Ва Украіне іх каля 1,8 млн — тых, хто пакінуў часова акупаваныя Крым, Данецкую і Луганскую вобласці і пераехаў ва «ўкраінскую Украіну». Тых, хто вымушаны быў пакінуць свае дамы і пасаджаныя дрэвы. Вялізная лічба. Гэта можна параўнаць з бежанствам у час Першай сусветнай ці перасяленнем людзей з пацярпелых пасля чарнобыльскага выбуху раёнаў. Але калі ў апошніх выпадках перамяшчэнне вялікай колькасці людзей было арганізавана дзяржавай і так ці інакш ёю фінансавалася, то тыя, хто зараз ва Украіне пакінуў наседжаныя гнёзды, прынялі гэтае рашэнне цалкам самастойна, на свой страх і рызыку.

Калі адбываюцца такія маштабныя перасяленні — гэта стрэс для перасяленцаў, а таксама і для краіны ў цэлым. За кожным перасяленцам — свая драма, свая непрытульнасць і крыўда, шок і перажыванні.

З тых данчан, з якімі я гаварыла, большасць вымушана часцей ці радзей бываць на акупаваных тэрыторыях, бо там засталіся іх сваякі, маёмасць. І яны баяцца рэпрэсій новых улад, ад якіх, нават знаходзячыся ва Украіне, застаюцца залежнымі. Усе яны пагадзіліся гаварыць пры ўмове, што не будзе фота.

Пытанні да ўсіх, хто пагадзіўся на інтэрв’ю, былі прыкладна аднолькавымі. Як пачыналіся і развіваліся падзеі ў Данецку? Што падштурхнула да пераезду? Як рыхтаваліся да пераезду, што ўзялі з сабой? Што сталася з маёмасцю, якая засталася на тым баку? Як сустрэла Украіна? А хто там застаўся, на акупаваных тэрыторыях? Якой яны бачаць будучыню?

Размаўляючы з перасяленцамі, я зразумела, што — як, мусіць, і большасць людзей у Беларусі — зусім мала ведаю аб рэальным жыцці Данбаса на працягу апошніх чатырох гадоў… Многае ў аповедах было зусім нечакана пачуць.

Гэта дзіўная вайна і дзіўнае бежанства.

Вось тры гісторыі зусім розных людзей.

Аляксандра: У Данецку галеча і хваробы…

У Данецку Аляксандра (імя змененае) працавала ў візавым цэнтры, цяпер яна жыве ў Кіеве і працуе ў міжнароднай гуманітарнай арганізацыі.

Мне 28 гадоў. Я нарадзілася і пражыла ўсё сваё жыццё ў горадзе Макееўка, вельмі блізка ад Данецка. Практычна наш раён адносіцца і да Макееўкі, і да Данецка. У мяне ёсць мама і тата, была бабуля, але яна нядаўна памерла. Вайна нас раздзяліла. Калі мы пераехалі з Макееўкі, яна засталася там. Пасля гэтага я яе бачыла нячаста, а цяпер зусім не пабачу. Вайна моцна ўздзейнічае на людзей, мяняе іх псіхалагічны стан. Бабуля прыймала снатворнае, каб заснуць, і гэта паўплывала на яе здароўе… У аўторак яна памерла ад ішэмічнай хваробы сэрца…

Тата і мама пераехалі разам са мной у Кіеў восенню 2015 года.

Да пачатку канфлікту нічога не веставала, што падзеі будуць развівацца так. Я працавала ў візавым цэнтры. Усё пачалося з Майдану. Мы думалі, што мірна даб’ёмся пераменаў да лепшага, але… У красавіку 2014 года я захварэла і на 2 тыдні трапіла ў бальніцу. Калі я выйшла 14 красавіка, на вуліцах былі блокпасты. Якія блокпасты, адкуль, хто іх паставіў? Нічога не ясна. Гэта былі ўзброеныя людзі пераважна ў цывільным. Хто гэта быў? Нам казалі, што гэта мясцовыя. Усё было няясна. Нейкія машыны на вялікай хуткасці ездзілі па вуліцах… Я выйшла на працу. Усё нібыта спакойна. Але ў маі пачаліся ўзброеныя захопы дзяржустаноў. Уявіце: белы дзень, наш офіс знаходзіцца ў «Оўшэн Плаза», цэнтр Данецка. Чуем стрэлы. Нас выводзяць па паркінгу на вуліцу і адпускаюць дадому. Аднойчы выстрал з аўтамата ледзь не трапіў у маю калегу. З Луганска ў гэты час калегі з такога ж візавага цэнтра паведамлялі, што працаваць нельга, страляюць. Па начах там людзі спускаліся ў падвалы. У канцы мая ў Данецку ўвялі каменданцкі час. Хто яго увёў — не знаю. Сказалі: нельга знаходзіцца на вуліцах вечарам і ноччу. І ўсё.

У чэрвені наш офіс закрылі. Консульства Польшчы, консула ды ўсіх польскіх супрацоўнікаў вывезлі. Перад намі выбар: або паехаць з офісам, але тады ты павінен сам знайсці сабе кватэру на новым месцы, арганізаваць і аплаціць пераезд. А калі ты застаешся тут на месцы, то месца працы за табой захаваецца. Мы спадзяваліся, што за месяц усё вырашыцца.

Я вырашыла застацца. У гэты час майму тату паставілі дыягназ — рак. Мама яму дапамагала. Я не магла пакінуць бацькоў. Засталася. Трое з маіх калег з’ехалі, двое звольніліся.

Чэрвень. Мы з мамай ідзём па цэнтру Данецка і разумеем, што нешта не тое. Нікога абсалютна на вуліцы няма. «Макдональдс» закрыўся, міжнародныя кампаніі сталі закрывацца. Мы не ведалі, што ў гэты час ішоў захоп данецкай адміністрацыі. Пасля гэтага захопу і ўзнікла ўлада, якая і зараз існуе ў Данецку.

Усё пачыналася са Славянска. Мы сачылі, мы думалі, што гэты зародак паганы там падавяць. У нас вялікая цудоўная краіна, у нас армія, і нейкія не зразумела адкуль узятыя нікчэмныя людзі будуць падаўленыя. Але чамусьці гэта не спынілася, гэта прыйшло ў Данецк. Я не ведаю, чаму так адбылося.

А многія ж былі супраць. Калі памятаеце, калі быў рэферэндум, то даняччане нібыта прагаласавалі за ДНР. Гэта не так. Толькі пенсіянеры абалваненыя галасавалі. Маладыя, адукаваныя людзі былі супраць. І цяпер ёсць доказы, што з Расіі былі прывезеныя людзі для стварэння карцінкі рэферэндуму.

Рэферэндум прайшоў, так ці інакш.

Ад майго дому 30 хвілін язды да аэрапорта. Усё я гэта бачыла, як там ляталі снарады, бачыла выбухі. У жніўні — кацёл пад Ілавайскам, гэта 40 хвілін язды ад нас. Мы таксама бачылі гэтае чорнае неба, адчувалі выбухі, адчувалі, як балюча зямлі. Ты адчуваеш гэта проста ўсёй сваёй сутнасцю, адчуваеш душой, як балюча зямлі. Гэта пекла. (Голас змяняецца.) У мяне здарыўся нервовы зрыў. Я проста-напраста больш не магла пераносіць гэтыя бамбёжкі. Нават калі не стралялі, а проста раздаваўся нейкі моцны гук, я ўздрыгвала.

16 жніўня тата сказаў, што больш так жыць нельга, і мы паехалі да нашых сваякоў ва Украіну. Адэса. Мы прабылі да 1 кастрычніка. Трэба сказаць, нас сустрэлі не вельмі добра. Было нават такое стаўленне, нібыта ўся гэтая вайна з-за нас.

Для перасяленцаў нічога не было прыгатавана. Мы былі без цёплай вопраткі, а пачаліся халады. Мы пачулі, што з’явіліся людзі, якія дапамагаюць перасяленцам, сталі з’яўляцца адпаведныя цэнтры. Мы пайшлі ў адзін такі цэнтр і зарэгістраваліся як перасяленцы. Нас спыталі, ці трэба нам нешта. Нам нічога не было трэба, акрамя цёплай вопраткі. Нас прывялі на склад. Тое, што мы там пабачылі, — гэта быў завал, такое нават бамжу не даюць. Няясна што і няясна дзе яны гэты ўзялі. Мы сказалі: «Дзякуй, добра, нам нічога не трэба».

Работы ў Адэсе я не знайшла ніякай. Зарэгістравалася як беспрацоўная, але гэта толькі стварыла дадатковыя складанасці. Жыць там было немагчыма.

І мы вярнуліся у Макееўку. Прынамсі, там у нас кватэра, не трэба здымаць жыллё. Там і бабуля была. Яна не хацела нікуды ехаць: «Каму я там патрэбна?»

Мы вярнуліся 2 кастрычніка. Я знайшла работу — выкладала англійскую мову, працавала таксама нянькаю. Перабіваліся. Потым уладкавалася на працу ва ўніверсітэце. Увесь гэты час ішлі бамбёжкі. У крамах нічога немагчыма было купіць. Гуманітарку ад Ахметава атрымлівалі, ад Расійскай Федэрацыі я ніколі гуманітарнай дапамогі не бачыла.

Паліцы у крамах пусцелі, цэны ўзляцелі. Паколькі я працавала, мы неяк перабіваліся. Таму гуманітарку, якую меў права атрымліваць тата і за якой заўсёды трэба было адстаяць чаргу, аддавалі суседзям — старым. Вельмі многа засталося адзінокіх старых. Дзеці і ўнукі з’ехалі, а яны засталіся. Невядома было, як людзі будуць атрымліваць пенсію. Потым пачаліся гэтыя выезды для афармлення пенсіі ва Украіне.

Пераезд праз блокпасты — гэта жахліва. Былі ўведзеныя ліміты прадуктаў і тавараў, якія можна ўвозіць і вывозіць. Усе чыгуначныя пуці разбітыя. Цягнікі перасталі хадзіць. Застаецца толькі машына або аўтобус. Усё за свой кошт. А кошты немалыя. Да сённяшняга дня так пенсіянеры па пенсію ездзяць.

Я, калі мне трэба дабрацца ў Данецк, еду праз Канстанцінаўку. Там пункт пропуску Мар’інка. Даязджаеш до паста. Выходзіш, праходзіш кантроль, пешкі ідзеш да данецкага боку. Зноў кантроль. Зноў у аўтобус, другі.

А стаўленне вайскоўцаў — гэта асобнае пытанне. Прычым з абодвух бакоў, і з украінскай, і з данецкай. Як да якіхсьці адкідаў, нібыта ты не чалавек. Цяжка гэта. Могуць забраць штосьці з торбы (мяса, цукеркі, спіртное), могуць абразіць. А бруд кругом, а балота… Умоваў ніякіх. Ад таго пункта, дзе дазваляецца высадка, да блокпаста чамадан не працягнуць…

Снежань 2014, студзень, люты 2015 года — гэта быў самы цяжкі час. Бамбёжкі не пераставалі ні на хвіліну. Дом не пераставаў дрыжаць.

— Гэта бамбілі ўкраінскія вайскоўцы?

 Не. (Адмоўна хістае галавой.)

— Тады ўвогуле незразумела. Навошта сепаратыстам бамбіць сваіх жа землякоў?

Гэта правакацыі, самыя сапраўдныя правакацыі. Як і такое: мы страляем з жылых кварталаў, страляйце нам у адказ. І потым нібыта ўкраінскія вайскоўцы стралялі. Побач з нашым домам была база, з якой пастаянна вяліся абстрэлы.

Тата ўладкаваўся валанцёрам у гуманітарную арганізацыю. Ён інжынер, рабіў разлікі, колькі трэба матэрыялаў для аднаўлення пашкоджаных школ. З цягам часу ў міжнародную гуманітарную арганізацыю ўладкавалася і я. Я пачала працаваць з 1 сакавіка 2015 года. Мы дапамагалі даняччанам прадуктовымі і непрадуктовымі наборамі, якія набываліся за сродкі розных донараў (ЗША, Англіі, іншых краін). Да жніўня так было. Але ў жніўні урад ДНР распарадзіўся пра тое, што ўсе замежныя гуманітарныя арганізацыі павінны пакінуць ДНР. Нібыта праз падазрэнні ў шпіянажы. Уся дзейнасць была згорнутая. Пасля гэтага я паехала разам з нашай арганізацыяй у Кіеў. Месяц пайшоў на тое, каб неяк уладкавацца, зняць кватэру. Пасля гэтага прыехалі мама з татам.

Наша кватэра засталася там, у Макееўцы. Яна стаіць закрытая. Але трэба пастаянна туды ездзіць, плаціць камуналку. Калі гэтага не зрабіць — то многа выпадкаў, што яе займаюць або разрабоўваюць.

Я раз на 3 месяцы бывала там, пакуль бабуля была жывая. Я дзялю адпачынак на часткі, каб бываць там.

Прадаць кватэру немагчыма. Тая, што каштавала 50 тысяч даляраў, будзе зараз каштаваць 5 тысяч.

Можа, нехта і можа прадаць, калі кватэра з дарагім рамонтам і мэбляй, але і такая будзе каштаваць палавіну таго, што раней. Ёсць людзі, якія лічаць, што больш туды не вернуцца — яны прадаюць.

А я да апошняга спадзяюся, што гэта будзе Украіна. Тыя людзі, якіх я там сустракаю, у большасці разумеюць, хто стаў прычынай страшнага становішча. На вуліцы сустракаю людзей, якія гавораць па-ўкраінску. Пенсіянеры цяпер выступаюць супраць гэтай улады.

— Але ці ёсць там сілы, якія маглі б ачоліць гэтае незадавальненне?

— Добрае пытанне…

— А як зараз жывуць тыя, хто там застаўся?

— Жахліва, бедна. Галеча. Людзі хварэюць. Лекаў няма. Крамы зачыненыя. Гаварылі, што мусяць адкрыцца новыя магазіны — гэтага няма. Школы, тэхнікумы, універсітэты працуюць, але там мізэрная колькасць моладзі вучыцца.

— Ці дапамагае тут перасяленцам украінская дзяржава?

— Ніякай дапамогі. Трэба зарэгістравацца. Але фактычна гэта проста яшчэ адзін галаўны боль. Жыллё не даюць, дапамогі, напрыклад, прадуктамі, таксама. Праўда, ёсць мізэрныя выплаты.

Мне, як працуючай, дапамога складае 400 грыўняў [каля 30 рублёў] на месяц, тату як інваліду 2 групы — 800 грыўняў, маме, як даглядаючай інваліда, — 200 грыўняў на месяц.

Прычым калі тата прайшоў 4-ю хіміятэрапію, пайшоў на абследаванне, яму сказалі, што ён вылечыўся, і гэтую дапамогу забралі. Але ж вы разумееце, што азначае яго дыягназ… Да таго ж ён астматык. Цяпер яму трэба чакаць пенсію па ўзросце. У наступным годзе яму 60. Але зноў-такі. Ён мог бы атрымліваць пенсію па стажы, але для гэтага трэба дакументы з Данецка. Але дакументы ў архіве шахты, а гэтае месца занятае цяпер вайсковай базай. Туды нават падысці немагчыма, не тое што атрымаць дакументы. Таму яму тут адмовілі ў пенсіі па стажы. Сказалі: да пабачэння, чакайце пенсіі па ўзросце. Але калі прыйдзе час, зноў могуць спатрэбіцца нейкія дакументы, а ці зможам мы іх атрымаць? Не ведаю.

Яшчэ быў выпадак, калі нам прыпынялі выплаты за тое, што нікога не аказалася дома, калі да нас дадому прыйшла прадстаўніца сацыяльнай службы без паведамлення.

— Якая дурасць… Я гэтага не разумею. Чаму?

— Бацькі потым хадзілі ў цэнтр, начальніца сказала, што так быць не павінна. Трэба, каб апавяшчалі пра прыход. Але нам прыпынялі выплаты на 2—3 месяцы.

А наколькі гэтыя выплаты дапамагаюць пражыць, вы зразумееце, калі я скажу, што за сваю аднапакаёвую кватэру каля метро «Ніўкі» мы плацім 5500 грыўняў [400 рублёў], плюс каля 2000 камунальныя плацяжы. А каб набыць у краме хлеб, малако, курыцу — трэба каля 100 грыўняў.

Гэта яшчэ добра, што я працую.

Крыўдна тое, што тут, ва Украіне, нічога не робіцца. На Майдане людзі змагаліся за будучыню, але мы не бачым перамен. Так, ёсць безвіз, але большасць не можа нават атрымаць пашпарт, купіць білет за мяжу… Мінімальная пенсія — 1500 грыўняў. Як пражыць на іх? Камунальныя мінімальныя плацяжы 1000 грыўняў. Зарплата ў многіх у Кіеве 5—10 тысяч грыўняў. Хіба можна на гэта пражыць?

Рэформы ідуць толькі на словах. Усё стаіць на месцы. Але я аптыміст. Абавязкова аптыміст. Аптымізму мяне навучыла вайна. Яна паказала, наколькі гэта важна — проста жыць, проста глядзець на свет. Ты цэніш кожную хвіліну. Галоўнае, што ты жывеш. Але часам мне здаецца, што калі ў дзяржаве нічога не будзе мяняцца, то адбудзецца новы Майдан.

Марына Аркадзьеўна: Мне няма месца на маёй зямлі

Марына Аркадзьеўна (імя змененае) — музейны работнік, апантана захопленая сваёй справай спецыялістка, заслужаны працаўнік культуры Украіны. Нарадзілася на Данбасе, усе свае амаль 70 гадоў пражыла там, пакуль не была вымушаная з’ехаць. Грачанка па паходжанні, актыўна ўдзельнічае ў дзейнасці дыяспарных грэчаскіх арганізацый ва Украіне.

Вы такое пытанне задалі: як увогуле магло здарыцца тое, што адбылося на Данбасе? Я дык бачу ў гэтым абсалютную заканамернасць. Гэта традыцыйная, жыццёва неабходная, адзіна правільная палітыка для Расіі. Расія заўсёды так сябе паводзіць. А Украіна яшчэ не адарвала пупавіну ад СССР. Януковіча прывяла ў прэзідэнты Расія. Спачатку быў Крым. У нас пачалося ў лютым. Усё бурліла і кіпела. «Лайфньюс» шчыраваў.

Аднойчы ў нядзелю прыходжу у музей, ён побач з абласной адміністрацыяй, у якой поўна людзей. Што за людзі? Заходзіць у музей поп. Спецыфічны такі, абвешаны медалямі, бразгае імі. Гэта, памятаю, было 23 лютага. Я: «Доброго дня!» — Ён: «Здрасте». Пытаецца: «А почему вы не поздравляете меня с праздніком?» — «Якім?» — «С Днём защитника отечества». З якога пераляку я павінна яго віншаваць, тым больш што ва Украіне такога свята няма? Пайшла я сабе. Поп пахадзіў па музеі, у нас тады яшчэ была поўная экспазіцыя выстаўленая. Выходзіць з іконнай залы, кінуўся цалаваць мне руку: «Якая ў вас калекцыя, якая ў вас калекцыя!» Сказаў, што ён дарадца маскоўскага патрыярха Кірыла. З Масквы прыехаў. Мне стала ўсё ясна.

Цяпер СБУ стала займацца маскоўскім патрыярхатам, бо вывелі, што яны дапамагалі сепаратыстам. А я ўжо тады ведала пра гэта. Мне мая сяброўка з музея ў Славянску казала: «Паслухай, што ў нас за царква такая дзіўная? Ходзяць і ходзяць людзі ваенныя, але без апазнавальных знакаў…» Гэта пачалося, калі там Штэпа да ўлады прыйшла. А потым і Гіркін узнік… А вы пытаеце, як пачалося… Вось так. А тыя, каму трэба было б па пасадзе ўсё гэта спыніць, або не працавалі, або былі купленыя…

Праз тыдзень зноў выпадак: прыходзяць двое маладых мужчын. «У вас ёсць вайфай? Вось нашаму сябру з Масквы, карэспандэнту «Лайфньюс» трэба тэрмінова перадаць інфармацыю!» Я сказала, што вайфаю няма…

А ў жніўні 2014 года абстралялі мой дом. У жніўні ўзброеных сіл Украіны там не было, нікога не было. І праз 5 хвілін, як толькі абстрэл закончыўся, тут жа з’явіліся журналісты аднаго-адзінага канала. Здагадайцеся, хто? «Лайфньюс». У нашым доме тады ніхто не пацярпеў. Я асабіста выйшла па хлеб якраз. Было выпушчана 30 снарадаў. У наш дом патрапіла 2, патрапілі і ў суседнія. Побач у прыватным сектары дом згарэў.

Мне мой сябар расказваў таксама: прыехалі «грады», сталі проста паміж 9-павярховікамі і бухаюць. Горад 28 км на 55 км, ёсць дзе разгарнуцца…

У чэрвені 2014 года паміж нашым музеем і абладміністрацыяй былі падарваныя 2 машыны. У нас ёсць там такі Пушылін, не магу сказаць дакладна, хто ён — навошта мне гэта запамінаць? Тыпу старшыня вярхоўнай рады мясцовай. Дык вось, нібыта гэта быў замах на яго. Загінулі людзі, але не Пушылін. Гэта адбылося ноччу. У музеі павыляталі шыбы. Як у такой абстаноўцы можна было пакінуць музей? У мяне былі абавязкі, і іх трэба было выконваць. Хоць я пацук па годзе нараджэння, але я не пабягу з карабля першай. Я леў па даце нараджэння — і львіная сіла не дазваляе мне гэтага.

У жніўні ж вельмі моцна пацярпеў краязнаўчы музей. 9 снарадаў у яго трапіла. Аддзел прыроды найбольш пацярпеў. Паўтараметровы асётр загінуў. Яго ўжо няма ў прыродзе. Я пасля гэтага туды прыехала — лось стаіць цэлы. Божа! Я яго кінулася абдымаць і цалаваць. Мамант не пацярпеў. А асётр загінуў.

Не толькі ён, але гэта тое, што не вернеш. Пад залай прыроды было сховішча керамікі. Яна пабілася. Але археолагі змаглі яе склеіць. Была амфара цэлая, цяпер будзе склееная.

Я размаўляла з архітэктарамі данецкімі. Яны горад ведаюць па сантыметры. Мужчыны, служылі ў арміі. Яны разлічылі, адкуль ляцелі снарады ў краязнаўчы музей. З Данецка яны ляцелі, месца нават назвалі дакладнае.

А ў нашым музеі ўсё цэлае засталося пасля таго выбуху. Вокны паставілі. Але пасля гэтага мы прыбралі экспазіцыю. Мне так не хацелася! Я ўсё верыла, што ўсё наладзіцца. У нас у тым годзе быў юбілей, 75 год музею, да нас збіралася паўкраіны!..

А падзеі развіваліся. Гэта было страшна. Гэта было добра падрыхтавана. Расіяне навезлі некалькі аўтобусаў, скажам так, люмпен-пралетарыяту, сацыяльна неўладкаваных людзей. Я не выходзіла з музея: баялася за экспанаты.

І я б не паехала з Данецка, я б музей не кінула. Але са мною не працягнулі кантракт, бо маё месца спатрэбілася канкрэтнаму чалавеку. Дакладней, з усімі заключылі кантракт на тры гады, а са мной — на год. І я зразумела, што яго потым не падоўжаць. Тады я паставіла перад сабой задачу мінімум, зрабіла ўсё, што магла і — выехала.

Прыехала ў Кіеў у напаўпрытомным стане. Як успомню… Лавіла сябе на тым, што дзе-нідзе губляю разуменне, што адбываецца. Абвастрыліся ўсе хваробы. Нейкі час практычна не магла хадзіць. Але грошай няма — я да дактароў не звярталася, сама сябе выцягнула… Як я тады выглядала, можаце зразумець, калі скажу, што ў грамадскім транспарце мне заўсёды саступалі месца. Цяпер ужо не заўсёды саступаюць (смяецца).

Мне тут прапанавалі работу, таксама ў адным з кіеўскіх музеяў. Дзе жыла? Дзе толькі не жыла! У сястры, у кумы, потым здымала кватэру. Зараз пад Кіевам у вёсцы набыла у доўг паўдома. Кіеў я не пацягну па коштах.

У Данецку у мяне дзве кватэры. У адной жыве знаёмы, бо яго кватэру каля аэрапорта разбамбілі. І яму ёсць дзе прытуліцца, і спакойная, бо кватэра пад прыглядам. Бо ўсе гэтыя краны, трубы… Не хацела б заліць суседзяў. Другую кватэру буду прадаваць.

Данецк заўсёды быў вельмі чыстым, прыгожым. Самы чысты горад Украіны. І зараз горад чысты. Вось пазаўчора я там была. Смецце вывозіцца рэгулярна. Камунальшчыкі працуюць цудоўна. А што яшчэ рабіць? Прадпрыемствы стаяць, шахты не працуюць, палова магазінаў і офісаў закрытыя, вокны забітыя фанерай… То камунальшчыкі трымаюцца за працу. Грамадскі транспарт ходзіць, людзі на вуліцах ёсць.

Калі мой дом разбілі, не было вады, газу, святла, людзі ежу ў двары на агні гатавалі. Зараз гэта адноўлена.

Зайшла у краму. Пуста. Тавары расійскія. А, не, згадала, гарэлку бачыла ўкраінскую. Цэн я не памятаю, не прыглядалася. А, згадала, бульба вельмі дарагая. Пекінская капуста шалёна дарагая…

Поўна праўкраінска настроеных людзей. Але людзі на гэтую тэму не гавораць — гэта небяспечна. І калі ў 14 годзе, напрыклад, у напаўпустым грамадскім транспарце можна было пачуць палітычныя спрэчкі, то зараз транспарт запоўнены — і ўсе маўчаць.

Мабільнай сувязі няма: «Кіеўстар», «Вадафон» сышлі адтуль, а мясцовы «Фенікс», які зрабілі на іх месцы, працуе вельмі кепска. Але ў некалькіх месцах сувязь ловіць. І гэтыя месцы данчанам вядомыя. Напрыклад, гэта новы чыгуначны вакзал. Прабягаеш недзе, а там дзясяткі паўтары людзей — гэта значыць, там ёсць мабільная сувязь.

За дзве паездкі я вывезла мэблю, халадзільнік, пральную машыну, посуд, кнігі. Канапу. Калі вязеш рэчы, на блокпастах усё здымаюць, пераглядаюць. Нашы. Апошні раз калі ехала, пасмяяліся з мяне, бо я везла блакітную гліну. Ім няясна было, што гэта такое. А я ёю лячуся. А другое: іх рассмяшыў выратавальны круг, які мне падарыў у Марыупалі гадоў 18 таму дырэктар Дома культуры маракоў.

Мы так цудоўна тады кантактавалі, яны такія там жартаўнікі, і я хахатушка, і яны мне падарылі выратавальны круг з надпісам «Марыупальскі ДК маракоў», а на другім баку — маё імя. І вось гэтыя маладыя людзі на украінскім блокпосце дастаюць з каробкі гэты выратавальны круг: «Бабусю, а навошта вам выратавальны круг?»А я кажу: па-першае, я вам не бабуся, а жанчына, няхай і не самая маладая. А адносна круга: як гэта навошта, каб выратоўваў! (Замаўкае ненадоўга.) А тыя, на данецкім баку, спыталі толькі: іконы, манеты везяце? Прапусцілі.

Дык вось пра кватэру. Прадаць можна, але калі да вайны мая кватэра каштавала 50 тысяч даляраў, то цяпер 10 тысяч. Але што рабіць?

Купцы розныя: многа расіян, яшчэ — данчане, у якіх разбітыя кватэры, а таксама людзі, якія прыехалі з вобласці. Найлепш прадаюцца кватэры з рамонтам, мэбляй, тэхнікай.

А вось дачу прадаць немагчыма. Там снарад трапіў у свідравіну, яна не працуе. Дом не пашкоджаны, а вось дрэвы пацярпелі. Мая любімая каліна загінула, яблыня-семярынка, калонападобная яблыня, сліва. Я вельмі любіла дачу. У арэха зламалася вялізная галіна… Па нашай вуліцы танкі хадзілі, бо яна вядзе да шахты Бутаўкі макееўскай… Не было там украінскіх войскаў, а дачу 3 разы ўскрывалі… Абакралі. Радасці мала.

Вось і думаю: калі атрымаю 10 тысяч за кватэру — па-першае, аддам даўгі. Я ж зараз не магу сабе нічога дазволіць. Мне на працы кажуць: ой, вы кожны дзень у новым. Але ж я ведаю, што гэта добра забытае старое. Вось туфлі трэба купіць — няма куды падзецца, гэта неабходнасць. А так нічога сабе не купляю.

Што далей будзе? Не ведаю. Якраз учора толькі прачытала, што спатрэбіцца 40 год, каб размініраваць усе палі данбаскія…

У 30-я гады ўкраінцаў сем’ямі высялялі з Данбаса, а на іх месца сем’ямі завозілі галоту… І вось вырасла тры пакаленні. Яны лічаць гэтую зямлю сваёй. А мне, продкі якой жылі тут 250 год, выяўляецца, месца тут ужо няма. Данецк жыве. Але мне здаецца, што ён знаходзіцца ў коме.

Уладзімір Рафеенка: Майго Данецка больш няма

Уладзімір Рафеенка — вядомы ўкраінскі рускамоўны пісьменнік. Аўтар аднаго з найлепшых ва ўсёй украінскай літаратуры глыбокага і пранізлівага рамана «Долгота дней» (2017 г., ва ўкраінскім перакладзе «Довгі часи»), у якім гаворка ідзе якраз пра падзеі на Данбасе. Нарадзіўся і 45 год пражыў у Данецку, быў вымушаны з’ехаць. У адным з інтэрв’ю ён сказаў, што «па дарозе памёр і напісаў раман». Ён адзіны з маіх суразмоўцаў, хто пагадзіўся даць інтэрв’ю неананімна.

Уладзімір Рафеенка.

Уладзімір Рафеенка.

Падрыхтоўка платформы для ўводу рэжыму «Наваросіі» пачалася яшчэ на пачатку 2000-х. Рускі бізнэс скупляў СМІ ў рэгіёне і актыўна вёў антыўкраінскую прапаганду. Рускія сілавікі-«пенсіянеры» масава прыязджалі і ўладкоўваліся на працу ў сілавыя органы, а па атрыманні грамадзянства — і ў органы мясцовай улады.

Наколькі я памятаю, такая грамадская арганізацыя, як «ДНР», была зарэгістраваная ў Данецку гадоў за дзесяць да вайны. Увогуле, рабілася ўсё метадычна, мэтанакіравана, пры поўным патуранні або, магчыма, у шэрагу выпадкаў нават пры спрыянні прадстаўнікоў тагачаснай украінскай улады.

Што тычыцца вясны 2014, то было некалькі этапаў. Першы — прарасійскія мітынгі ў гарадах Данбаса, на якія завозіліся людзі на аўтобусах з растоўскімі і іншымі расійскімі нумарамі. Другі — імгненная капітуляцыя мясцовых сілавікоў перад жменькай сепаратыстаў-арганізатараў, большая частка якіх з'яўлялася даўно ўкаранёнымі кансервамі-агентамі ўплыву. Трэці, у рэшце рэшт, бесперашкодны ўваход у Данецк баевікоў Гіркіна з цяжкім узбраеннем.

Агульная сітуацыя характарызавалася нервовым здзіўленнем, хістаннем, неразуменнем, што адбываецца і куды мы коцімся. Ведаю, што некаторыя прадстаўнікі мясцовай інтэлігенцыі, у тым ліку і ўніверсітэцкай, прынялі прыход рускай вясны з энтузіязмам.

Але ў цэлым, шчыра кажучы, мы не разумелі, што адбываецца. Памятаецца, месяцы за два да ўваходу баевікоў Гіркіна ў Данецк сабраліся мы вузкім колам сяброў і ўвесь вечар гаварылі, спрабуючы зразумець, куды, уласна, нясе нас рок падзей. Чаму не ўводзяцца ў горад войскі, чаму сепаратыстам даюць магчымасць займаць адміністрацыйныя будынкі, чаму мясцовыя міліцыя і СБУ фактычна абараняюць бандытаў. Ну ясна, нічога мы зразумець не змаглі, і нашы размовы не ў стане былі змяніць сітуацыю, якая імкліва пагаршалася.

Зараз нікога з тых, хто сядзеў тады са мной за адным сталом, у Данецку няма. І, думаю, ужо не будзе ніколі. Нават калі Данбас зноў стане ўкраінскім. Раз'ехаліся людзі, хто куды. Не сабраць больш.

І так, памятаю выразна: я не верыў, што Данецк здадуць, аж да таго моманту, калі са званіцы Праабражэнскага сабора не ўбачыў, як акупанты Гіркіна займаюць цэнтр горада.

У тую нядзелю, калі я ўбачыў баевікоў Гіркіна ў цэнтры, я зразумеў, што пункт невяртання пройдзены. Спадзявацца больш няма на што, і трэба з'язджаць. А выпадак, які мяне адназначна пераканаў у тым, што гэта неабходна будзе зрабіць, адбыўся паўтара месяцамі раней.

Я быў званаром у Свята-Праабражэнскім саборы. Перад акцыяй, якую пазней назвалі «гудок Ахметава» (заклік у адзін з дзён у дванаццаць гадзін дня гудзець завадскім гудком, сігналіць аўтамабілістам і гэтак далей увогуле ўсім, хто за адзіную Украіну) мне патэлефанавалі з сабора і спыталі, ці змагу я весці звон у гэты дзень і ў гэты час. Я адказаў, што змагу. А ад Свята-Праабражэнскага сабора да занятай на той ужо момант сепаратыстамі абласной адміністрацыі — метраў трыста. Літаральна праз дарогу.

Са мной званілі яшчэ некалькі чалавек на дабравесце і поліелейных. А я, увогуле, вёў звон на зазвонных званах. Нас дабраславілі званіць хвілін пятнаццаць, дакладна не памятаю. Але паспелі мы адзваніць хвілін пяць ці сем. Я стаяў і званіў, абліччам да горада, і ў нейкі момант убачыў, як ад адміністрацыі да сабора пабеглі людзі з бітамі. Нехта ў балаклавах, нехта без іх. Чалавек дзесяць-дванаццаць. Я крыкнуў сваім званарам, каб яны ўцякалі. А сам застаўся завязваць званы. Калі іх не «падвязаць», не замацаваць вяроўкі, то вецер можа пабіць юбкі званоў.

На першым паверсе ў гэты час ужо пачалася бойка. Бандытаў, што прыбеглі, сустрэла нешматлікая ахова сабора і рэдкія ў гэты час дня прыхаджане — бабулькі, дзядкі. Увогуле, уражанне засталося моцнае і адназначнае. І адна з галоўных думак у той дзень была такая: «З людзьмі, якія здольныя з бітамі ўрывацца ў царкву, я ў адным горадзе жыць не змагу».

Таму адразу пасля таго, як 5 ліпеня 2014 гіркінцы ўвайшлі ў горад, я, пакінуўшы сям'ю, выехаў у Кіеў. Было гэта 12 ліпеня. Пакінуў таму, што ехаць нам увогуле не было куды. Ні добрых знаёмых, ні сяброў уласна ў Кіеве ў нас не было. Ніхто нас не чакаў. Ды і з грашыма неяк не густа было. Так што я павінен быў спачатку выехаць адзін і паспрабаваць у самыя кароткія тэрміны знайсці магчымасць для прыезду сям'і.

Матывацыя для майго ад'езду, як і для ад'езду маіх сяброў, самая простая. Калі б хто-небудзь з нас там застаўся, яго б ужо не было ў жывых.

Ні нашы праўкраінскія перакананні, ні рэальная практыка жыцця, ні здаровы сэнс не змаглі б змірыцца з цемрай «рускага свету», які і да сёння там пажырае сам сябе. Я ад'язджаў адным з самых апошніх з майго кола. Ад'язджаў з цяжарам і болем. І наўрад ці калісьці вярнуся.

Што рабіла ў гэты час улада, каго і да чаго яна заклікала, не зусім добра памятаю. Адно памятаю ясна: дапамогі чакаць не было адкуль.

Узяў дзве сумкі і з'ехаў у Кіеў.

Адзіны знаёмы, які ў мяне тады быў там (літаратурны крытык Юрый Валадарскі, да гэтага мы бачыліся адзін раз у жыцці), дазволіў 2 тыдні пажыць у яго кватэры, пакуль ён адсутнічае. Даляраў дзвесце было ў маім кашальку, у торбах — летнія рэчы. Як я мог падрыхтавацца да вайны з Расіяй? Ды ніяк, па сутнасці. Мне ў галаву не магла прыйсці думка, што гэта здарыцца ў маім жыцці. Кватэру мы аддалі людзям, у якіх снарадам разбурыла дом. І дагэтуль яны там жывуць. Ніколі капейкі мы з іх не ўзялі і не возьмем. Маёмасць там уся засталося. Як і, самае галоўнае, куды мне яе везці? Нават калі б гэта было магчыма. І па гэты дзень жывем, па сутнасці, у чужым доме далёка за межамі Кіева з ласкі нашых кіеўскіх сяброў — Андрэя Бондара і Сафіі Андруховіч.

За ўвесь час свайго пражывання тут я не атрымаў ні капейкі грошай ад дзяржавы. Сталай працы няма. Пішу, рэдагую, чытаю лекцыі. Наогул, ад дзяржавы перасяленцы, вядома, атрымліваюць дапамогу. Іншая справа, што яна настолькі сімвалічная, што сур'ёзна разлічваць на яе не даводзіцца.

Колькі людзей, столькі і лёсаў, і зусім розных гісторый. Ні магчымасці такой, ні маральнага права абагульняць я не маю. Кожны прымаў рашэнне па сваіх сілах, па сваёй волі, па сваіх часам вельмі няпростых абставінах. Многія людзі, якія горача хацелі б з'ехаць адтуль, не могуць дазволіць сабе гэтага. Многія, якія з'ехалі ў Украіну з першай хваляй, як я, не змаглі выжыць, знайсці працу, і вымушаныя былі вярнуцца. Але так, тыя, хто можа сабе дазволіць, той з'язджае адтуль, бо будучыні там няма і ў цяперашнім «прарасейскім» фармаце быць не можа.

Нават калі б я захацеў зараз вярнуцца і вярнуўся б туды, наўрад ці доўга заставаўся б цэлым і здаровым. Мая праўкраінская пазіцыя і погляд на «рускі свет» занадта добра вядомыя. Я ніколі іх не хаваў. У данецкіх СМІ пра мяне пішуць як пра «здрадніка ДНР». Але наогул пытанне вельмі дзіўнае. Разумееце, няма куды вяртацца. Гэта значыць, зусім. Таго Данецка, які быў да вайны, які я ведаў і любіў, ужо няма і яго ніколі больш не будзе. Дзякуй Расіі. Так што, калі б я захацеў вярнуцца, мне спатрэбіўся б не білет на цягнік, а машына часу. А гэта ўжо нешта з вобласці фантастыкі.

Я ўпэўнены, што ДНР і ЛНР знікнуць. Абсалютна мёртванароджаныя структуры. Фэйкавыя аб'яднанні, якія існуюць выключна як аватары расійскай ваеннай і прапагандысцкай машыны. Але што будзе там далей, у якім тэмпе і як менавіта стануць развівацца працэсы, я, вядома, ведаць не магу. І, па сутнасці,

мне пляваць на ДНР і ЛНР, як і на здраднікаў Украіны, якія супрацоўнічаюць з акупантамі. А вось простых людзей, у любым выпадку, мне неймаверна шкада. Тых людзей, якія вымушаныя там жыць і выжываць, спрабуючы захаваць хоць нейкую бачнасць здаровага сэнсу, спрабуючы заставацца людзьмі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?