўнага выдання не выклікалі сумневы нават у органаў улады.
На іх адрэагавалі і ў Міністэрстве інфармацыі, куды Пратасевіч была спецыяльна запрошаная з гэтай нагоды. У Міністэрстве ёй строга ўказалі на недапушчальнасць размяшчэння ў СМІ і на інфармацыйным рэсурсе падобных матэрыялаў, а таксама на неабходнасць аператыўнага рэагавання на заўвагі і прапановы, якія паступаюць у рэдакцыю.
Вядома, заўвага — гэта не вымова, і ўжо тым больш не адхіленне ад пасады. Тым не менш, дзейнасць Веры Пратасевіч стварыла цікавы прэцэдэнт, вельмі нехарактэрны для нашых дзён.
Опусы рэдактара, у якіх даецца негатыўная ацэнка дзейнасці шэрагу барысаўчан, ужо зніклі з сайта дзяржаўнай газеты, а вось з газетных палос іх не прыбярэш. І гэта, у прынцыпе, пакідае рэальнай судовую перспектыву.
Скрыншот з сайта «Адзiнства». Адзін з прыкладаў зносін галоўнага рэдактара з чытачом…