10.06.2018 / 01:23

50 спраў Леаніда Пранчака: як адзін паэт паралізаваў працу Вярхоўнага суда 91

Леанід Пранчак мог трапіць са сваёй творчасцю ў залаты фонд нацыянальнай культуры — згадайце папулярныя «Даставай, Язэп, гармонік», «Пад зоркаю Пагоні». Але, найхутчэй, застанецца ў гісторыі перадусім як персанаж беларускіх падручнікаў па юрыспрудэнцыі. Вершы Пранчака стараюцца не ўключаць у зборнікі і хрэстаматыі, а песні рэдка гучаць на радыёстанцыях. Чаму? Бо ніхто не хоча апынуцца сярод ахвяраў няспыннай вайны.

…Справы па інтэлектуальнай уласнасці ў Беларусі разглядае толькі Вярхоўны суд. Гэта не нейкая там бытавуха — рашэнні па парушэннях аўтарскага права могуць прымаць толькі сямёра суддзяў на ўсю краіну.

Сістэма аўтарскага права ў Беларусі бясконца развіваецца і ўдасканальваецца, правапрымяняльная практыка набліжаецца да заходніх стандартаў. 

Заканадаўства кажа, што аўтар можа патрабаваць за парушэнне свайго выключнага права кампенсацыю ад 10 базавых велічыняў да 50 тысяч (!) базавых велічыняў — ад $120 да $610 тысяч.

Але стваральнікі закона не прадбачылі, што гэтым дакументам могуць скарыстацца ў карыслівых мэтах.

Колькасць справаў па інтэлектуальнай уласнасці не была вялікай, пакуль зацятае змаганне за свае аўтарскія правы не пачаў Леанід Пранчак. Як стала вядома «Нашай Ніве», за апошні час ён выступіў заяўнікам паўсотні спраў! Газеты, радыёстанцыі, выдавецтвы — меч вісіць над кожным, хто хоць некалі друкаваў яго вершы і круціў у эфіры яго песні. Няважна — беларускамоўнае гэта выдавецтва, прыбытковае ці непрыбытковае. Пранчак сцвярджае, што гэта было зроблена або без дазволу, або без выплаты ганарару. Нядаўна спіс арганізацый, якія «пакрыўдзілі паэта», папоўніўся Міністэрствам замежных спраў і Нацыянальным мастацкім музеем.

У выніку сотні людзей марнуюць час на бясконцыя судовыя пасяджэнні. Сам Пранчак на іх часцяком не прыходзіць — маўляў, разбірайцеся без мяне.

«Наступае, як каларадскі жук»

Як адбываецца тыповы працэс, «Нашай Ніве» патлумачыў кіраўнік аднаго з дзяржаўных выдавецтваў — ён не хоча называць імя, каб не справакаваць Пранчака на новы суд.

«З Пранчаком у нас ужо гадоў пяць гэта ўсё цягнецца, суд за судом. Як ён робіць? А прыходзіць і кажа, што 20 год таму не атрымаў ганарар. Мы кажам: дык вам жа выплачваўся ганарар! Але дзе ты цяпер што дакажаш, калі ніякіх папер ужо не засталося?!

Бо раней сістэма была якая? Скажам, ёсць нейкія 20 чалавек, чые творы ўключаюцца ў калектыўны зборнік. Па завядзёнцы ўгода заключалася з трыма з іх як з «прадстаўнікамі калектыву», але грошы дзяліліся між усімі», — расказвае кіраўнік выдавецтва.

Па такіх пазовах існуе тэрмін даўніны — тры гады. Але скаржнік заўсёды можа заявіць, што даведаўся пра парушэнне сваіх аўтарскіх правоў толькі што. І тады тры гады пачынаюць адлічвацца ад гэтага моманту.

«Цяпер жа ў Нацыянальнай бібліятэцы ёсць каталогі на кожнага аўтара, дзе і як ён згадваецца. І вось Пранчак там сядзіць і калупае, калупае. Наступае, як каларадскі жук, пакрысе, па меры таго, як знаходзіць новыя згадкі», — тлумачыць прадстаўнік дзяржаўнага выдавецтва.

«Калі будзе сто пранчакоў, ляснецца работа ўсіх выдавецтваў»

Пакуль што Пранчак у сваёй барацьбе адзін. Суддзі, разумеючы абсурднасць сітуацыі, прызначаюць яму мінімальна магчымую кампенсацыю — 10 базавых велічыняў за кожны выпадак. Але і гэтых грошай паэту хапае на працяг вайны.

«У нас паўтары тысячы чалавек у двух саюзах пісьменнікаў. Уявіце, калі такі Пранчак будзе не адзін, а хаця б сто? Ляснецца работа ўсіх выдавецтваў. Гэта нажыва, гэта несумленна! Павінен быць нейкі мараторый і тэрміны даўніны, каб сітуацыя не ператваралася ў цырк», — разважае кіраўнік дзяржвыдавецтва.

Якімі лічбамі аперуе Пранчак?

Як сказалі «Нашай Ніве» ў юрыдычным аддзеле «Советской Белоруссіі», ім канфлікт з паэтам каштаваў прыкладна 1800 рублёў — столькі ён запатрабаваў за шэсць вершаў, надрукаваных у 2000-х у «Беларускай ніве», якую пазней далучылі да холдынгу «СБ».

Як выглядалі тыя «кантрафактныя» творы? Напрыклад, нізка вершаў пад агульнай назвай «Слухай родную прыроду», дзе сустракаецца паэзія Якуба Коласа, Віктара Гардзея, іншых аўтараў — і восем радкоў Пранчака.

«Мы заключылі ўгоду і вырашылі пытанні дасудова. Ён карыстаецца тым, што фактычна няма тэрмінаў даўніны. Тыя вершы нават не мы публікавалі, яны былі надрукаваныя задоўга да ўтварэння холдынгу!» — абураюцца ў «СБ».

І, натуральна, паводзіны Пранчака стрымліваюць цяпер выдаўцоў ад публікацыі любой беларускай паэзіі — а раптам напоруцца на новых пранчакоў?

«У мяне ж наклад невялікі, я для дзяцей выдаў»

Іншы выдавец расказаў «НН», што таксама вымушана меў справу з Пранчаком. Але паколькі вершаў, да якіх узніклі прэтэнзіі, было няшмат, гісторыя скончылася для яго невялікімі стратамі. 

«Ён судзіцца з усімі. 

Памятаю, адзін знаёмы кнігу выдаў, прыйшоў да мяне хваліцца, а я адразу пытаюся: а Пранчак там ё? Ё, кажа. Ну ўсё, адказваю, убачыць — засудзіць. Ды не можа быць, ён жа патрыёт! Ага, кажу, быў патрыётам, а стаў ідыётам.

Так і сталася — потым той чалавек прасіў Пранчака супакоіцца, маўляў, я ж пенсіянер, грошай няма, выдаў за свае ў асветніцкіх мэтах, але дзе там», — узгадвае ён.

Не красуе і не жыве

Чарга дайшла і да «Нашай Нівы». Першай беларускай газеце паэт выкаціў шматстаронкавы спіс прэтэнзій — і ўсё з-за аднаго верша «Жыве Беларусь».

«Жыве Беларусь! Веру, будзе жыць заўсёды! Святло Пагоні будзе сэрцы нашы акрыляць» — песню з такімі натхняльнымі словамі многія патрыятычныя беларусы лічаць годнай альтэрнатывай цяперашняму дзяржаўнаму гімну. 

У 2006 годзе «НН» апублікавала ліст чытача з Мядзела «Не красуе, але жыве!». «Падаю тэкст, каб можна было падпяваць, як пачуеце яе на радыё», — такую матывацыю 12 гадоў таму прывёў чытач з Мядзела і з захапленнем пераказаў пачутую ім ад кагосьці гісторыю стварэння песні «Жыве Беларусь!». Цяпер, на думку паэта, той чытач мусіць адказаць перад законам і перад ім, Леанідам Пранчаком.

Спадзяваўся Пранчак атрымаць грошы і з блогера Алеся Чайчыца, які ў 2011 годзе напісаў пост «Якая песня павінна быць гімнам Беларусі?». Варыянтаў у тым допісе было прапанавана шмат — «Магутны Божа», «Пагоня», «Развітанне з Радзімай»… А таксама песня Пранчака. 

«Гэты гімн, на маю думку, ідэальны: мажорная, не складаная, але прыкметная мелодыя, ад якой нязменна падвышаецца настрой. Выдатны тэкст з адсылкамі да іншых гістарычны гімнаў, пералічаных вышэй. Мяне асабліва кранае радок «нас нядоля не здалела» — без перабольшання самы «беларускі» дэвіз. Вось гэта твор, сапраўды дастойны быць гімнам Беларусі. Мой голас — за гэты гімн», — выказаўся Чайчыц.

У аднайменнай апытанцы «Якая песня павінна быць гімнам Беларусі?» на сайце «Нашай Нівы» «Жыве Беларусь» заняло другое месца. 

Але творцу не патрэбны кампліменты. Яму трэба грошы.

Леанід Пранчак указваў у пазове, што, калі яго першасныя патрабаванні не будуць выкананыя, ён запатрабуе з «Нашай Нівы» $7000 кампенсацыі. І ўсё гэта, нагадаем, за адзін толькі верш, што ўдзельнічаў у адкрытым конкурсе на гімн Беларусі! Па меры набліжэння да фіналу судовай справы паэт прапаноўваў усё меншыя сумы адкупнога за «міравое пагадненне». «20 базавых, і разыходзімся», — прапаноўваў ён на апошнім пасяджэнні.

Судовая эпапея цягнулася ўсю вясну. У выніку суддзя Інна Цысік вынесла вердыкт: Пранчак пабагацее на 201 рубель і 75 капеек.

Сам Пранчак выказаць сваю пазіцыю нам адмовіўся, спаслаўшыся, што ў яго «няма часу». Неўзабаве Вярхоўны суд пачне разгляд чарговых спраў па ягоным пазове.

Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», вынікам бурнай дзейнасці Пранчака стане тое, што неўзабаве ў заканадаўства будуць ўнесеныя змены, згодна з якімі ніжэйшая планка кампенсацыі будзе зменшана да 1 базавай велічыні. Гэта створыць натуральны бар’ер для серыйных скаржнікаў — ім стане проста нявыгадна бясконца падаваць у суд.

Браніслаў Юрэвіч, АЯ

122
Яўген / Адказаць
10.06.2018 / 03:40
Сорамна за такіх " суайчыннікаў"
62
Бур'ян Лугавы / Адказаць
10.06.2018 / 06:12
Эўтэрпе я служу
За 2 рыфмы засужу 
114
Цынік / Адказаць
10.06.2018 / 06:13
Прозвішча Пранчак не ад беларускага слова "пранцы" выпадкам пайшло? То бок французскі насмарк, венерычная хвароба...
Паказаць усе каментары/ 91 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру