29.05.2018 / 22:56

«Я яго не біў, гэта былі дотыкі». У Барысаве судзяць старшага лейтэнанта 14

У Барысаве пачаўся чарговы суд над вайскоўцам 72-га гвардзейскага Аб'яднанага навучальнага цэнтра ў Печах. Падсудны — старшы лейтэнант Глеб Чайкоўскі. Абвінавачванне яму прад'яўлена па ч.1, ч.2 арт. 455 КК — «Злоўжыванне ўладай, спалучанае з гвалтам», паведамляе Tut.by.

Абвінавачаны Глеб Чайкоўскі. Фота: Кацярына Панцялеева.

Па версіі абвінавачвання, Чайкоўскі біў вайскоўцаў нагой, сапёрнай лапаткай, металічнай антэнай, драўлянай палкай.

Па справе праходзяць 17 пацярпелых. 29 мая іх не выклікалі. У справе каля 16 эпізодаў.

Усё адбывалася ў ліпені-жніўні 2017 года. Глеб удакладніў, што было гэта на танкадроме падчас заняткаў па ваджэнні, якія ён праводзіў.

Глеб не адмаўляецца даваць паказанні. Падчас допыту ён падрабязна спыняецца на кожным эпізодзе. Не выключае, што ў некаторых радавых былі прычыны яго агаворваць.

Глеб не адмаўляе, што шасцёра салдат, з якімі ён у гэты перыяд працаваў, былі «праблемнымі».

Адзін з эпізодаў адбыўся, калі ў салдатаў было першае ваджэнне. Упершыню сутыкаючыся з вялікай тэхнікай, тлумачыць абвінавачваны, радавыя часта нервуюцца. Нерваваўся і К. Каб падбадзёрыць яго, Чайкоўскі пачаў размову. Падчас размовы яны, працягвае Глеб, успомнілі фільм «У 47 роце». І ў іх нарадзілася фраза: вытрымаеш ты, К., 47 удараў антэнай-указкай за «сучку»? Пад «сучкай» меўся на ўвазе пэўны від тэхнікі.

— Як гэта — удары за тэхніку? — удакладніў дзяржабвінаваўца.

— Ну, а як дэсантнікі б'юць бутэлькі аб галаву за ВДВ.

— Вы спрабавалі перавесці страх на боль?

— Я яго не біў, гэта былі дотыкі. Пасля 22 удараў ён сказаў: «Досыць», — і я перастаў… Самае галоўнае, яму не было балюча, — апісвае тое, што адбылося абвінавачаны.

Дарэчы, гэта быў не адзіны выпадак, калі Чайкоўскі выкарыстоўваў металічную антэну. У сувязі з гэтым суддзя спытаў: «Чаму ў вас былі масавыя дотыкі антэнай?»

— Яна ў мяне заўсёды была ў руках, — адказаў абвінавачаны.

Пры гэтым ён паведаміў, што «часта дотыкі былі выпадковымі». Акрамя таго, «салдаты пасля гэтага да лекараў не звярталіся і не кульгалі».

1
Пацыфіст / Адказаць
29.05.2018 / 23:17
Фенаменальныя тлумачэнні!!!
1
З...лы беларус / Адказаць
30.05.2018 / 08:03
У расеі кізякі нагайкамі таксамада грамадзян толькі « дотрагівалісь» ... гэны Глеб не з кізячага племяні выпадкова?
1
Марад / Адказаць
30.05.2018 / 08:15
Тебя, падла, родители порвут.
Паказаць усе каментары/ 14 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру