Больш за два месяцы беларускі бок чакаў адказу на запыт аб надглядзе Нікі Кошар у аэрапорце Вільні, калі беларусцы зрабілі эндаскапію. Адказ беларускае пасольства ў Літве атрымала 22 мая, піша Tut.by.

— Літоўскі бок пацвердзіў факт дэталёвага надгляду, у якім бралі ўдзел і медыцынскія спецыялісты. Кампетэнтныя органы Літоўскай Рэспублікі абавязаныя праводзіць праверку прыезджых і рэчаў, якія імі перавозяцца, — каментуе TUT.BY прэс-сакратар пасольства Беларусі ў Літве Павел Слюнькін. — Спадарыня Богдан (у пашпарце ў Нікі Кошар іншае прозвішча) намі была пра гэта паінфармаваная. Пасольства выказвае гатоўнасць да аказання далейшага консульскага садзейнічання нашай грамадзянцы па гэтым здарэнні, у выпадку ініцыявання ёю адпаведнага разбору ва ўстаноўленым заканадаўствам Літоўскай Рэспублікі парадку.

Літоўскі бок не знайшоў ніякіх парушэнняў пры надглядзе беларускі Нікі Кошар.

Нагадаем, гісторыя адбылася 15 сакавіка ў аэрапорце Вільні. Дзяўчына ляцела з Перу з перасядкай у Амстэрдаме, а калі самалёт прызямліўся ў Вільні, яе ўжо чакалі мытнікі. Аказалася, беларуску падазравалі ў кантрабандзе наркотыкаў. Як апісала сама Ніка, яе прымусілі падпісаць дакументы на літоўскай мове, адмовіліся прадастаўляць адваката і спярша адправілі на рэнтген, затым — на эндаскапію. Наркотыкі не знайшлі, на развітанне Кошар сказалі: «Выбачайце за дастаўленыя нязручнасці, прыязджайце да нас яшчэ».

У беларускі ёсць права звярнуцца ў суд у Літве, але яна «вырашыла пакінуць гэтую гісторыю ў мінулым».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?