29 траўня ў межах фестывалю інтэлектуальнай кнігі «Прадмова» адбудзецца прэзентацыя кніжнай серыі «Святлацені». 

Імпрэзу правядзе паэт і літаратуразнаўца Віктар Жыбуль. Віктар з’яўляецца аўтарам прадмовы і ўкладальнікам першай кнігі, якая выйшла ў межах серыі, — зборніка вершаў «Пералівы» Юркі Лявоннага.

На імпрэзе гаворка пойдзе пра серыю, творчую біяграфію Лявоннага, прагучаць яго вершы. Таксама ўдзел возьмуць паэтка Вера Бурлак, пісьменніца Ганна Севярынец і гурт Vuraj!

Новая кніжная серыя «Святлацені» мае прадстаўляць творчасць беларускіх паэтаў і празаікаў пераважна міжваеннага перыяду (1920—1940-я гг.) — аднаго з найбольш цікавых і плённых у гісторыі літаратуры, што хавае ў сабе яшчэ шмат неадкрытых старонак. Перавага будзе надавацца аўтарам забытым і напаўзабытым, чые творы з розных прычын не перавыдаваліся шмат гадоў або ўвогуле захаваліся толькі ў рукапісах. Кожнае выданне мецьме кампактны фармат, адметны дызайн і змястоўную ілюстрацыйную ўклейку.

Фестываль інтэлектуальнай кнігі «Прадмова» — гэта пляцоўка для інтэнсіўнай камунікацыі паміж усімі ўдзельнікамі кнігавыдавецкага працэсу: выдаўцамі і аўтарамі, рэдактарамі і крытыкамі, ілюстратарамі і дызайнерамі, перакладчыкамі і, безумоўна, чытачамі, зацікаўленымі ў сучаснай і якаснай беларускай інтэлектуальнай кнізе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0