Папулярны расійскі сайт «Военное обозреніе», які паводле звестак similiarweb мае больш за 30 мільёнаў карыстальнікаў за месяц, апублікаваў матэрыял з цынічнай назвай «Рэспубліка Беларусь як залішняя структура». Аўтар Алег Ягораў спрабуе перавесці размову пра сэнс існавання Беларусі ў чыста эканамічную плоскасць. Ён параўноўвае дзяржаву з бізнэс-холдынгам. Калі холдынг высакадаходны — яго самастойнасць апраўданая. А калі ён стратны (як Беларусь), то павінен быць ліквідаваны.
«Военное обозреніе» піша, што за гады незалежнасці структура вытворчасці ў Беларусі дэградавала настолькі, што прыбытак рэальна генеруюць толькі 2 нафтаперапрацоўчыя заводы і «Беларуськалій». І гэтыя 3 прадпрыемствы атачае 10-мільённая дзяржава, піша расійскі аналітык.
«Гэта значыць, з аднаго боку, тыя самыя беларусы, з другога боку — Расія з яе нафтай, датацыямі і рынкам працы, а пасярэдзіне «цвік», то бок нейкае мутнае дзяржаўнае ўтварэнне, якое актыўна спрабуе выжыць на беднай рэсурснай базе, усяляк прыцягваючы да сябе ўвагу і ўстаўляючы палкі ў колы Расіі»,
— піша Ягораў.
Аўтар піша, што дзяржава кіруе беларускімі НПЗ вельмі неэфектыўна, а нафта на іх можа выкарыстоўвацца толькі расійская. Такім чынам Ягораў сцвярджае, што гэтым заводам будзе добра ў складзе Расіі.
«Пытанне: навошта вакол 2 НПЗ, якія сядзяць на давальніцкай нафце, гарадзіць асобную дзяржаву з нейкай «асаблівай» мовай?»
— не супакойваецца аўтар.
Далей «Военное обозреніе» піша, што за гады незалежнасці Беларусь так і не стварыла сучасных высокатэхналагічных вытворчасцяў, таму не мае права на ўласную дзяржаву. Аднак адразу ж Ягораў узгадвае Мінскі завод колавых цягачоў — яго б аўтар хацеў бы бачыць таксама ў складзе Расіі. «Военное обозреніе» абураецца, што завод супрацоўнічае з кітайцамі і прагназуе МЗКЦ хуткую гібель.
Таксама аўтар амаль запаляецца гневам з-за таго, што Беларусь выкарыстоўвае парты краін Балтыі замест расійскіх. Не хавае свайго смутку Ягораў і калі піша пра вайскова-эканамічнае супрацоўніцтва Беларусі і Украіны:
— Для Лукашэнкі загрузіць прыбалтыйскія парты / забяспечыць армію Украіны саляркай нават важней, чым загрузіць уласныя НПЗ… не чалавек — золата.
Аўтар адзначае, што Беларусь вельмі моцна завязана на расійскую эканоміку, а эліты ў Беларусі празаходнія, таму такі стан рэчаў не можа працягвацца бясконца.
У тое, што ў Беларусь змогуць прыйсці заходнія інвестары, а сама краіна інтэгравацца ў заходнія эканамічныя аб'яднанні, Ягораў не верыць.