23.07.2018 / 10:33

«Кармушка», мёд мядніцай і скарынка хлеба — ласункі з мінулага 7

Тэкст Таццяны Барысік пра самыя дарагія смакі — смакі дзяцінства — выклікаў хвалю настальгічных допісаў у сацыяльных сетках. Поўныя пахаў і ўспаміны Алены Гушчы, якімі яна падзялілася ў фэйсбуку.

«У ''Нашай Ніве'' зьмясьцілі цікавы артыкул пра забытыя ласункі дзяцінства. Занурылася ва ўспаміны.

Калі была зусім малая, мы жылі яшчэ не на сядзібе, а ў кватэры. Не было ў нас саду і гародчыка. Трускалкі і вішні мама купляла ў адной сталай кабеты, што сядзела на ганку ля крамы. Купім шлянку, а там пару-тройку буйных бобак. Мама чамусьці шмат не брала. Відаць, ёй не падабалася прадавачка. Казала, што яна нечысьцёха.

Тата ў калгасе купляў эмаляванае вядро зь мёдам. Мёд зацукроўваўся, цьвярдзеў, і яго можна было рэзаць нажом. Я тыцкага пальцам у вядро, дастаючы духмяныя крышталікі.

Ад гэтага мёд быў весь у дзірачках. Мама сварылася, каб я брала лыжкай. Аднак з лыжкі ласунак не здаваўся смачным.

У мяне заўсёды былі грошы. Я хадзіла купляць смакошы ў кавярні. Канешне, я б хацела зьесьці марозіва, але мне не дазвалялася без дарослых. Трэба было несьці дадому і грэць у кубку, пакуль не ператваралася ў салодкую бурду.

Такое марозіва не падабалася, таму купляла цестачкі. Ад выбару цестачак разьбягаліся вочы. Часьцей брала ''Птушынае малако'' і ''Ўсход''. ''Усход'' каштаваў даражэй ад астатніх, цэлых 28 капеек. Гэта пясочны коржык з бела-ружовай глазурай наверсе і пасыпанымі арэхамі.

Бабуля не падзяляла мае захапленьні куплёным печывам. Яна гатавала мне ''кармушку''. Ведаеце, што такое? У запаранае малако кідаюцца абаранкі. Яны там разбухаюць і становяцца падобныя на пульхных жабак.

Калі не было абаранкаў, у малоко бабуля кідала кавалачкі белай сайкі і церусіла цукрам. Было смачна. Думаю, такі ласунак яна рабіла сваім дзецям пасьля ваеннага ліхалецьця. Бабуля лічыла малако самым лепшым харчам. Таму ўсё забельвала, нават супы. А яшчэ ў халоднае малако закідала чарніцы і цукар. Я сёрбала са смакам!..

Потым тата пабудаваў уласную хату. Не мог жыць у кватэры. Называў яе ''шпакоўняй''. Казаў, што сьцены-столі душаць. У нас зьявіліся зямля, сад, вульлі, гаспадарка. Чаго толькі не было!

Грушы-яблыкі розных гатункаў, сльвы жоўтыя, сьлівы сінія, алыча, чарэшні, вішні, маліны, трускалкі, садовыя суніцы, агрэст, смародзіна, парэчкі. Тата захапіўся пчалярствам.

У першы год, як мёд выкаталі, я наесьціся не магла. За лета зьела мядніцу мёду!

Тата перажываў, што я не расла. Была самай дробнай, малой у класе. Тулілася на фізкультуры ў шэрагу апошіх. Тата купіў карову і казу. Каб малако свойскае піла, масла, сьмятану, тварог ела. Набіралася сіл, росту. Усё гэта дало плён. Прыходжу неяк пасьля канікул у клас. Гляджу, а я вышэйшая за ўсіх дзяўчат і некаторых хлопцаў. Во як паспраўнела!»

* * *

Ад Рэдакцыі

У каментарах да таго допісу Таццяны Барысік нехта таксама не стрымаўся. Вось што ўзгадаў, напрыклад, Мікола Аксаміт:

«Ад такога харчавання і вырасталі такія прыгожыя, добразачлівыя і разумныя жанчыны ў бацькоў, якія любілі сваіх дзетак. У майго пакалення было трошкі іншае. Самая смачная была смажаная бульба, а дранікі — гэта наогул было свята. Да 60 гадоў самае моцнае ўражанне — гэта калі нас, малых дзяцей, пасылалі па хлеб, бо бацькі былі на працы.Трэба было адстаяць калейку на некалькі сот метраў, дзе стаялі па чатыры чалавекі. Хлеба давалі па два боханы ў рукі, калі яго хопіць, таму ішлі з ранку.

Божа, які гэта быў хлеб, яго пяклі на алеі, а не так, як зараз, у тэфлоне. Ад яго стаяў пах — аж галава кружылася. Пакуль дойдзеш да хаты, патрошку яго скубеш, пачынаючы з самага смачнага — з румянай скарынкі. Смаката! І так амаль паўбохана, і сам сябе прыпыняеш: больш нельга. Гэта, можа, і ёсць самае смачнае ў жыцці.

Можа, і таму маё пакаленне і больш жорсткае, не такое талерантнае, больш патрабавальнае і, можа, больш думае, як выжыць у гэтым жыцці. А можа, мы зараз і жывем так, што няма такога смачнага хлеба, як у той час. Бо зараз пах аднолькавы каля цэментнага завода і каля пякарні. Мне здаецца, мы згубілі нешта большае, чым пах роднага хлеба».

А вось што ўзгадвае пра свае ласункі Юзэфа Лайкоўская: «О, я мёд не люблю да гэтай пары, бо цукерак не куплялі, казалі: еж мёд! Мёд заўсёды стаяў у вёдрах, выварках. Яго было многа! А мне так хацелася цукерак! Марозіва куплялі, калі вазілі прадаваць мед у Бабруйск. Тады, яшчэ з Парыч, хадзіў па Беразіне параход. Марозіва ў плітках такіх, было вельмі смачнае — смаката! Плылі амаль усю ноч. Самая прыемная праца ў мяне была сцерагчы раі пчол.

Ляжыш у цяньку і чытаеш сабе кнігу, ніхто не турбуе і не загадвае палоць грады або бульбу, толькі пчолкі гудуць, працуюць. А кнігі я вельмі любіла чытаць. Усё лета хадзілі збіраць ягады, грыбы. Вельмі смачная маладая бульбачка з лісічкамі або падабабкамі, якмя раслі за агародам на пасецы. Любае наша дзяцінства».

0
хамса / Ответить
22.07.2018 / 14:55
вёска - гэта быў іншы свет.. у тым ліку і ў ежы.. блінцы з печы з непаўторным смакам, адтуль жа печаныя яблыкі.. маладая бульбачка з кіслым малаком, якое трэба есці кавалкамі лыжкай.. такога ў горадзе не пакаштуеш.. і ўсё гэта засталося там - у дзяцінстве і ў вёсцы, якой ужо няма
0
хамса / Ответить
22.07.2018 / 14:58
а мёда аднойчы так пераела, што потым недзе з год не тое, што глядзець на яго не магла, а нават назву чуць - рабілася кепска ад назвы адной
0
... / Ответить
22.07.2018 / 16:10
,, 1947-ы... Хадзем разам,можа знойдзеш хоць адну бульбіну,,- казаў старэйшы брат,калі пасьля галоднай зімы усе вяскоўцы пацягнуліся на поле шукаць ,,гнілушкі,,...
Показать все комментарии/ 7 /
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, активируйте JavaScript в настройках своего браузера