Як перадае сайт newgrodno.by, скульптуру знакамітага гродзенскага палкаводца і дзяржаўнага дзеяча Вялікага Княства Літоўскага ўсталявалі ў самым цэнтры горада на скрыжаванні вуліц Замкавай і Давыда Гарадзенскага напярэдадні XII Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур.
Чатырохметровы помнік з шэрага граніту, спецыяльна замоўленага з Мансураўскага радовішча ў Расіі, складаецца з дзвюх частак: пастамента і самой скульптуры.
Аўтар працы — мінчанін Сяргей Аганаў. У скульптурнай кампазіцыі непераможны ваяр і палкаводзец Вялікага Княства Літоўскага як адзінае цэлае з канём, як глыба, сімвал крэпасці, бо пры ім крыжакі так і і не змаглі захапіць Гродзенскі замак. Характэрны суровы твар непераможнага воіна. У левай руцэ, пакладзенай на сэрца, трымае крыж. Пакорлівы гаспадару конь схіліў галаву. Ля падножжа — старажытны замак часоў Вялікага Княства Літоўскага. З адваротнага боку — Каложская царква, ля сцен якой Давыд Гарадзенскі быў пахаваны.
Урачыстае адкрыццё помніка пройдзе 1 чэрвеня.