У нядзелю ў Літве прайшоў другі тур парлямэнцкіх выбараў. Паводле інфармацыі старшыні ЦВК Зянонаса Вайгаўскаса, у другім туры выбараў удзел узялі 22% выбарцаў. Галасаваньне праходзіла ў аднамандатных акругах.

У выніку перамогу атрымаў кансэрватыўны «Саюз Айчыны» былога прэм’ер‑міністра Андруса Кубілюса. Паводле папярэдняй інфармацыі хадэкі атрымаюць у Сойме 44 месцы з 141.

На другое месца выйшлі сацыял‑дэмакраты, які знаходзяцца ў кіроўнай эліце Літвы ўжо сем гадоў, былога прэзыдэнта Альгірдаса Бразаўскаса і сёньняшняга прэм’ера Гедымінаса Кіркіласа (26 месцаў).

Шаснаццаць мандатаў у парлямэнт атрымалася заваяваць нядаўна ўтворанай Партыі народнага адраджэньня, 41‑гадовага тэлевядучага Артураса Валінскаса. Нагадаем, што ў склад партыі увайшлі вядомыя ў краіне прадстаўнікі шоў‑бізу. Цікава, што сам Валінскас прайграў выбары ў Панявежісе кансэрватару Антанасу Матуласу.

Партыя былога кіраўніка краіны папуліста Раландаса Паксаса змагла заваяваць пятнаццаць месцаў у Сойме. Яшчэ адна прарасейская сіла Партыя працы мультымільянэра расейскага паходжаньня Віктара Ўспаскіх змагла здабыць дзесяць мандатаў.

Адзінаццаць мандатаў атрымаў рух лібэралаў, а яшчэ восем — лібэрал‑цэнтрыстаў. Прадстаўніцтва іншых партыі ў Сойме будзе мінімальным.

Не прайшла ў парлямэнт досыць вядомая ў краіне старшынька партыі вяскоўцаў і новай дэмакратыі Казіміра Прунскене. Нагадаем, што ў 2004 годзе на датэрміновых прэзыдэнцкіх выбарах, пасьля імпічмэнту Паксаса, Прускене змагла набраць 47,8% галасоў выбарцаў і зусім нязначна саступіла Валдасу Адамкусу.

Ня змог выйграць выбары ў аднамантатнай акрузе былы мэр Вільні Артурас Зуокас. Зрэшты, ён у парлямэнт праходзіць па партыйных сьпісах лібэралаў.

Адразу ў чатырох акругах будзе праведзены перападлік галасоў. Гэта тыя акругі, дзе розьніца паміж кандыдатамі склала ад 22 да 52 галасоў.

Відавочна, што парлямэнцкую кааліцыю складуць прадстаўнікі чатырох правацэнтрысцкіх партый — «Саюз Айчыны», Партыя народнага адраджэньня, рух лібэралаў і лібэрал-цэнтрысты. Яны будуць у Сойме 79 прадстаўнікоў, калі нічога нечаканага не адбудзецца падчас перападліку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?