Суд вынес рашэнне па справе шматдзетнага бацькі з Барысава, які ўчыніў скандал у школе. Напярэдадні пракурор папрасіў прызнаць яго вінаватым па ч. 1 арт. 339 КК (Хуліганства) і прысудзіць да аднаго года пазбаўлення волі з адтэрміноўкай пакарання, паведамляе Tut.by.
— З улікам персоны абвінавачанага, прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці, а таксама з улікам таго, што ў ходзе судовага паседжання ён фактычна не прызнаў сваю віну, пракуратурай Барысаўскага раёна было прапанавана пакаранне ў выглядзе аднаго года пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання прысуду на год. Сёння суд Барысаўскага раёна прызнаў мужчыну вінаватым і прызначыў пакаранне ў выглядзе штрафу ў 200 базавых велічыняў (4900 рублёў), - пракаментавала Наталля Ленартовіч, старшы памочнік пракурора Барысаўскага раёна.
На лаве падсудных 39-гадовы шматдзетны бацька Аляксандр апынуўся пасля скандалу, які ён учыніў у школе. 15 лютага бацьку сямікласніка выклікалі на савет па прафілактыцы правапарушэнняў непаўналетніх. Настаўнікі хацелі абмеркаваць паводзіны хлопчыка. Але з першых секунд размовы тата паводзіў сябе агрэсіўна.
— Калі Аляксандр зайшоў з сынам, груба спытаў: «Што трэба? Чаго вы ад мяне хочаце?». А потым кожнаму сказаў: «Хто ты? Хто ты?».
Мае настаўнікі сталі прадстаўляцца па чарзе, я прапанавала пагаварыць спакойна, бо нічога страшнага не адбылося. А калі стала зачытваць прычыну выкліку, тата перапыніў: «Хопіць, я ўсё зразумеў». Далей усё адбывалася хутка, — распавядала ў судзе дырэктар школы. — Ён адштурхнуў нагамі крэсла, стаў у зласлівую позу, накінуў на сябе капюшон, узяў ключы і кінуў іх на стол.
Потым тры разы ўдарыў кулаком па стале са словамі: «Поскудзі, урою! Не выйдзеце адгэтуль!».
А затым спрабаваў перакуліць на нас стол, але ўпала толькі адна яго частка. Далей ён штурхнуў нагой крэсла і тое паляцела ў гаршчок. Дзіця кінулася да яго: «Тата, не трэба тут!». Сыходзячы, тата тузануў ручку так, што яна зламалася, абсыпалася тынкоўка. Была хвілінная паўза.
У дачыненні да мужчыны распачалі крымінальную справу па ч.1 арт. 339 КК (Хуліганства), а прычыненая шкода ў школе была ацэнена ў 54 рублі 51 капейку. У крымінальнай справе 6 пацярпелых, гэта настаўнікі, на вачах якіх адбываўся скандал.
Ужо падчас суда Аляксандр прызнаўся, што яму сорамна за свае паводзіны, дэбош у школе ён патлумачыў праблемамі на працы.
- Каб трапіць на савет прафілактыкі, давялося адпрасіцца на працы. Да гэтага раіўся з калегамі, мяне ўвялі ў зман, сказалі, сына могуць адправіць на псіхалагічную экспертызу. Я хваляваўся. Разумееце, у той час працаваў у Мінску, уставаў у 5-й раніцы, у 9-й вечара вяртаўся. У той дзень спяшаўся на сустрэчу па працы, а мяне яшчэ накруцілі, — казаў падчас допыту ў судзе Аляксандр. - Сорамна за свае дзеянні, вінаваты, не хацеў уводзіць людзей у замяшанне (паказаў рукой на пацярпелых). У мяне само знаходжанне ў школе выклікала дыскамфорт, слухаць нікога не хацеў. Можа, гэта нервовы зрыў?
Прысуд не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны. Як паведамілі ў пракуратуры Барысаўскага раёна, дзяржабвінаваўца гэтым правам не скарыстаецца.