Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь 28 кастрычніка 2008 г. уводзіць у абарачэнне памятныя манеты «Дзяды» серыі «Святы і абрады беларусаў»:

і

срэбную — наміналам 20 рублёў, пробай сплаву 925, масай 33,62 г, дыяметрам 38,61 мм;

медна‑нікелевую — наміналам 1 рубель, масай 16,00 г, дыяметрам 33,00 мм.

Манеты маюць форму круга, з пярэдняга і адваротнага бакоў — выступаючы кант па акружнасці. Бакавая паверхня манет рыфлёная. Паверхня манет аксідзіравана.

На пярэднім баку манет размешчаны: у крузе, абрамленым геаметрычным арнаментам, — рэльефная выява Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь; у цэнтры — салярны знак у выглядзе васьміканцовай геаметрычнай фігуры з элементамі дэкору, які сімвалізуе сонечныя промні; пад ім указаны: год чаканкі, на срэбнай манеце — проба сплаву; па крузе надпісы: у верхняй частцы — РЭСПУБЛІКА БЕЛАРУСЬ, у ніжняй — ДВАЦЦАЦЬ РУБЛЁЎ (на срэбнай) і АДЗІН РУБЕЛЬ (на медна‑нікелевай).

На адваротным баку манет размешчаны: у цэнтры — інтэр’ер вясковай хаты, у якой праз адчыненыя дзверы відаць стол, накрыты для памінання памерлых; уверсе — над уваходам у хату два анёлы трымаюць свечку (на срэбнай манеце ўстаўка з сінтэтычнага крышталя аранжавага колеру, якая імітуе полымя); уверсе і па баках — рэльефныя элементы беларускага нацыянальнага арнаменту; унізе па крузе надпіс: ДЗЯДЫ.

Срэбныя і медна‑нікелевыя манеты адчаканены якасцю «анцыркулейтэд», тыражом па 5000 штук кожная.

Памятныя манеты, што ўводзяцца ў абарачэнне, з’яўляюцца законным плацежным сродкам Рэспублікі Беларусь, абавязковым да прыёму па намінальным кошце пры ўсіх відах плацяжоў без усялякіх абмежаванняў.

nbrb.by

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0