30-гадовая жанчына некалькі месяцаў жыла ў Ваўкавыску з мужчынам, удвая старэйшым за сябе. Разам са сваім 63-гадовым бойфрэндам яны часта выпівалі, скандалілі.
26 мая паміж сужыцелямі паўстаў чарговы канфлікт. Мужчына з кулакамі накінуўся на жанчыну. Крыкі аб дапамозе пачуў сусед.
Ён увайшоў у кватэру і заступіўся за жанчыну — пачаў біць яе сужыцеля. Спыніўся толькі тады, калі пацярпелы не мог стаяць на нагах. Яго паклалі ў ложак і накрылі коўдрай, паведамляе міліцыя.
Раніцай высветлілася, што мужчына памёр. Выклікалі дактароў, тыя спачатку не знайшлі слядоў збіцця на целе нябожчыка. Але ўскрыццё паказала шматлікія траўмы. Тады 37-гадовага абаронцу-суседа затрымала міліцыя. Цяпер яму пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі.