У нядзелю ў менскім Палацы мастацтваў прайшоў дзясяты зьезд Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. Сярод гасьцей зьезду былі пісьменьнікі Ніл Гілевіч, Анатоль Вярцінскі, Уладзімер Арлоў, палітыкі Вінцук Вячорка, Лявон Баршчэўскі, Павал Севярынец, Пятро Краўчанка, дыплямат Стэфан Эрыксан, сьвятар Уладзіслаў Завальнюк.

Разам з тым, варта адзначыць, што большую частку дэлегатаў зьезду прадстаўлялі людзі сталага ўзросту. Моладзі відавочна бракавала. Старшыня ТБМ Алег Трусаў на гэта адзначае, што моладзь абірала дэлегатамі зьезду людзей больш старэйшых і паважаных.

Трусаў і на гэты раз быў адзіным прэтэндэнтам на пасаду старшыні. За ягоную кандыдатуру выступілі адзінагалосна. У намесьнікі чарговы раз абраныя Людміла Дзіцэвіч і Алена Анісім, а таксама ўпершыню Дзяніс Тушынскі і Ірына Марачкіна.

Галоўным рэдактарам «Нашага слова» вырашана пакінуць Станіслава Судніка. Хаця сам сп.Суднік прызнаваўся, што гатовы перадаць гэтае месца каму‑небудзь іншаму. Жадаючых не знайшлося.

Алег Трусаў падзячыў дэлегатам за тое, што яны падтрымалі ягоную кандыдатуру. «Часам мы не разумеем, што робім неверагодную працу. Галоўны наш вораг — гэта лянота, а ня нейкая ўлада», — сказаў А.Трусаў.

Па сканчэньні працы зьезду спадар Трусаў, у якога гэта ўжо пяты тэрмін на пасадзе
старшыні ТБМ, падзяліўся сваімі ўражаньнямі з карэспандэнтам «НН».

«Першае, што нам зараз трэба зрабіць прыняць праграму сьвяткаваньня 20‑ых угодкаў ТБМ. Трэба давесьці да ладу ўсе дакумэнты, а пасьля даслаць іх адрасатам. Найперш гэта зварот да Лукашэнкі, каб былі ўнесеныя зьмены ў Закон аб мовах. А таксама наш зварот да грамадзянаў краіны ў сувязі з перапісам, які пройдзе налета. Што да арэнды памяшканьні, то калі людзі будуць нам дасылаць ахвяраваньні, то пытаньне ўдасца вырашыць», — кажа А.Трусаў.

Якія грамадзкія сфэры сёньня найбольш патрабуюць беларусізацыі?

«Перадусім тэлебачаньне, гэта нашае самае балючае пытаньне. Цяпер ім і будзем займацца. Будзем накіроўваць звароты, зьбіраць подпісы. У мяне адчуваньне, што і іх мы вось‑вось зломім. Чакаць нядоўга засталося».

Ці ёсьць нейкія станоўчыя спадзяваньні ў сфэры ўжываньня беларускай мовы?

«Яны адбываюцца штодня. Паглядзіце на рэкляму нашых гарадоў. Вось прыйшоў новы мэр майго роднага Мсьціслава загадаў усе канфэрэнцыі па‑беларуску праводзіць. Прыяжджаю дахаты, а там усе па‑беларуску гавораць. Гэта тураўскі хлопец. Ён пачаў рэстаўрацыю гораду, паставіў помнік Грунвальду. Зараз ідзе зьмена начальства ва ўсёй краіне. Прыходзяць да ўлады «хлопцы Адраджэньня». Ім 35‑40 гадоў, яны са сьцягамі хадзілі на мітынгі. Праз 5‑6 гадоў яны ўжо стануць прэзыдэнтамі. Я веру, што яны ўсё зьменяць. Верхняя ўлада таксама захісталася».

Ці рыхтуе Трусаў пераемніка?

«Я ўжо маю. Дзяніса Тушынскага, ня проста так ён жа зьявіўся. Хлопец добра падрыхтаваны, гаворыць па‑ангельску. У шмат чым лепшы за мяне».

Наступны зьезд ТБМ пройдзе ў 2011 годзе.

* * *

Ураджэнец Амсьціслава Алег Трусаў узначальвае ТБМ ад 17 красавіка 1999 году, ён быў абраны старшынём на VI зьездзе арганізацыі. Такім чынам гэта ўжо яго пяты тэрмін.

У наступным годзе ТБМ споўніцца 20 год.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?