«Сёння ўсеагульны апошні званок у «Мінск-Арэне». Калі дзеці не могуць там быць, мы абавязаны пісаць заяву і інфармаваць кожныя дзве гадзіны аб месцы іх знаходжання», — распавядаюць TUT.BY мінчукі, чые дзеці сёння сканчаюць 11 клас.
Мама адзінаццацікласніка Юлія падзялілася ў фэйсбуку ўзорам заявы, якую папрасіла напісаць класная кіраўніца. На 30 мая ў іх з сынам былі іншыя планы, таму ён не зможа быць на рэспубліканскім свяце апошняга званка. Юлія павінна была пісьмова пацвердзіць, што бярэ на сябе «поўную адказнасць» за месца знаходжання дзіцяці, а таксама яго жыццё і здароўе.
— Мне проста далі ўзор і сказалі напісаць такую вось заяву, каб сын мог не прысутнічаць на свяце. Падобныя заявы пішуць ва ўсіх школах, не толькі ў нашай. Але даваць справаздачу кожныя дзве гадзіны я дакладна не збіраюся.
У камітэце па адукацыі Мінгарвыканкама пацвердзілі: патрабаванні пісаць заяву і паведаміць пра месцазнаходжанне дзіцяці сапраўды ёсць. Тлумачацца яны ў першую чаргу бяспекай дзяцей.
— Калі раптам адно дзіця з класа едзе з бацькамі, то так, у такім выпадку бацькі пішуць заяву, што па такіх прычынах ён будзе знаходзіцца з імі. І, натуральна, бацькі нясуць адказнасць за дзіця, яго бяспеку, — тлумачыць Надзея Вялікая, намеснік начальніка аддзела па выхаваўчай і ідэалагічнай рабоце камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама. — Сем'і бываюць розныя. Паколькі кожную сям'ю мы не ведаем як адкрытую кнігу, то павінна быць заява ад бацькоў [і пацвярджэнне], што дзіця знаходзіцца не адзін на вуліцы, што дзіця знаходзіцца з імі. Мы сёння клапоцімся аб дзецях і ў першую чаргу пра іх бяспеку. Мы хочам, каб апошні званок запомніўся. Гэта іх свята. Галоўнае — гэта дзіця.