28.05.2018 / 23:06

Прэмію імя Алеся Адамовіча атрымаў Аляксандр Лукашук

Ляўрэатам прэміі імя Алеся Адамовіча сёлета стаў дырэктар Беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук, паведамляе сайт радыё.

Яго ўзнагародзілі за стварэньне кніжнай сэрыі «Бібліятэка Свабоды», а таксама за выданьне кніг «Прыгоды АРА ў Беларусі» і «Сьлед матылька».

Імя ляўрэата аб'явіла дачка Алеся Адамовіча Натальля. Яна прынесла радыёпрымач, па якім бацька слухаў Радыё Свабода і «Голас Амэрыкі».

Аляксандар Лукашук апавёў, як некалі Адамовіч падпісаў яму сваю кнігу вельмі ляканічна: «Алесю ад Алеся» — і перадаў канвэрт з грашовай часткай прэміі Натальлі Адамовіч таксама са словамі «Алесю ад Алеся».

Ініцыятар кампаніі па зборы грошай на ўшанаваньне памяці Алеся Адамовіча Андрусь Архіпенка расказаў пра конкурс эскізаў на «Прыпынак Адамовіча» і збор сродкаў на бюст Алеся Адамовіча. Патрэбна 4 тысячы даляраў — на працу скульптара, адліўку, пастамэнт. Сабрана 16%. Натальля Адамовіч перадала грашовую частку прэміі, перададзеную Лукашуком, на стварэньне бюста.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру